Вы тут

Дзяды, якія нас вызвалялі


У паездку пад Оршу мяне паклікалі сумныя і адначасова светлыя падзеі, якія інакш, як рэхам вайны, і не назавеш. Упершыню за 70 гадоў на воінскія магілы павінны былі прыехаць нашчадкі салдат. Прыехаць здалёк, за некалькі тысяч кіламетраў — з Казахстана, Татарстана і Бранскай вобласці Расіі. Кранала і тое, што імёны гэтых невядомых салдат былі высветлены не прафесіяналамі, а намаганнямі падлеткаў і моладзі Аршанскага ваенна-патрыятычнага клуба «Русічы», якому сёлета споўнілася 25 гадоў.

1383369258530_1

Дзякуючы «Русічам» 9-гадовы хлопчык Дзяніс Іванюшын (на фотаздымку) цяпер будзе ведаць дакладнае месца апошняга прыстанку свайго прапрадзеда Дарафея Цімафеевіча Панізава, які загінуў пры вызваленні беларускага горада Орша ў чэрвені 1944 года. Хлопчык прыехаў сюды з далёкага пасёлка Дубраўка Бранскай вобласці. Цяпер ад яго самога будзе залежаць далейшае захаванне памяці пра свайго гераічнага родзіча.

Памятаць продкаў нас абавязваюць не толькі Дзяды, Радаўніца і Дні Перамогі.

Далёкая дарога з Казані

52-гадовы татарын Айрат Галівулін прыехаў у Оршу, каб наведаць магілу свайго дзеда Самігулы Галівуліна. Айрат ужо быў тут аднойчы, але хацеў, каб і яго сын Дамір убачыў святы куточак беларускай зямлі. 21-гадовы студэнт не хаваў пачуццяў: паездка ў Беларусь стала вялікай падзеяй яго жыцця — і ад гонару за свайго адважнага прадзеда-абаронца, сапраўднага героя, за тое, што імя яго выкраслена з ліку невядомых і пазначана на абеліску. Хоць і адольваў смутак, што прадзед ляжыць за тысячы кіламетраў ад роднай зямлі.

1383369262725_2

Айрат і Дамір прыехалі з Казані. Яны ўжо ведалі, што Самігула Галівулін быў на вайне ад самага яе пачатку, што ў 1941-м яму споўнілася 30 гадоў. Ён быў наводчыкам гарматы-саракапяткі, быў тройчы паранены. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны, медалём «За адвагу». Служыў у 67-м артылерыйскім палку 15-га гвардзейскага стралковага корпуса 33-й Арміі Заходняга фронту. Той самай 33-й арміі, якая адной з першых панесла ці не самыя вялізныя страты асабовага складу. Восенню 1943 года ў ходзе Смаленскай аперацыі Чырвоная Армія выйшла на ўсходнія рубяжы Беларусі, дзе сустрэла жорсткі адпор варожых войскаў. Камандаванне імкнулася любым коштам прарваць лінію фронту, не шкадуючы нікога і нічога. Смяротнае кравапраліцце ішло літаральна за кожны метр зямлі. Свой апошні ліст з фронту, у якім паведамляў, што знаходзіцца на перадавой, артылерыст адаслаў 23 лістапада 1943 года. Больш ніякіх звестак пра яго не было. Ажно цэлых 65 гадоў, да часу, пакуль лёс не звёў Айрата Галівуліна з аршанскім клубам «Русічы».

Дзякуючы пошукавай працы «Русічаў» стала вядома, дзе, калі і пры якіх абставінах загінуў Самігула Галівулін, дзе ён пахаваны. Яшчэ ў 1993 годзе падчас раскопак «Русічы» знайшлі месца гібелі камандзіра батальёна капітана Мікалая Загарулькі, які загінуў 3 снежня 1943 года. Высветлілася, што ў той дзень загінула ўсё падраздзяленне, у тым ліку і татарын з-пад Казані Самігула Галівулін.

Спачатку воін быў пахаваны на месцы гібелі, пазней перапахаваны ў «Рыленках» — мемарыяльным комплексе на самай мяжы Беларусі і Расіі. Пасля вайны палеглых на тэрыторыі Дубровенскага раёна з невялікіх брацкіх пахаванняў перанеслі ў брацкую магілу каля вёскі Рыленкі. Многія імёны памылкова згубіліся і страціліся. А Галівуліным пашанцавала: імя іх роднага чалавека было адліта на адной з 164 пліт мемарыяла.

1383369265334_3

Ён вызваляў Оршу і Беларусь

Таццяна Іванюшына, 55-гадовая жыхарка пасёлка Дуброўка Бранскай вобласці, і яе стрыечныя браты Віктар Ламакаў і Уладзімір Панізаў прыехалі на магілу дзеда Дарафея Цімафеевіча Панізава. У 1985 годзе Віктар Ламакаў ужо наведваў Оршу разам з маці — дачкой Дарафея. Але тады знайсці апошні прыстанак воіна ім не ўдалося. Праз шмат гадоў за пошукі ўзялася сама Таццяна, ёй удалося выйсці на клуб «Русічы». Доўгая карпатлівая праца дала нарэшце вынікі, і месца пахавання было знойдзена.

І вось нашчадкі стаяць каля дзедавай магілы, упершыню за 70 гадоў схіляюць галовы, аддаюць яму паклон ад імя ўсіх родных, якія не дажылі да гэтага радаснага і адначасова сумнага дня. Па-свойму яны шчаслівыя, бо колькі яшчэ тых, хто ўжо ніколі не даведаецца пра апошні прытулак сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў.

Што яны ведалі пра роднага чалавека, калі ехалі з расійскай глыбінкі на беларускую зямлю, шчодра палітую крывёю салдатаў многіх нацыянальнасцяў? Бадай нічога, апроч таго, што Дарафей Панізаў быў прызваны на фронт у 1943 годзе. Ды з паведамлення ў пахаванцы пра тое, што памёр ад ран у аршанскім шпіталі 31 ліпеня 1944 года і пахаваны ў магіле № 31. Дзе быў той ваенны шпіталь і тая магіла, ніхто ім дакладна патлумачыць не мог. У свой час, калі на аршанскіх могілках ствараўся мемарыял, усе нумарныя пахаванні былі знесены ў адну вялікую брацкую магілу.

Удава Дарафея Панізава Аляксандра, якая таксама збіралася прыехаць у Беларусь, але так і не здзейсніла гэтай паездкі, пражыла 93 гады, перажыўшы 46-гадовага мужа (столькі яму было, калі загінуў) роўна ўдвая.

Разам з Таццянай Іванюшынай у Оршу прыехаў яе ўнук Дзяніс. Дзевяцігадовы хлопчык трымаў у руках рэпрадукцыю партрэта свайго гераічнага прапрадзеда, яшчэ не ўсведамляючы, што яго імя, па сутнасці, вернута з нябыту. На гэтых аршанскіх могілках пахавана каля 29 тысяч салдат вайны, з якіх вядома толькі каля 500 імёнаў. З вяртаннем імя Дарафея Панізава іх стала болей.

1383369269498_4

Жменя роднай зямлі

Жыхар казахскага горада Уральска Жайлыкан Маданаў ужо не спадзяваўся знайсці месца пахавання свайго дзядзькі-франтавіка Алі Маданава. Таму што ў іх сям'і, акрамя Алі, яшчэ тры браты пайшлі на вайну, і два з іх таксама прапалі без вестак. Але ў 2007 годзе ў Казахстан прыйшла нечаканая вестка: знойдзена месца гібелі і пахавання Алі Маданава. Гэтую вестку даслаў пошукавы клуб «Русічы». Няпроста было пакінуць усе справы і паехаць у Беларусь, пераадольваючы шлях амаль у тры тысячы кіламетраў. Але цяпер, адгукнуўшыся на просьбу «Русічаў» прыняць удзел у 25-годдзі стварэння клуба, Жайлыкан прыехаў у Оршу. Разам з ім прыехала Кайсын Хаусава, нявестка загінуўшага Алі Маданава. Свайго свёкра яна бачыла толькі на даваенных фотакартках (гэтыя карткі яна захапіла з сабою). Марыў прыехаць у Беларусь на магілу свайго бацькі і муж Кайсын, але ён памёр чатыры гады таму.

1383369273302_5

І вось толькі цяпер, амаль праз сем дзесяцігоддзяў, на ўскраіне беларускай вёскі Кудаева нарэшце адбылася гэтая цяжкая і доўгачаканая сустрэча. Жайлыкан і Кайсын прывезлі на магілу роднага чалавека па жменьцы казахскай зямлі. У слязах 76-гадовай жанчыны было столькі горычы ад неперажытай крыўды за страты, якія ёй прынесла вайна, за пакуты безбацькоўскага дзяцінства, за ўсіх сваіх землякоў, што шчодра палілі крывёю расійскія і беларускія землі. За свайго свёкра Алі, на магіле якога яшчэ ніхто дагэтуль не прараніў ніводнай слязінкі. І ад пачуцця выкананага перад мужам абяцання прыехаць сюды. Якімі хвалюючымі і адначасова радаснымі былі хвіліны, калі Жайлыкан і Кайсын слухалі гісторыю адкрыцця 58 імёнаў палеглых воінаў, сярод якіх быў і малодшы лейтэнант, камандзір узвода 36-гадовы Алі Маданаў. Распавядаў кіраўнік клуба «Русічы» Рыгор Шарай:

— Родныя радавога Ільі Меркітанава, пра якога паведамлялася ў пахаванцы, звярнуліся ў Дубровенскі райваенкамат, але там пра вёску Кудаеўскі Засценак, дзе загінуў баец, нічога не ведалі. Вёска Кудаева аказалася ў Аршанскім раёне. «Русічы» правялі пошукі і сапраўды пацвердзілася, што на краі гэтай вёскі захаваліся абрысы воінскага пахавання. Далейшая праца ў Падольскім ваенным архіве праліла свет на больш поўную гісторыю гібелі апошніх воінаў 427-га стралковага палка. Высветлілася, што ў ноч з 25 на 26 чэрвеня 1944 года 427-ы стралковы полк 192-й стралковай дывізіі 31-й арміі 3-га Беларускага фронту прарываў нямецкую абарону ў 600 метрах на захад ад вёскі Кудаеўскі Засценак. Да горада Оршы заставалася ўсяго тры кіламетры. Загінуў увесь стралковы полк. А гэта ж была толькі трэцяя наступальная ноч аперацыі «Баграціён»...

У 2004 годзе пры ўдзеле выхаванцаў клуба «Русічы» брацкая магіла ў вёсцы Кудаева была прыведзена ў належны стан, усталявана пліта з імёнамі ўсіх загінулых.

1383369277457_6

Хто вы, «Русічы»?

Аршанскі ваенна-патрыятычны клуб «Русічы» створаны 5 мая 1988 году рашэннем педагагічнага савета прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 110. Ініцыятарам быў выкладчык гісторыі Рыгор Шарай. Цяпер клуб адносіцца да аршанскага Цэнтра фізічнай культуры, турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, уваходзіць у Беларускую асацыяцыю клубаў ЮНЕСКА. Пачынаў з пошукавай работы і першую экспедыцыю ў месцах баёў правёў ужо ў маі таго ж года. Адразу былі знойдзены астанкі 11 невядомых байцоў. На працягу 1988—1994 гадоў «Русічы» здзяйснялі штогод па 6-7 пошукавых экспедыцый на тэрыторыях Аршанскага і Дубровенскага раёнаў. Сёлета «Русічам» споўнілася 25 гадоў. За гэты час з акопных магіл у брацкія імі было перазахавана 1200 салдат і афіцэраў Чырвонай арміі. А яшчэ, працуючы з архіўнымі дакументамі, «Русічам» удалося ўстанавіць шэсць тысяч (!) раней невядомых прозвішчаў.

— Адшукваць астанкі воінаў — гэта толькі пачатак шляху, — кажа Рыгор Шарай. — Не менш важная і складаная работа — па захаваных прадметах (медальён, баявая ўзнагарода, надпіс на армейскай лыжцы альбо кацялку...) знайсці сляды невядомага героя, яго родных і блізкіх, жывых аднапалчан, выкрасліць яго імя з ліку безыменных, перапахаваць пад уласным імем у брацкай магіле. Гэта і ёсць канчатковая мэта пошукаў.

Задача клуба «Русічы» — данесці памяць пра вайну да кожнага юначага сэрца, не проста навучыць падлеткаў вайсковай справе, а выхаваць з іх сапраўдных патрыётаў, грамадзян краіны. У клубе вучаць шанаваць гераізм нашых дзядоў, бацькоў, ганарыцца імі, захоўваць у сэрцах памяць пра іх вялікі подзвіг. За чвэрць стагоддзя школу клуба прайшлі больш за 2500 аршанскіх падлеткаў, не толькі хлопчыкаў, але і дзяўчатак таксама.

«Русічы» ўдзельнічаюць у цырымоніях ускладання вянкоў і перазахаванні астанкаў, на добраўпарадкаванні брацкіх магіл, на ўзвядзенні капліц і помнікаў. Не абышлося без іх удзелу і цяпер. Суправаджаючы родных з Казані, казахскага Уральска і Бранскай вобласці, яны ўрачыста ўскладалі вянкі.

Цяпер у клубе каля 100 чалавек, сярод якіх навучэнцы гарадскіх школ, каледжаў і нават студэнты ВНУ. Напрыклад, студэнтка Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Кацярына Вярэм'ева, якая ў клубе ўжо 4 гады. За актыўную ваенна-патрыятычную працу, захаванне гістарычнай памяці і пошукавую дзейнасць яна ўзнагароджана расійскімі медалямі «За вернасць абавязку і Айчыне», адзначана падзякамі ад Беларускай Праваслаўнай Царквы, дыпломамі вядомых расійскіх грамадскіх арганізацый, дыпломам ЮНЕСКА. Цяпер Кацярына з'яўляецца намеснікам старшыні клуба.

Чвэрць стагоддзя таму і мне самому давялося ўдзельнічаць у некалькіх пошукавых экспедыцыях разам з «Русічамі», бываць на перазахаваннях у мемарыяльным комплексе «Рыленкі», на якім, па розных звестках, пахавана амаль 20 тысяч воінаў-чырвонаармейцаў. Кажу «амаль», таму што гэтыя звесткі недакладныя. Дакладнага падліку няма. Ніколі не сатрэцца з памяці паляна сярод дубровенскіх балот, на якой былі выкладзены астанкі дзясяткаў непахаваных і невядомых воінаў, выкапаныя падлеткамі з «Русічаў». Не забываюцца слёзы жанчыны з Украіны, якая, упершыню трапіўшы ў Рыленкі, цалавала абеліск з імем яе бацькі. І працяглыя гудкі электрычак і цягнікоў, якія кожны раз спынялі хаду каля «Рыленкаў».

Але найбольш мяне ўражвала неймаверная ўпэўненасць Рыгора Шарая — нязменнага кіраўніка «Русічаў», што не сотні, а тысячы невядомых імёнаў будуць абавязкова вернуты з нябыту. Ён не мог спакойна глядзець на тое, што ў палях аршанскага Прыдняпроўя і ў багне дубровенскіх балот дагэтуль застаюцца ляжаць ахвяры, многіх з якіх і цяпер чакаюць з вайны.

Анатоль Кляшчук, фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.