Вы тут

Яшчэ адзін крок «Дынама»


Вікторыя Азаранка скончыла сезон з траўмай. Футбольнае «Дынама» разграміла «Гомель». А Уладзімір Самсонаў зноў гучна нагадаў пра сябе. «Звязда» ўспамінае самыя яркія спартыўныя падзеі мінулага тыдня.

1383037024813_29-19

1. За чатыры туры да заканчэння чэмпіянату Беларусі па футболе мінскае «Дынама» аддзяляе пяць ачкоў ад другога месца. У матчы 28 тура падапечныя Роберта Маасканта з буйным лікам перайгралі «Гомель» — 4:1. Уругвайскі форвард бела-сініх Эрнан Фігарэда, дарэчы, паражае вароты гамяльчан у пятым матчы запар. Пасля сустрэчы галандскі трэнер падсумаваў выступленне сваіх футбалістаў, а таксама выказаў нараканні наконт судзейства: «Чакалі, што «Гомель» будзе дзейнічаць агрэсіўна, таму зрабілі акцэнт на граматнай пазіцыйнай гульні. А хуткі гол Канцавога спрасціў задачу. Адзінае, чым незадаволены, — гол з пенальці. Думаю, пасля таго, як лік стаў 3:0, футбалісты трошкі расслабіліся і дазволілі саперніку стварыць некалькі момантаў. І зусім незразумела, чаму арбітры не рэагавалі на сітуацыі, калі гамяльчане былі ў афсайдзе. Менавіта ў такіх матчах і трэба забіваць больш, чым атрымліваецца... каб перастрахавацца».

Неблагія перспектывы мінчан на другое месца адкрыліся пасля пятага запар паражэння іх прамога канкурэнта — салігорскага «Шахцёра». У гасцявым матчы гарнякі саступілі «Тарпеда»-БелАЗу. Напрыканцы сустрэчы гол у вароты Эдуардаса Курскіса забіў Вячаслаў Глеб. А вось лідар турнірнай табліцы БАТЭ саступіў «Нёману». Перамогу гродзенцам прынёс камерунскі паўабаронца Гі Эсаме, паразіўшы вароты жоўта-сініх.

Адзначым астатнія вынікі 28-га тура: бабруйская «Белшына», якая ўжо гарантавала сабе месца ў вышэйшай лізе ў наступным сезоне, перайграла «Славію» — 1:0, «Днепр» разграміў брэсцкае «Дынама» — 3:0, а «Нафтан» аказаўся мацнейшым за «Мінск» — 2:1.

2. Хакейнае «Дынама» нарэшце адчула смак перамогі. У хатнім матчы «зубры» перайгралі хабараўскі «Амур» — 3:2. Менш чым за дзве хвіліны да заканчэння матча бела-сінія саступалі 1:2, але трапны кідок Аляксея Калюжнага перавёў высвятленне адносін паміж камандамі ў авертайм. Але і дадатковы час не выявіў пераможцу. Тым не менш, па серыі булітаў вікторыю святкавалі падапечныя Аляксандра Андрыеўскага. Вырашальную шайбу ў вароты хабараўцаў закінуў Збынек Іргл. З дваццацю ачкамі «зубры» па-ранейшаму займаюць перадапошняе месца ў заходняй канферэнцыі.

3. Не вельмі ўдала выступілі беларускія цяжкаатлеты на чэмпіянаце свету ў Польшчы. Па суме дваябор'я нашы спартсмены заваявалі два бронзавыя медалі. У вагавой катэгорыі да 69 кг вылучылася Дзіна Сазанавец, у катэгорыі звыш 75 кг — Кацярына Шкуратава. У мужчынскай частцы спаборніцтваў бліжэй усіх да п'едэстала аказаўся Аляксандр Макаранка. У вагавой катэгорыі да 94 кг беларус заняў чацвёртае месца, саступіўшы 6 кг бронзаваму прызёру з Казахстана.

4. У вырашальнай сустрэчы за выхад у паўфінал выніковага турніру, які праходзіў у Стамбуле, Вікторыя Азаранка саступіла кітайскай тэнісістцы На Лі — 2:6 1:6. У сярэдзіне першага сэта беларуска адчула боль у сцягне, але аніякія маніпуляцыі медыкаў не дапамагалі. Тым не менш спартсменка вырашыла не адмаўляцца ад працягу барацьбы і дагуляла матч фактычна «на адной назе». Сезон Вікторыя Азаранка скончыла на другім месцы ў рэйтынгу і з трыма тытуламі ў актыве — у Мельбурне (адкрытае першынство Аўстраліі па тэнісе), Досе і Цынцынаці. Прычым на апошніх двух турнірах у фінале беларуска перамагла Серэну Уільямс, якая сёлета праводзіла свой лепшы сезон у кар'еры.

5. Уладзімір Самсонаў стаў сярэбраным прызёрам розыгрышу Кубка свету па настольным тэнісе. У паўфінале беларускі спартсмен разграміў другую ракетку турніру, немца Ціма Боля — 4:0. А вось у вырашальным матчы Самсонаву ніякіх шанцаў не пакінуў кітаец Сю Сінь, які займае другое месца ў сусветнай класіфікацыі. Нагадаем, за сваю кар'еру Уладзімір Самсонаў тройчы выйграваў Кубак свету, дзе традыцыйна спаборнічаюць 20 лепшых тэнісістаў з усіх кантынентаў.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».