Вы тут

Ад інтэграваных тэстаў адмовіліся. Ці канчаткова?


«У новай рэдакцыі правіл прыёму ў ВНУ і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, што знаходзіцца цяпер на разглядзе ў Савеце Міністраў і Адміністрацыі Прэзідэнта, змяненняў у структуры тэставых іспытаў на наступны год не прадугледжана, — запэўніла журналіста «Звязды» прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Юлія ВАНІНА.

Упершыню ідэя ўвядзення інтэграваных тэстаў была агучана крыху больш як год назад. Яе аўтары прапаноўвалі аб'яднаць у адным тэсце рускую і беларускую мову, а ў другім — гісторыю Беларусі, сусветную гісторыю і грамадазнаўства. Логіка простая: чым шырэйшы набор экзаменацыйных дысцыплін у абітурыента на руках, тым большыя ў яго і магчымасці для выбару спецыяльнасці. І тым карацейшая экзаменацыйная кампанія.
Аднак у апанентаў гэтай ідэі адразу ўзнікла шмат пытанняў. Напрыклад, як за 90 хвілін можна праэкзаменаваць веды адразу па трох дысцыплінах? Тым больш што аб'яднанне некалькіх прадметаў ЦТ у адным тэсце не дазволіць дакладна высветліць за адведзены час узровень ведаў абітурыента ні па адным з прадметаў. А як можна ў адным тэсце аб'ядноўваць рускую і беларускую мову, калі моўная сітуацыя ў краіне такая, што нават у школах не рэкамендуецца ставіць у раскладзе побач урокі па рускай і беларускай мовах? Школьныя настаўнікі папярэджвалі, што, выконваючы заданні інтэграванага тэста, дзеці абавязкова сутыкнуцца з цяжкасцямі, звязанымі з пераходам ад адной да другой дзяржаўнай мовы.
Нагадаем, што ў апошнія гады цэнтралізаванае тэсціраванне праводзілася ў Беларусі па 14 дысцыплінах. Юлія Ваніна пацвердзіла той факт, што прагучала прапанова ўніфікаваць пры падачы дакументаў на роднасныя спецыяльнасці набор сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання. Таму сёння ў Міністэрстве адукацыі паралельна з падрыхтоўкай новых правіл прыёму ў ВНУ і ССНУ пераглядаецца і пералік экзаменацыйных дысцыплін пры паступленні на роднасныя спецыяльнасці.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?