Вы тут

Навошта «футры» цагляным дамам?


Гэта і іншыя нестандартныя пытанні падчас «прамой лініі» ў Віцебскім гарвыканкаме пачуў Ігар МАРШАЛАЎ, намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю — дырэктар Дэпартамента фінансавых расследаванняў. На сваю пасаду ён быў прызначаны сёлета ў жніўні. Віцебск стаў першым з абласных цэнтраў, дзе Ігар Маршалаў выслухоўваў людзей па тэлефоне і прымаў асабіста.
Першым патэлефанаваў былы супрацоўнік МУС, які папрасіў паспрыяць... уладкаваць на працу ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў сваю дачку — эканаміста па адукацыі.

Адным з самых эмацыянальных быў зварот жанчыны, якая падзялілася думкамі наконт уцяплення фасадаў цагляных дамоў. Маўляў, гэта ж эканамічна немэтазгодна, прычым «футры» дрэнна ўплываюць на здароўе людзей, якія жывуць у кватэрах, бо павышаецца тэмпература, а вільготнасць нікуды «не выходзіць». Калі ўжо так трэба, лепш уцяпляць панэльныя дамы, дзе людзі мерзнуць. Дарэчы, як адзначыла адна з адказных асоб, аналіз мер па ўцяпленні дамоў насамрэч паказаў, што эканамічная выгада ад «футраў» мінімальная. А начальнік аддзела гарвыканкама, які адказвае за архітэктуру, у сваю чаргу, адзначыў, што «футры» на дамах ва ўсёй Беларусі з'яўляюцца. Чым Віцебск горшы?
На асабісты прыём прыйшла і Лілія Віктараўна з Віцебска. Яна не згодна з адмовай унітарнага прадпрыемства «Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі» перадаць ёй ва ўласнасць кватэру, якую яна прыватызавала ў 2009 годзе. Кошт кватэры пагасіла, выплаціўшы за прыватызацыю 20 мільёнаў рублёў. Але цяпер патрабуюць яшчэ столькі ж. І тлумачаць гэта тым, што пры разліках памыліліся, указалі заніжаны кошт жылля. Свой промах чыгунка прызнае, але...
— Мне адказалі, што, калі не даплачу, анулююць прыватызацыю, і буду па-новаму прыватызаваць. Ці маюць яны рацыю? Куды толькі ні звярталася, ніхто мне не дапамог, — падзялілася бядой жанчына.
Падчас прыёму ёй параілі паспрабаваць абараніць свае правы ў абласным судзе, дзе дадуць ацэнку ўсім дакументам, яе довадам... Тым больш, што на чыгунцы прызнаюць сваю памылку.
Пенсіянерка з Віцебска 1,5 года пражывала ў пабудаванай 2-пакаёвай кватэры без рэгістрацыі. А ўсё таму, што пасля павелічэння кошту «квадрата» ёй неабходна даплаціць 40 мільёнаў рублёў. Высветлілася, што ў свой час яна прадала старую кватэру і пералічыла неабходную суму для будаўніцтва новай. Але, падпісваючы дамову на будаўніцтва, не звярнула ўвагу на запіс аб тым, што канчатковы кошт разлічваецца пасля ўводу жылля. І ў выніку атрымаўся вялікі доўг. Між іншым, у гарвыканкаме раней паспрабавалі вырашыць гэтую праблему: штомесяц пажылой жанчыне трэба выплачваць усяго па 200 тысяч рублёў. Але, паводле яе слоў, і гэтыя, у наш час невялікія, грошы для яе — значная сума.
— Вынеслі ў судзе рашэнне — прапісацца нам (з сынам. — Аўт.) у новай кватэры, а доўг, 40 мільёнаў, так і «цягнецца». Дапамажыце, каб з пенсіі грошай не вылічалі, паколькі пенсія невялікая і ў многім прыходзіцца сабе адмаўляць, — папрасіла пенсіянерка.
— Грамадзянам быў растлумачаны парадак існуючага заканадаўства. Шэраг пытанняў, якія датычыліся непасрэдна дзейнасці органаў фінансавых расследаванняў, будуць дадаткова правераны. Іншыя пытанні ўжо разглядаюцца ў судзе. Астатнія перададзены на разгляд мясцовай уладзе, — сказаў прадстаўнікам СМІ Ігар Маршалаў, каментуючы вынікі прыёму грамадзян. — Калі закон на баку тых, хто звярнуўся, зробім усё, каб дапамагчы.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».