Вы тут

Адпачыць «дзікуном» у Іспаніі


паспрабаваў карэспандэнт «Звязды», і вось што з гэтага атрымалася Адпачываць на моры мы з сябрам стараліся кожны год. Да вялікай вады звычайна дабіраліся, як і ўсе: куплялі пуцёўку ў турфірме ці імчалі на цягніку ці аўтамабілі самастойна. А сёлета сябар прапанаваў на шляху ў далёкія краіны абысціся без турфірмаў і ўсё арганізаваць самім. Шчыра кажучы, мы і раней, заводзячы знаёмствы з замежнымі турыстамі, часам даведваліся, што нямецкім ці французскім падарожнікам пуцёўкі на іх радзіме каштавалі куды танней, чым садралі з нас за аналагічны курорт айчынныя тураператары. 1381787329905_15-8 Сёлета вырашылі самастойна адолець маршрут у Іспанію. Жыллё на ўзбярэжжы Міжземнага мора пад Барселонай таксама шукалі нядоўга. Выбар ў інтэрнэце вялікі. Звычайна прапануюцца нумары ці апартаменты адразу на цэлы месяц, а колькі ты пасля там збіраешся пражыць — твая справа. У гарадку, які мы аблюбавалі, цана вагалася ад 230 еўра і да бясконцасці. За 500 еўра — зусім прыстойнае жыллё каля самага мора з кухняй, халадзільнікам, посудам, двума спальнымі пакоямі. Калі падзяліць гэтыя грошы на дзве сям'і з чатырох чалавек — выходзіла 4 еўра на аднаго ў суткі. З такімі тарыфамі, згадзіцеся, нават «танны» Крым адразу страчвае прывабнасць. Потым даведаліся, што з папярэднім заказам і браніраваннем можна было наогул не спяшацца і тым самым сэканоміць куды больш. Патрабавалася адно — мець смеласць прыехаць і шукаць жыллё на месцы. Верасень не вабіць еўрапейскага турыста, і цэны ў казачным курортным краі імкліва коцяцца ўніз. Усе атэлі прапануюць зніжкі. А які ж тут для беларуса канец сезона, калі спёка за трыццаць градусаў, а вада ў моры амаль як кіпень. Пара з Мінска, з якой там пазнаёміліся, амаль месяц пражыла ў шыкоўным атэлі з цудоўным відам на мора. А калі сабраліся ад'язджаць, гаспадар прапанаваў пажыць яшчэ тыдзень, папрасіўшы ўсяго 50 еўра даплаты. Бо не сезон. Яшчэ пытанне — як дабрацца з Мінска да Барселоны. Мы бачылі ў Іспаніі колькі разоў аўтамабілі з беларускімі нумарамі — едуць сюды нашы і на колах. Але, безумоўна, лепш за ўсё — самалёт. Знакаміты лаўкост з Вільнюса тут самы раз. Правілы простыя і прывабныя: чым раней закажаш білеты, тым танней яны могуць абысціся. Мы куплялі іх за два месяцы да вылету і заплацілі недзе па 240 долараў на чалавека за шлях у абодва канцы. На «лаўкостаўскіх» рэйсах бясплатна можна перавозіць толькі ручную паклажу, а за багаж плаціць дадаткова. Паклажа не павінна перавышаць 10 кілаграмаў, быць адпаведнай формы, прычым яе ў аэрапорце могуць змераць спецыяльнай прыладай. На борце не кормяць і нават вады не дадуць — хіба толькі за грошы. Затое самалёт, які нас вёз, быў навюсенькі «Боінг», нібы толькі што сышоў з канвеера. Іспанскі экіпаж вёў яго па-майстэрску. І так ліха прызямляўся ноччу, заходзячы з мора на Барселону, што пасажыры заапладзіравалі лётчыкам, нават не дачакаўшыся пасадкі. Прыляцелі ноччу. Нязручны час прыбыцця — таксама «спецыфіка» танных перавозчыкаў. Мы вырашылі не марнаваць часу і заказалі таксі яшчэ напярэдадні. Абышлося яно ў 105 еўра на чацвярых. Вадзіцелем аказалася маладая жанчына Наталля. Калісьці яна з'ехала з Краснадара ў пошуках лепшага жыцця ў Аргенціну. Адтуль перабралася сюды, выйшла замуж, нарадзіла двух дзяцей. Але нядаўна муж вярнуўся на радзіму ў Індыю, і ёй цяпер трэба гадаваць дзяцей самой. Вось і падрабляе ноччу, возячы пасажыраў. Пакуль рухаліся па начной Барселоне, паспелі падзівіцца не толькі прыгажосці і велічы начнога горада. На нашым шляху не трапілася ніводнага скрыжавання, ніводнага святлафора: вялікі шумны горад, на фоне якога айчынныя гарады здаюцца ціхімі пасёлкамі. Па эстакадах і тунэлях транзітнага калідора мы праляцелі літаральна за дзясятак хвілін. Высадзіўшы нас у прызначаным месцы, Наташа не з'ехала адразу, а дачакалася, пакуль прыйдуць гаспадары і ўпусцяць нас у кватэру, дала неабходныя бытавыя парады. Гаспадарам, каб паведаміць пра наш прыезд, яна таксама патэлефанавала, бо тыя ведалі толькі родную мову, а мы размаўлялі яшчэ па-англійску... І плату Наталля ўзяла па тарыфе, рэшту аддала, як кажуць, да капейкі. А раніцай мы ўжо знаёміліся з морам. Прыбярэжная паласа тут пазначана буямі, за якія не зойдзе ніякі карабель ці водны матацыкл. Не так, як у Крыме ці каля Сочы. Пляж бясплатны, але раніцай добра падмятаецца і прыгожа барануецца. Тут ёсць і бясплатны душ, каб пасля купання памыцца, хаця мора — чысцюткае. Ежу мы там рыхтавалі самі, хаця танных кавярняў і бараў тут вельмі шмат. Да гонару гаспадароў, яны пакінулі гасцям пакет малака і нейкія сэндвічы — перакусіць пасля дарогі. А потым мы знаёміліся з мясцовымі крамамі. Цэны на асноўныя прадукты там — амаль што беларускія. А вось тавары выглядаюць інакш. І прадаюцца па-іншаму. Мяса, прынамсі, толькі ахалоджанае. Купляем мы, напрыклад, курыцу. «Для чаго вы яе купляеце?» — ветліва пытаецца прадавец. «Суп зварым і яшчэ з рысам пасмажым», — збянтэжана тлумачым, не разумеючы такі інтарэс. А прадавец бярэ нож і ліха разразае тушку на кавалачкі, складвае ўсё ў тры пакецікі. «Гэта — на суп, вось гэта — на другое, астатняе — кату ці сабаку, калі яны ў вас ёсць». Так мы і рыбу куплялі, іншыя прадукты. Дарэчы, суп з той іспанскай куркі атрымаўся пахучы і наварысты. Такую страву сёння можна пакаштаваць хіба толькі ў далёкай беларускай вёсцы, дзе дагэтуль не ведаюць, што такое карміць курэй камбікормам. А наогул у Іспаніі зараз эканамічны крызіс. Скарачаюцца сацыяльныя выдаткі. Вялікі працэнт беспрацоўя, асабліва сярод моладзі. Але па людзях не скажаш, што яны ў роспачы. На вуліцах усміхаюцца, весела вітаюць адно аднаго. Бары вечарам — паўнюткія. Жыхары суседніх дамоў прыходзяць сюды выпіць піва ці кавы, разам паглядзець футбол. Прыходзяць сем'ямі. Мы жывём у звычайнай кватэры пяціпавярховага дома, таму і нас, лічачы сваімі, суседзі пры сустрэчы таксама вітаюць ласкавым працяжным «Олага». Кожны дзень у цэнтры горада ладзіцца прадуктовы кірмаш, тавар на які пастаўляюць фермеры. Пакупнікоў многа, асабліва пажылых. Няспешна выбіраюць фрукты са скрынь, дзе ўсё свежае і таннае. Прадаўцы цярпліва тлумачаць, што ў іх самае смачнае. Абавязкова выб'юць на касе чэк, усміхнуцца і падкінуць у пакет яблык ці гронку вінаграду звыш аплачанага. А пасля дзвюх гадзін дня на гэтым месцы зноў чысцюткая вуліца, па якой каля фірменных буцікаў шпацыруюць гараджане і турысты. Удалося паназіраць і за працай мясцовай паліцыі. Кішэнных зладзеяў тут хапае, і гаварыць пра гэта не саромеюцца. Відаць, нехта з адпачывальнікаў убачыў злодзея на пляжы за яго заняткам і патэлефанаваў у паліцыю. Нарад з'явіўся літаральна праз хвіліну, калі хлопец азіяцкага паходжання шыбаваў паміж шэзлонгаў на выхад. Паліцэйскія выйшлі з аўтамабіля, але на пляж не пайшлі: відаць, не хацелі турбаваць адпачывальнікаў. Злодзей убачыў іх, пачаў мітусіцца, а прадстаўнікі закону крочаць паралельна яму, усміхаюцца і клічуць жэстамі да сябе. Хлопец і ў мора гатовы быў кінуцца, а тым часам яшчэ адзін нарад пад'ехаў, перакрыў яму шлях і туды. Ніякіх табе пагоняў і драматычных эфектных рухаў. Памітусіўся ўцякач ды і пайшоў у роспачы да паліцэйскай машыны — здавацца. Аднойчы мы вырашылі наведаць мясцовы аўтакірмаш. Пахадзілі каля саміх машын, потым наблізіліся да натоўпу, які сабраўся на ўскрайку пляцоўкі. Людзі стаялі з нейкімі плакатамі, транспарантамі, крычалі і нешта патрабавалі. Неяк вельмі весела ўсё выглядала. Вакол, праўда, было некалькі паліцэйскіх нарадаў, прычым не толькі з муніцыпальнай паліцыі. Мы з імі павіталіся, паліцэйскія нам адказалі, паўсміхаліся. Потым паліцыя паехала, натоўп разышоўся. Толькі з вячэрніх навін даведаліся, што там было: аказваецца, мы «паўдзельнічалі» ў мітынгу за незалежнасць Каталоніі. А цэны на аўтамабілі там, дарэчы, былі цікавыя нават з улікам вялікіх айчынных мытных плацяжоў. Толькі вось гнаць да Беларусі тыя машыны вельмі і вельмі далёка. Яшчэ колькі слоў пра магазіны. Восень там — час зніжак. Ды якіх — напалову, а то і адразу працэнтаў на семдзесят. Нагледзеў я ў адным буціку добрыя джынсы — праўда, даволі дарагія. Заходжу аднойчы, а на вітрыне каля тых штаноў надпіс: «зніжка» (вядома, па-іспанску). Цана — 30 еўра. Калі двое штаноў адразу бярэш — па 25 абыдуцца. Клічу сябра: «Давай возьмем кожнаму за 25». Ён падумаў і кажа: «Чаго спяшацца. Прыйдзем праз пару дзён — можа, і за 15 еўра купім». Паслухаўся я. Прыйшлі мы ў той магазін праз пару дзён. А нас чакала неспадзяванка: зніклі нашы джынсы. На вітрыне віселі жаночыя блузкі. А той, «наш», стосік з джынсамі знайшлі мы на падлозе ў закутку. Але прадаваць нам адтуль нічога не захацелі. Бо тавар быў падрыхтаваны да адпраўкі на продаж у краіны за межы Еўрасаюза, сказалі нам у краме. Відаць, хутка ўбачым мы тыя штаны на нашых Ждановічах. Толькі страшна нават думаць, па якой цане. Паўмесяца на моры праляцелі хутка. Дадому дабраліся без прыгод, калі не лічыць зноў вельмі жорсткага кантролю падчас пасадкі ў самалёт у Барселоне — наконт вагі і памеру багажу. Калі што не так, штрафы служачымі «Рынэйра» выпісваюцца тут жа. Правяраюць выбарачна, але хвалюецца ўся чарга. А па дарозе ў аэрапорт яшчэ раз уразіў праезд праз Барселону. Цяпер мы імчалі днём, але і ў светлы час праляцелі гэты вялікі горад, не спыняючыся. Мне ўсё ж здаецца, што нашы гарадскія ўлады нешта не тое робяць, спрабуючы ўпарадкаваць дарожны рух, толькі нарошчваючы колькасць святлафораў і «ляжачых паліцэйскіх» ды бясконца рамантуючы кальцавую магістраль. Прыляцеўшы ў Мінск, падлічылі свае турыстычныя расходы. Балазе, было з чым параўнаць. Знаёмыя ляталі ў той жа край праз турфірму і заплацілі за пуцёўкі недзе па 1100 еўра з чалавека. Мы патрацілі ў два разы меней і ўражанняў у нас не менш. Гэта не ў крыўду паважаным турфірмам. Гэта — як прапанова больш уважліва і гуманна паглядзець на кошт сваіх пуцёвак. Віктар ВІКЕНЦЬЕЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».