Вы тут

«Чарнобыльскі» турызм саступіў месца паляванню


Сёлета за паўгоддзе Беларусь наведалі 2 555 тысяч замежнікаў, паведаміў дырэктар дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Вадзім Кармазін, спасылаючыся на статыстыку Дзяржпагранкамітэта. Найбольшая плынь турыстаў (больш за 93% ад агульнага ўезду) — з Украіны, Расіі, Літвы, Польшчы, Малдовы, Латвіі і Германіі.

Па словах Вадзіма Кармазіна, на адпачынак за мяжу сёлета выязджалі 3 060 тысяч нашых грамадзян.
Самымі папулярнымі экскурсійнымі аб'ектамі для замежнікаў у нашай краіне летась сталі Брэсцкая крэпасць, Мір, Нясвіж, палацава-паркавы ансамбль у Гомелі. Усё больш гасцей наведваюць сталіцу.
А вось экстрэмальны адпачынак (напрыклад, наведванне забруджаных радыяцыяй тэрыторый) не карыстаецца попытам. «Да «чарнобыльскага» турызму мы ставімся вельмі асцярожна. Былі спробы распрацоўкі такіх маршрутаў, але попыт на іх складаў 16—17 чалавек на год, з іх палова — карэспандэнты», — сказаў Вадзім Кармазін.
62% экспарту турыстычных паслуг у нашай краіне забяспечваюць санаторна-курортныя арганізацыі. На другім месцы — дзелавы турызм (34% паслуг), 2% экспарту прыходзіцца на паляўнічы турызм. Па словах Вадзіма Кармазіна, гэта перспектыўны кірунак для Беларусі: каля 100 тысяч замежнікаў на год прыязджаюць да нас паляваць. У Прыпяцкім нацыянальным парку і Белавежскай пушчы дазволена трафейнае паляванне на зубра. «Ліцэнзія на адстрэл зубра даецца паляўнічаму толькі тады, калі жывёла хворая або хутка памрэ», — удакладніў Вадзім Кармазін. Ён назваў такое паляванне «элітным» і паведаміў, што тры гады таму падобная ліцэнзія каштавала 30 тысяч еўра.
З 2004 года Беларусь уваходзіць у Сусветную турысцкую арганізацыю. Сёння дзейнічаюць 29 дагавораў у сферы турызму, 22 з якіх — міжурадавыя пагадненні, 7 — міжведамасныя. Найбольш плённае супрацоўніцтва наша краіна вядзе з Літвой, Польшчай, Расіяй, Украінай, Ізраілем, Турцыяй, Венгрыяй. Заключаны дамовы з усімі краінамі СНД, акрамя Узбекістана. Існуюць і пагадненні ў сферы турызму паміж прафсаюзамі і асацыяцыямі. Да таго ж у Беларусі існуе бязвізавы рэжым з Азербайджанам, Арменіяй, Казахстанам, Кыргызстанам, Малдовай, Расіяй, Таджыкістанам, Узбекістанам, Украінай, Кубай, Венесуэлай, Македоніяй, Малазіяй, Манголіяй, Панамай, Сербіяй, Чарнагорыяй, Эквадорам. «Апроч гэтага, мы ўскладаем вялікія спадзяванні на так званы малы прыгранічны рух з прыбалтыйскімі краінамі, калі грамадзяне, што пражываюць на адлегласці да 50 кіламетраў з абодвух бакоў мяжы, могуць перасякаць яе па спрошчанай схеме», — адзначыў дырэктар дэпартамента па турызме.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?