Вы тут

Факты, падзеі, навіны


ПОЛАЧЧЫНА — ЛЕПШАЯ Ў НАМІНАЦЫІ «ТУРЫЗМ»

Полацкі раён прызнаны лепшым у намінацыі «турызм» па выніках міжнароднага конкурсу на лепшы праект трансгранічнага супрацоўніцтва. Конкурс быў праведзены ў рамках Кангрэса ініцыятыў Усходняй Еўропы. Яго асноўная мэта — развіццё трансгранічнага супрацоўніцтва, абмен вопытам і мадэлямі эфектыўнай практыкі ў галіне праектных ініцыятыў, якія рэалізуюцца на тэрыторыі Усходняй Еўропы.
Афіцыйная цырымонія ўзнагароджання адбылася нядаўна ў польскім горадзе Люблін. Ва ўрачыстых абставінах былі абвешчаны пераможцы ў сямі намінацыях. Полацкі раён прызналі пераможцам у турыстычнай намінацыі з сямі прэтэндэнтаў з розных краін. Лепшым быў прызнаны праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Бэла Дзвіна — падарожнічаючы праз межы, адкрываючы культуру, атрымліваючы асалоду ад прыроды рэгіёна Заходняй Дзвіны/Даўгавы».
Зараз у Полацкім раёне і ва ўсёй Віцебскай вобласці рэалізуецца праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Узмацненне магчымасцяў турыстычнага развіцця ў памежным рэгіёне Латгале — Уцена — Віцебск» (праект «Бэла Дзвіна 2». — Аўт.). Як паведамілі ў Полацкім раённым выканаўчым камітэце, да канца месяца ў рамках праекта будзе праведзена ўладкаванне месца адпачынку, установяць турысцка-інфармацыйныя шчыты, больш як трыццаць указальнікаў для турыстаў і інфармацыйных таблічак.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

КІРМАШ — РЭАЛЬНЫ ШАНЦ ЗНАЙСЦІ ПРАЦУ

24 кастрычніка з 10 да 13 гадзін у мінскім Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў (вул. Чкалава, 7) пройдзе агульнагарадскі кірмаш вакансій.
Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама запрашае ўсіх ахвотных. У мерапрыемстве абяцаюць узяць удзел больш за 100 наймальнікаў розных сфер дзейнасці, якія заявілі аб патрэбах у работніках. Праехаць да Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў можна аўтобусамі №№ 10, 40, 45, 47, 53, 73, 100, тралейбусамі №№ 19, 27, 43, 51, 59 да прыпынку «Гасцініца «Спадарожнік».

Сяргей СТАРЫНАЎ.

ЦАНА МІРНАГА ЖЫЦЦЯ

У аграгарадку Лясная Слаўгарадскага раёна адзначылі юбілей гістарычнай даты — 305-годдзя вялікай бітвы рускіх і шведскіх войскаў.
Падчас Паўночнай вайны каля Лясной сышліся ваяры цара Пятра І і караля Карла. У бітве загінулі тысячы людзей. Рускія атрымалі перамогу, і ў гонар яе на пачатку ХХ стагоддзя ў вёсцы паставілі помнік з арлом над зрынутым варожым сцягам і ўзвялі прыгожы праваслаўны храм, які і цяпер упрыгожвае цэнтральную плошчу аграгарадка.
Памяць пра бітву ў Лясной захоўваюць і сёння. З нагоды юбілею ў Свята-Пятра-Паўлаўскім храме прайшла святочная літургія, праваслаўныя вернікі прайшлі хрэсным ходам да помніка, дзе памаліліся за ахвяр Паўночнай вайны і ўсіх іншых і ўсклалі кветкі.
— Галоўны ўрок гістарычнай падзеі: людзі павінны жыць у міры, — сказала кіраўнік справамі Слаўгарадскага райвыканкама Таццяна Бабічава. — Войны нясуць шмат крыві, болю і слёз, таму мы ганарымся тым, што вось ужо 70 гадоў на нашай зямлі мір, людзі спакойна жывуць і гадуюць сваіх дзяцей.
Юбілеі далёкіх бітваў сапраўды нагадваюць людзям найперш пра каштоўнасці цяперашняга мірнага жыцця.
— Трэба нам працаваць і ўсё рабіць дзеля таго, каб наша зямля была не арэнай жорсткіх баёў, а квітнеючым садам, дзе людзі жывуць мірна, — сказаў Георгій Сакалоў, настаяцель Свята-Пятра-Паўлаўскага храма.

Ілона ІВАНОВА.

Да «Малінаўкі» — 70 метраў!

Менавіта такую працягласць правага тунэля на вышэйзгаданай станцыі метро засталося ўзвесці будаўнікам. Левы тунэль пакуль недабудаваны на 260 метраў.
— З правага тунэля выйдзем да 10 лістапада. А да канца гэтага тыдня павінны скончыць праходжанне вадзяных грунтаў левага, што дазволіць павялічыць хуткасць праходжання да 3-4 метраў за змену, — паведаміў начальнік дырэкцыі па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна Павел Царун.
Таксама ён адзначыў, што на ўзвядзенні станцыі метро «Малінаўка» ўжо асвоена каля 430 мільярдаў рублёў. Гаворачы пра падрыхтоўку да будаўніцтва трэцяй лініі метро, Павел Царун расказаў, што дзеля яе стварэння пад знос перададзены чатыры будынкі, адзін з якіх шматпавярховы (былая санэпідэмстанцыя).

Ганна ГАРУСТОВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».