Вы тут

Па агняцвецікі


Іх дарылі на вечарыне ў гонар 100-годдзя паэткі Эдзі Агняцвет

У Эдзі Агняцвет была свая краіна. Не, натуральна жыла і стварала яна ў Беларусі, з думкамі пра яе. І найперш — пра яе будучыню.
Таму што вялікая частка яе творчасці была прысвечана дзецям. Нездарма ж адзін з паэтычных зборнікаў нават назву меў «Краіна маленства». Але разважала яна пра тое, што ёсць свае задачы па стварэнні і ўпрыгожванні жыцця ў кожнага, хто прыходзіць у гэты свет (зборнікі «Маё пакаленне», «Беларуская рабіна» і інш. ). Нездарма ж да вечарыны, што наладзіў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа, прымеркавана выстава «Гэта — і сэрца, і розум, неба маё і зямля», дзе былі прадстаўлены асноўныя творы паэткі, а таксама нататнікі, фотаздымкі, лісты, кнігі з аўтографамі. Але найбольш кранальная частка выставы — альбомы з малюнкамі дзяцей, якія ствараліся і натхняліся дзякуючы творам Эдзі Агняцвет. Тыя, хто быў дзецьмі ў 1976 годзе, ужо выраслі і могуць гаварыць пра тое, як на іх паўплывала далучанасць да беларускай паэзіі праз канкрэтную асобу. І назва вечарыны зусім не выпадковая: «Ёсць Чалавек. Ёсць свет і дабрыня...»
Чалавек, які піша ў асноўным для дзяцей, найперш мусіць несці дабрыню (хоць у сённяшнім свеце ўжо нават гэта стала дыскусійным пытаннем, можа, таму столькі праблем узнікае часам у дзяцей і з-за дзяцей). Але прывучаць дзяцей да чытання — ужо добрая справа. Прывучаць да чытання па-беларуску — двойчы добрая. І да таго, што было створана для дзяцей раней, можна звяртацца і цяпер, у прыватнасці, у Эдзі Агняцвет ёсць зборнікі «Мы сур'ёзныя, мы вясёлыя», «Доктар Смех», «Ад зярнятка да вясёлкі» і іншыя. Акрамя таго, яна знаходзіла беларускія словы для таго, каб для нас прагучалі творы Экзюперы, Апалінэра, Беранжэ ды папулярнага тады савецкага паэта Сяргея Міхалкова. За кнігу вершаў і перакладаў «На двары алімпіяда» Эдзі Агняцвет была ўзнагароджана міжнародным Ганаровым дыпломам імя Андэрсена.
Шмат гадоў Эдзі Агняцвет супрацоўнічала з часопісам «Вясёлка». І да яе юбілею творы, што друкаваліся ў «Вясёлцы», выдадзены асобнай кнігай. Акрамя таго, «Вясёлка» арганізавала падарункі-агняцвецікі, каб вечарына ў гонар паэткі атрымалася з аганьком.
Сёння мы прапануем узгадаць, што хвалявала паэтку, змясціўшы адзін з яе вершаў.

Ларыса ЦІМОШЫК.

Эдзі АГНЯЦВЕТ

Зямля з блакітнымі вачамі —
Раздолле рэчак і лугоў!
Тут называюць Васількамі
На Беларусі хлапчукоў,
Звіняць крыніцы, як цымбалы,
Сцяжынкі свецяць у лясах.
Палі, узгоркі, перавалы —
Прасторны шлях, далёкі шлях!
Краіна славы партызанскай,
Краіна міру і даброт!
Ты — наша гордасць, наша казка,
Як сонца, шчодры твой народ.
Твае сыны, твае унукі,
Мы любім гул тваіх бароў.
І рэкі цягнуцца, як рукі,
Да цёплых, верных рук сяброў.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.