Вы тут

Шлюб, які люб, або Як у Мінску вяселлі гулялі


У часы паганства мнагажонства лічылася нормай. Становішча жанчыны ў шлюбе ў тыя часы было незайздроснае: на ёй трымалася гаспадарка і дзеці, і пры гэтым яна не мела ніякіх правоў. Тым не менш у пантэон беларускіх багоў уваходзілі свае абаронцы шлюбу і кахання — багіня Лада і яе дачка Лёля. У нашых далёкіх продкаў існавала свята — лёльнік (ляльнік), якое ўяўляла сабой вясновыя гульні і плёсканні ў вадзе. Падчас такіх рытуальных гульняў мужчыны і выбіралі сабе жонак сярод дзяўчат.

...І прыйшла да нас багіня

Вось і мы, як старажытныя радзімічы, якія жылі на тэрыторыі цяперашняга Мінска, разам з экскурсаводам Людмілай Скрадаль на ўзбярэжжы Свіслачы, там, дзе калісьці было замчышча, паспрабавалі рэканструяваць гэтае свята ўшанавання жанчыны і пачатку жыцця. Сталі ў кола і, згодна са старажытным абрадам, выбралі Лялю (ці Лёлю) — самую прыгожую дзяўчыну з экскурсантак. «У Лёлі абавязкова павінен быць букет палявых кветак, — паведаміла Людміла, працягваючы дзяўчыне загадзя падрыхтаваныя астры. — Саму яе апраналі ў доўгі белы сарафан, на галаву надзявалі вянок. А вакол ставілі ежу (малако, масла, хлеб і іншыя прадукты) і пачыналі вадзіць карагод». Мы пачалі карагодзіць вакол Лёлі, а экскурсавод тым часам зачытвала словы песні, якая выконвалася падчас рытуалу. Пасля гэтага абраная багіня частавала ўсіх дзяўчат ежай і абавязкова дарыла кожнай з іх па кветцы са свайго вянка. Паколькі ежы ў нас не было, наша рэканструкцыя абмежавалася раздачай астраў экскурсанткам. Па словах Людмілы, ад вышэйназванага свята і пайшла традыцыя дарыць жанчынам кветкі. Пачынаўся ляльнік 8 — 9 сакавіка (цікавае супадзенне са святкаваннем сучаснага Міжнароднага жаночага дня) і працягваўся да Купалля.
Адышоўшы ад ракі і апынуўшыся на былой Саборнай плошчы (каля Свята-Духава сабора), мы ўзгадалі часы, калі на нашы землі прыйшло хрысціянства. Дарэчы, гэтая падзея адбылася таксама дзякуючы шлюбу: візантыйская прынцэса Ганна, да якой пасватаўся князь Уладзімір (у яго, між іншым, было восем «афіцыйных» жонак і яшчэ гарэм, у які ўваходзіла каля двухсот жанчын), пагадзілася на шлюб пры ўмове, што той прыме яе веру. Такім чынам на высокім узроўні быў пакладзены канец мнагажонству, а разам з тым змяніліся і шлюбныя звычаі. Цяпер пабрацца шлюбам можна было толькі ў храме.

Царква, мячэць і сінагога

Уплываючы на жыццё людзей, царква імкнулася прыстасаваць паганскія святы пад свае каноны. Адно з такіх свят сёння вядомае як Пакровы Маці Божай і звязана з вясельнымі традыцыямі. Да гэтага часу ўжо быў сабраны ўраджай, у свіранах і кублах усяго было багата, а значыць, надыходзіў спрыяльны час для адпачынку і святкавання вяселляў. У народзе казалі: «Прыйшлі Пакровы — раве дзеўка, нібы карова». А таму «раве», што замуж не бяруць. Бо калі да Пакроваў дзяўчыну не сасваталі, то яшчэ год хадзіць ёй у дзеўках.
Але ж у Мінску, як вядома, жылі не толькі хрысціяне. Апроч іх, былі татары, а габрэі дык увогуле складалі вялікую частку гарадскога насельніцтва. І ў прадстаўнікоў гэтых народаў таксама былі свае вясельныя традыцыі.
Так, апынуўшыся, напрыклад, у Ракаўскім прадмесці Менска гадоў дзвесце таму, можна было пабачыць габрэйскае вяселле, якое магло адбывацца як у сінагозе, так і на свежым паветры. Дзея абавязкова праводзілася пад балдахінам — хупай, які і даў назву ўсяму абраду. Хупа накрывала маладых, сведкаў і чалавека, які праводзіў абрад (ім неабавязкова павінен быць равін). Гэты балдахін сімвалізаваў абаронены дом, у які ўваходзіць маладая сям'я. Жаніх і нявеста давалі адно аднаму клятву ў вернасці на ўсё жыццё, а пасля гэтай дзеі цягам трох дзён (не заўжды адразу) ладзілася вясельнае застолле.
Татарскі канец, які знаходзіўся ў раёне сучаснай гасцініцы «Юбілейная», таксама быў цікавы сваёй вясельнай абраднасцю. Там стаяла драўляная мячэць, пасля перабудаваная ў каменную, і мусульманскія шлюбы маглі заключацца толькі ў ёй (гэта значыць, выключна ў храме). Падчас вяселля доўга чытаўся Каран, у чытанні браў удзел жаніх. А само ўзяцце шлюбу нагадвала заключэнне сацыяльнай дамовы і падзелу абавязкаў паміж маладымі. «Тагачасныя газеты сведчаць пра тое, што Татарскі канец быў самым спакойным раёнам у горадзе, — адзначыла Людміла Скрадаль. — Гэта значыць, што там жылі добрыя сем'і з сур'ёзнымі каштоўнасцямі і правільным выхаваннем дзяцей».

1381527527904_1

Муж здрадзіў Радзіме? Прэч!

Наступны прыпынак у нашай вандроўцы адбыўся каля ратушы. Тут мы ўзгадалі часы Вялікага Княства Літоўскага і, вядома, магдэбургскае права, якое Мінск атрымаў у 1499 годзе. Менавіта ў ратушы знаходзіўся магістрат, які вырашаў у тым ліку і шлюбныя пытанні. У Статутах ВКЛ, у адрозненне ад краін Еўропы, ужо ў ХVІ стагоддзі былі ўрэгуляваны пытанні сямейных адносін: прапісаны такія моманты, як атрыманне пасагу пры ўзяцці шлюбу, спадчыны пасля шлюбу дзяцей і нават шлюбаразводны працэс. Так, аказваецца, ён — не з'ява сучаснасці. Для таго, каб скасаваць шлюб у ВКЛ, спачатку трэба было ўзяць дазвол на гэта ў святара і толькі пасля ісці ў магістрат. Тут вырашаліся пытанні падзелу маёмасці пасля разводу. Сужэнцы павінны заключыць дагавор аб маёмасці (вена) — дакумент, у якім было прапісана, хто і што атрымае пасля разыходу. Афіцыйнымі ж прычынамі для гэтага маглі быць смерць або знікненне без вестак мужа ці жонкі, сыход у манастыр, здрада сям'і і дзяржаве, а таксама няздольнасць да інтымнага жыцця.
Такія законы дзейнічалі ў нашым горадзе яшчэ некалькі гадоў пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай, пасля чаго іх замянілі законы Расійскай імперыі. Але па-ранейшаму галоўная роля ў стварэнні сям'і належала вянчанню.

Часы мяняюцца — каштоўнасці застаюцца

Карэнны пералом у інстытут шлюбу і сям'і прынёс 1917 год. Вянчанне было афіцыйна забаронена, затое з'явілася вядомая і сёння ўстанова — ЗАГС. Цяпер, каб стаць мужам і жонкай, трэба было «запісацца ў чаргу на шлюб» і праз некалькі дзён прыйсці і паставіць свае подпісы.
«Тое, як змяніліся погляды людзей на вяселлі, адлюстроўваюць шлюбныя ўборы маладых», — распавядала Людміла, паказваючы фотаздымкі маладажонаў розных часоў. Розніца сапраўды вельмі значная: на дарэвалюцыйных фота строі нявест урачыстыя, упрыгожаныя кветкамі і карункамі, а на здымках пасля 1917 года вясельнае адзенне стрыманае, часам нават будзённае. Працэдура скасавання шлюбу таксама спрасцілася, ужо нават не трэба было тлумачыць яго прычыну. Натуральна, што сем'і сталі не такімі моцнымі, як раней. Але, тым не менш, народныя вясельныя традыцыі, замацаваныя стагоддзямі, не забываліся. Працягвалі існаваць агледзіны і сватанне, ладзіліся вясельныя цягнікі.
...Вялікая Айчынная вайна разбурыла шмат сем'яў. Разам з тым, яна прынесла такую з'яву, як «баявая сяброўка». «Гаворка пра жанчын, якія ў тыя страшныя гады жылі разам з вайскоўцамі фактычна як жонка і муж, — казала экскурсавод. — Зразумела, што такія шлюбы ніхто не фіксаваў. Але пасля вайны, калі гэтыя людзі хацелі зарэгістраваць адносіны, ім было дастаткова наяўнасці агульных дзяцей, альбо перапіскі, альбо сведкі, які мог пацвердзіць іх сумеснае пражыванне». У пасляваенны час ладзіліся спакойныя, не надта багатыя вяселлі. «Мае бацькі ажаніліся ў 1956 годзе. У мамы была белая сукенка, тата ўзяў у сябра касцюм. У іх была бляшанка зялёнага гарошку і бутэлька шампанскага — усё», — падзялілася Людміла.

1381527529981_2

Цяпер у Мінску дзесяць ЗАГСаў,

і, нягледзячы на аднатыпнасць шлюбных цырымоній, што ладзяцца ў іх, у кожнай установы — свая цікавінка.
А вось маштабнасць вясельных гулянняў у нашы дні могуць утаймаваць хіба што фінансавыя магчымасці маладых. Як бы ні было, але статыстыка сведчыць, што сёлетняя колькасць шлюбаў па краіне павялічылася ў параўнанні з леташняй амаль на 10 тысяч, а гэта значыць, што каштоўнасць сям'і ў беларусаў мацнее.

Дзіяна СЕРАДЗЮК.
Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.