Вы тут

Месцы для закаханых і кантралёры-«бодзігарды»


Для многіх замежных турыстаў сапраўдная, а не экскурсійная Прага, пачынаецца са слоў: «Калі ласка, завяршыце выхад і пасадку, дзверы зачыняюцца». Ветлівыя словы на пачатку пражскіх канікулаў падбадзёрваюць і малююць у думках выдатны адпачынак у старадаўнім горадзе. Наш карэспандэнт не толькі захапляўся ў чэшскай сталіцы гатычнай архітэктурай, але і спусціўся ў пражскае метро, дзе ўбачыў на свае вочы «чорных пасажыраў», асілкаў-кантралёраў, адсутнась турнікетаў і жэтонаў, якія ў пражскім метрапалітэне замяняюць звычайныя квіточкі.

1381413376948_1

Вагоны для... знаёмстваў

Што такое пражскі метрапалітэн? Гэта 59 кіламетраў звілістых тунэляў і практычных, як сцізорык-складанчык, платформаў, на якіх час ад часу можна ўбачыць чалавека з веласіпедам, што немагчыма ў нашым метро. Пражскі «андэграўнд» — гэта не мінімалістычная мінская падземка і не стакгольмскае метро, у якім даволі часта ладзяць мастацкія выставы, інсталяцыі і якое лічаць адным з найбольш густоўна аздобленых метрапалітэнаў у свеце.
Цікава, што пражскае метро адкрылі ў Дзень Перамогі. А дакладней, 9 мая 1974 года, у гадавіну вызвалення чэшскай сталіцы ад фашысцкіх захопнікаў. Заўважым, што мясцовы метрапалітэн камплектавалі дзякуючы савецкім пастаўкам. Так, для будаўніцтва лініі «А» з СССР у тагачасную Чэхаславакію паставілі эскалатары і 43 тысячы тон чыгунных цюбінгаў! Гэта было больш за 30 гадоў таму. Сёння пражскае метро за год можа перавезці ўжо амаль 600 мільёнаў пасажыраў. З творчымі падыходамі ў мясцовых метрапалітэншчыкаў, як пішуць чэшскія газеты, таксама ўсё добра. У хуткіх падземных электрычках да канца гэтага года павінны з'явіцца спецыяльныя вагоны для тых, хто яшчэ... не сустрэў сваё каханне. Вось і пойдуць хлопцы знаёміцца з дзяўчатамі не на дыскатэку ці Вацлаўскую плошчу, а ў метро — каб адправіцца ў рамантычнае падземнае падарожжа.

1381413379812_2

Добры пасажыр — «белы» пасажыр

Але галоўная адметнасць пражскага транспарту — гэта квіткі на пэўны тэрмін праезду ў метро, трамваі ці аўтобусе. Адзіны тарыф дзейнічае на ўсе віды транспарту. І калі ты хочаш «пераскочыць» з метро ў трамвай, табе не трэба набываць новы білет: проста сачы, каб не скончыўся тэрмін дзеяння праязнога, які пазначаны на прабітым нізе паперчыны. А калі так сталася, прабівай другі, трэці ці чацвёрты — у залежнасці ад таго, колькі часу ты правядзеш у вагоне ці ў салоне аўтобуса. Адметна, што ў метро наогул адсутнічаюць турнікеты і чэргі па квіткі, як гэта звычайна бывае ў Мінску. Твой білет на ўваходзе ніхто не правярае. Усе зроблена так, каб ты камфортна змог праехаць з пункта А ў пункт Б. Зразумела, з квітком у кішэні. На «зайцоў», якіх на радзіме Карла Чапэка называюць «чорнымі пасажырамі», там ёсць свая ўправа — білетная інспекцыя. Дужыя мужчыны ў ладных касцюмах, як целаахоўнікі з амерыканскіх баевікоў, час ад часу патрулююць вестыбюлі метро, могуць чакаць цябе каля эскалатараў, зайсці ў вагон і з усмешкай, па-добраму папрасіць квіток ці праязны. А калі квіток ад цябе не атрымаюць, то папросяць заплаціць штраф у памеры 30 еўра. Ты, безумоўна, можаш сказаць, што нічога не разумееш, бо толькі з самалёта, чэшскую мову ніколі не чуў, як і не чуў пра тое, што ў метро таксама ходзіць кантралёр. Упэўнены, ты здзівішся, што імі ў Празе працуюць амаль культурысты. І ў гэты момант ты, напэўна, захочаш збегчы, бо навошта табе губляць 30 еўра... Аднак, за спінамі гэтых «бодзігардаў» ужо будзе стаяць хлопец са спецпадраздзялення, які ніколі не дазволіць табе стаць «героем».
Нягледзячы на падобную меру перасцярогі, «чорныя пасажыры» складаюць добрую колькасць наведвальнікаў метро. І падобная дэмакратыя прыводзіць да таго, што пражскае транспартнае прадпрыемства штогод губляе мільярды крон. З'явілася нават прапанова вярнуць у метро турнікеты, якіх там не было з сярэдзіны 1980-х. Можна толькі ўявіць, што адбывалася б у Мінску, калі б замест жэтонаў пачалі прадаваць квіткі і прыбралі ўсе турнікеты, бо нават у Чэхіі хапае ахвотных не плаціць за праезд. А таму, як у прымаўцы, «шануй чужое, але любі сваё». Нам і з жэтонам у кішэні ўтульна.

Тарас ШЧЫРЫ, фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?