Вы тут

ЗНОЎ «НАКАСЯЧЫЛІ»...


Будынкі прынялі ў эксплуатацыю, але жыць там... нельга

На пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці абмеркаваны ход выканання сёлетняга задання па ўводзе жылых дамоў. Пры гэтым зроблена выснова, што сітуацыя з якасцю будаўніцтва жылля вымушае жадаць лепшага. Прычым тыя ці іншыя недаробкі альбо яўная халтура часта выяўляюцца толькі пасля падпісання акта аб здачы аб'екта ў эксплуатацыю.
Асаблівую заклапочанасць выклікае прыёмка жылля ў сельскай мясцовасці. Вось якая сітуацыя склалася, напрыклад, у вёсках Рахавічы і Сурынка Слонімскага раёна. 4 чэрвеня г.г. адпаведная камісія падпісала, а 28 чэрвеня райвыканкам зацвердзіў акт прыёмкі па трох з дзесяці жылых дамоў. Можна святкаваць уваходзіны? Дзе там... Праз тры месяцы, 19 верасня, супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю вобласці наведалі здадзеныя ў эксплуатацыю аб'екты і ўбачылі, што жыць там... немагчыма, бо дамы не забяспечаны вадой і каналізацыяй. Акрамя таго, не завершаны работы па вертыкальнай планіроўцы і добраўпарадкаванні, не выкананы водаадвод, што робіць праблематычным, асабліва пры моцных ападках, доступ да жылля і гаспадарчых пабудоў. У жылых памяшканнях — сырасць і цвіль, грыбок, адслаенне фарбавага пакрыцця сцен і столі... І вось у такім стане, пры невыкананні ўсяго комплексу работ, прадугледжаных праектам, і немагчымасці пражывання ў дамах члены камісіі... падпісалі акт прыёмкі аб'ектаў у эксплуатацыю! Цікава, паставілі б яны «аўтографы» пад гэтым дакументам, калі б справа тычылася іх уласных кватэр?
Шмат «касякоў» засталося і пасля прыёмкі дома па вуліцы Агінскага ў абласным цэнтры (ЖБСК-419), дзе генпадрадчыкам з'яўлялася таварыства «Гроднажылбуд»: няякасны мантаж унутрыкватэрных электрашчытоў, трэшчыны на міжпакаёвых і ўваходных дзвярных каробках, а таксама па тынкоўцы на сценах і ў вуглавых стыках, шматлікія драпіны на аконных блоках, дэфармаванне ахоўных металічных рашотак на аконных блоках падвалаў...

У гарадскім пасёлку Казлоўшчына Дзятлаўскага раёна нарматыўны тэрмін будаўніцтва 20-кватэрнага дома (ЖБСК-3 «Надзея», падрадчык — таварыства «Дзятлаварамбуд») быў перавышаны больш чым у чатыры разы — 35 месяцаў замест васьмі. Сёлета ў ліпені гэты шматпакутны аб'ект, нарэшце, уведзены ў эксплуатацыю. Але ў якім стане? На жаль, надзея забудоўшчыкаў на належную якасць аддзелачных работ у кватэрах не спраўдзілася. Прыёмачная камісія «не ўбачыла», аднак кантралёры не маглі не заўважыць і няякасную ўстаноўку вокнаў і міжпакаёвых дзвярэй, і ўздуцце лінолеуму, і няроўнае аклейванне шпалерамі.
Таксама з недаробкамі прынялі ў эксплуатацыю і 26-кватэрны сацыяльны дом у горадзе Бярозаўка Лідскага раёна. Не былі зманціраваны электрычныя канвектары, у кватэрах аднаго з пад'ездаў адсутнічалі плінтусы — не зрабілі планіроўку газонаў, няякасна выканалі асфальтавае пакрыццё. Усё гэта прыйшлося ўстараняць, зноў жа, пасля падпісання акта ўводу дома ў эксплуатацыю.
Дарэчы, праблемы ўзнікаюць і з... устараненнем будаўнічых дэфектаў. Напрыклад, у Гродне (ЖБСК-376) у кватэрах былі выяўлены цвіль на дзвярах, трэшчыны па тынкоўцы, няякасна ўстаноўлены балконныя рамы і дзвярныя каробкі. Гэтыя дэфекты неаднаразова пазначаліся пісьмова ў прысутнасці прадстаўніка генпадраднай арганізацыі (трэст «Гроднагарбуд»), аднак на працягу амаль двух месяцаў пасля здачы дома ў эксплуатацыю нічога не рабілася. Таму жыльцы былі вымушаны звярнуцца на «гарачую лінію» Камітэта дзяржаўнага кантролю вобласці. І нават пасля накіравання Камітэтам у канцы жніўня заўваг па гэтым доме ў аблвыканкам падрадчык не прыступіў да ўстаранення дэфектаў.

Зацягнулася перапіска і наконт яшчэ аднаго дома ў абласным цэнтры (ЖБСК-377), які быў уведзены ў эксплуатацыю сёлета ў ліпені. Камітэт дзяржаўнага кантролю вобласці накіраваў у адрас заказчыка і падрадчыка даручэнне па ўстараненні недаробак. Атрымалі ад заказчыка адказ, быццам у старшыні жыллёвага кааператыва прэтэнзій да ўпраўлення капітальнага будаўніцтва гарвыканкама няма. Пры гэтым падрадчык (ААТ «Гроднапрамбуд») пацвердзіў наяўнасць недаробак і абавязаўся навесці парадак.
Дарэчы, на пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці ўзніклі пытанні не толькі да заказчыкаў і падрадчыкаў будаўніцтва жылля, але і да інспекцыі Дзяржбуднагляду. Чаму застаецца магчымай прыёмка ў эксплуатацыю дамоў з дэфектамі? Чаму няякасная праца далёка не заўсёды спыняецца на стадыі будаўніцтва?

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?