Вы тут

Дом, які сам сябе грэе


Эканоміць энергарэсурсы — гэта не толькі актуальна і сучасна, але і надзвычай перспектыўна. Яшчэ раз, але ўжо капітальна, пацвердзіць гэтую аксіёму паспрабуе будаўніцтва трох энергаэфектыўных дамоў у Мінску і Гродне. Новы праект Праграмы развіцця ААН і Глабальнага эканамічнага фонду пакажа, якія перавагі мае такое жыллё і якім чынам яно клапоціцца пра наш камфорт сёння і матэрыяльныя выгоды — у будучыні.

Некалькі соцень беларускіх сем'яў ужо цяпер жывуць у 10 часткова энергаэфектыўных дамах. Гэта значыць, іх жыллё абсталявана некаторымі інжынернымі сістэмамі і тэхналогіямі, якія выкарыстоўваюць кожную калорыю энергіі і не дазваляюць ёй сысці «на нішто». Абапіраючыся на гэты досвед, ПРААН і беларускія партнёры, сярод якіх Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры, Мінпрыроды, ААТ «Мапід», інстытут «Гроднаграмадзянпраект», пачынаюць будаваць два дамы ў Мінску і адзін — у Гродне, якія будуць вяртаць кожную адзінку патрачанай электраэнергіі і выкарыстоўваць яе зноўку.

Праекты энергаэфектыўных дамоў выбралі тыпавыя, як і 90% сённяшняй масавай забудовы. Такое рашэнне апраўдваецца наступным: нават пры эканомным будаўніцтве ёсць месца для павышэння энергаэфектыўнасці. Гэтае жыллё абсалютна даступнае і без аніякіх «прывілеяў».

Кампанія-падрадчык цалкам будуе новы дом. Ужо на гэтым этапе паклапоцяцца аб тым, каб падчас будаўніцтва выкарыстоўваліся найбольш трывалыя і даўгавечныя матэрыялы. Арыентацыя дамоў у прасторы, выбар аптымальнай формы будынкаў прынясуць гэтай справе дадатковы плён. Пасля замежныя партнёры пачнуць абсталёўваць шматпавярховікі камерцыйна выгаднымі тэхналогіямі, якія значна знізяць спажыванне электраэнергіі. Па-першае, палепшыцца паветраабмен у кватэрах за кошт прымусовай утылізацыі вентыляцыйнага цяпла. Гэта значыць, нагрэтае батарэяй і жыццядзейнасцю чалавека паветра не вылеціць у акно, а аддасць цяпло для нагрэву вады да пэўнай тэмпературы. Амаль тое ж самае і з каналізацыйнай вадой. На даху шматпавярховіка ўстановяць сонечныя батарэі і калектары. Выпрацаваная энергія ад першых пойдзе на асвятленне тэрыторыі каля дома і месцаў агульнага карыстання, г.зн. лесвічных пляцовак, пад'ездаў. Другія — зноў жа — змогуць давесці ваду да патрэбнай тэмпературы ў гарачым водазабеспячэнні.

Папярэднія разлікі эфектыўнасці гэтых тэхналогій ужо цяпер могуць парадаваць патэнцыяльных гаспадароў. Мяркуецца, што квадратны метр у «зялёнай» кватэры будзе каштаваць максімальна на 15 працэнтаў больш, чым у звычайнай. Эканомія на спажыванні энергіі складзе мінімум 50 працэнтаў. Сёння гэтыя лічбы, можа, і не зусім пераканаўча схіляюць да выбару «на перспектыву». Аднак трэба ўлічваць, што не заўсёды беларускае насельніцтва будзе аплачваць толькі 20 працэнтаў кошту камунальны паслуг...

Сёлетняе будаўніцтва энергаэфектыўнага жылля фінансуюць Глабальны эканамічны фонд і ПРААН. На гэты праект абедзве арганізацыі выдзелілі па 4,5 млн і 400 тысяч долараў адпаведна. Гэта азначае, што будучыя ўладальнікі кватэр набудуць свой кут па кошце звычайнага жылля, але з незвычайнай начынкай. Вядома, усяго тры дамы з нашмат зніжаным спажываннем энергіі — не панацэя для Беларусі. Але гэта важны першапачатковы крок, які дазволіць скараціць дыстанцыю паміж беларускімі і еўрапейскімі стандартамі ў будаўніцтве.

Любоў КАСПЯРОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.