Вы тут

Перамогу прынёс абаронца


«Звязда» падбівае вынікі галоўных спартыўных падзей краіны за мінулы тыдзень.

1. Футбольны тур першынства краіны падарыў заўзятарам матч, на які не шкада было б паехаць са сталіцы ў Барысаў, дзе мясцовы БАТЭ прымаў мінскае «Дынама». Пра эмацыянальны градус матчаў з удзелам гэтых клубаў, мяркую, шмат казаць не трэба. БАТЭ — «Дынама» — гэта заўжды барацьба да апошніх хвілін сустрэчы і, безумоўна, галы, якія ў падобных матчах часта забіваюць літаральна за некалькі секунд да фінальнага свістка. Менавіта гэты сцэнарый чакаў чарговы паядынак паміж калектывамі Віктара Ганчарэнкі і Роберта Маасканта. Перамогу з лікам 2:1 ужо ў дабаўлены час вырвалі барысаўчане. Цікава, што галявы дубль на свой рахунак запісаў абаронца БАТЭ Ягор Філіпенка.
Гульня мела не толькі футбольны падтэкст. Упершыню на барысаўскае поле пасля пераходу ў «Дынама» выйшаў галкіпер Аляксандр Гутар. На вачах мясцовай тарсіды Гутар згуляў не вельмі ўпэўнена, затое паспеў паўдзельнічаць у вуснай пікіроўцы з Віталем Радзівонавым і Анатолем Капскім. Вось такое вяртанне Аляксандра на арэну, дзе яшчэ нядаўна дасягнуў з «жоўта-блакітнымі» галоўных перамог у сваёй клубнай кар'еры... У межах 26 тура адбыліся і іншыя матчы чэмпіянату краіны па футболе. «Тарпеда-БелАЗ» у Жодзіне падзяліў балы з «Нёманам» (0:0), салігорскі «Шахцёр» саступіў «Гомелю» (1:2), «Нафтан» у гасцях святкаваў мінімальную вікторыю над мазырскай «Славіяй» (1:0), «Белшына» завяршыла нічыёй матч з «Дняпром» (1:1), а «Мінск» быў мацнейшы за брэсцкіх дынамаўцаў (3:1). Барысаўчане замацавалі свае лідарскія пазіцыі і цяпер у кошыку маюць 57 балаў. На 5 менш у «Шахцёра», на трэцім месцы па-ранейшаму ідзе сталічнае «Дынама». Замыкае турнірную табліцу мазырская «Славія».
2. Здаецца, хакейнае «Дынама» пакрысе пачынае выходзіць са спячкі. Апошнія вынікі каманды не могуць не радаваць і сведчаць, што калектыў Аляксандра Андрыеўскага не проста здольны на канкурэнцыю, а можа перамагаць «на характары». Вось і ў апошнім матчы «зубры» зноў парадавалі балельшчыкаў вікторыяй у паядынку з омскім «Авангардам» (4:3). Шайбы за «Дынама» закідвалі Аляксей Яфіменка, Джэф Плат, Андрэй Стась і Ілья Казнадзей. «Спадзяюся, гульня спадабалася гледачам, — каментуе сустрэчу Аляксандр Андрыеўскі, глаўкам «Дынама». — Дзякуй хлопцам, што датрывалі ў трэцім перыядзе. У саперніка была перавага, аднак мы стараліся, «клаліся пад шайбы» і адстаялі свае вароты». Цяпер сталічную каманду чакае матч з харвацкім «Мядзвяшчакам», які пройдзе 9 кастрычніка пад зводамі «Мінск-Арэны».
3. Гандбольны клуб «Гараднічанка» прабіўся ў 3-і раўнд Кубка ўладальнікаў кубкаў. Дзяўчаты двойчы на сваім паркеце перайгралі ізраільскі «Халон» (33:15, 41:18). Цяпер беларусак чакае выпрабаванне венгерскім «Веспрэмам». З перамогі ў жаночым розыгрышы Кубка ЕГФ стартаваў «Гомель». У горадзе над Сожам беларускі святкавалі перамогу над партугальскім клубам «Калегіа Жуаў ды Баруш» (24:20). Матч у адказ адбудзецца ў Партугаліі 12 кастрычніка.
4. І напрыканцы варта ўзгадаць пра падзею, якая ахапіла на гэтых выхадных літаральна ўвесь спартыўны свет. У Маскве адбыўся тытульны бой па боксе ў суперцяжкай вагавай катэгорыі паміж расіянінам Аляксандрам Паветкіным і ўкраінцам Уладзімірам Клічко. Бой, які з пафасам рэкламаваўся ў Расіі, завяршыўся ўпэўненай перамогай украінца. Гледачам толькі і заставалася не па справе асвістваць чэмпіёна. Вікторыю «доктару сталёваму молату» адзінагалосна прысудзілі ўсе суддзі. Дзякуючы перамозе Уладзімір абараніў суперчэмпіёнскі тытул Сусветнай баксёрскай асацыяцыі, а таксама паясы Міжнароднай баксёрскай федэрацыі і Сусветнай баксёрскай арганізацыі.

Тарас ШЧЫРЫ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».