Вы тут

«Дзень вызвалення быў сонечным...»


28 верасня 1943 года — дзень вызвалення раённага цэнтра Касцюковічы Магілёўскай вобласці ад фашысцкіх войскаў. У гонар 70 годдзя гэтай вялікай і радаснай падзеі сваімі ўспамінамі са «Звяздой» падзяліліся Леў Мінавіч Белянінаў і Іван Фёдаравіч Каплуноў.

Страшна і радасна

—Мне было 10 гадоў, калі вызвалілі Касцюковічы, — узгадвае Леў Мінавіч Белянінаў. — Наш дом спалілі, бацька загінуў на фронце, маці адна гадавала мяне і старэйшую сястру, мы выжывалі як маглі. Жылі па некалькі сем'яў у ацалелых дамах.
Ён у той час яшчэ не быў школьнікам: павінен быў пасці ў першы клас у 1941 годзе, але пачалася вайна. Аднак і адразу пасля вызвалення гэтага не здарылася. Школа запрацавала ў 1943 годзе, да кастрычніцкіх святаў, але ў малога не было абутку. Зусім не было, таму ў той год яму выпала сядзець на печцы.

1380579109504_1

—Дзень вызвалення Касцюковіч я памятаю вельмі добра, — узгадвае сёння 80 гадовы пенсіянер. — Усё было хутка, доўжылася менш за суткі. Пачаліся артылерыйскія абстрэлы, чуліся гукі баёў паблізу. У гэтай вечаровай кананадзе мы вырашылі ўцячы ў лес, каб перасядзець баі. Да нас далучыліся суседзі. Мы пабеглі, але нас затрымалі немцы: «Цурук, назад».
Таму дарослыя і дзеці схаваліся ў алешніку каля агародаў на Бальнічнай вуліцы. Якраз на гэтай вуліцы немцы вырашылі падпаліць дамы, каб не даць прарвацца савецкім войскам.
—Рабілі гэта немцы метадычна, — працягвае Белянінаў. — Яны заходзілі ў хаты і падпальвалі іх знутры. Калі ад полымя пачынаў валіцца дах, пераходзілі да наступнага будынка. Адна жанчына пачала плакаць: забылася выпусціць цяля. Яе не пусцілі. Навокал так гарэла, што нам у кустах было горача.

1380579111539_2

Але хлопчык ёсць хлопчык: і калі шчыра, то ў тую ноч яму запомніліся не толькі жахі, але і… нечаканая прыгажосць. Узрываліся снарады, адсвечваючы рознымі колерамі ў начной цемры кулі — гэта было і страшна, і цікава адначасова.
—А дзень вызвалення быў сонечным, — усміхаецца Леў Мінавіч. — Заціхла ўсё навокал, савецкія салдаты піхалі гармату праз рэчку. А немцы ўжо ўцяклі… Мы, задаволеныя, выскачылі да нашых. Я тады пабачыў, што яны былі ўжо добра экіпіраваныя, у пагонах. Не такія гаротныя, як пры адступленні. І жанчыны іх абдымалі і цалавалі. Вызваліцелі прыйшлі!

Забыты смак

Разам з вызваленнем Леў Мінавіч, безумоўна, згадвае і акупацыю. Суровы лагерны рэжым. Стрэлы без папярэджання на вуліцы ў каменданцкі час. Дзікія выхадкі нямецкіх салдатаў, якія забіралі сабе ўсё, што хацелі. Страшныя расстрэлы сем'яў камуністаў і падпольшчыкаў, яўрэяў.
—А як прыйшлі нашы — усё змянілася. І хаця першыя пасляваенныя гады мы адчайна спрабавалі выжыць, бо складана было з ежай і адзеннем, але настрой быў зусім іншы. У матэрыяльным плане вельмі цяжка жылі да 1947 года. Няма чаго было сеяць: усё паелі, каб не згінуць зусім. Што я толькі ні пераеў за тым часам!
Дзеці і дарослыя варылі шчаўе, лебяду, гнілую бульбу. Калі нехта даваў малака, то гэта было вялікім святам. Аднак часцей маці ўдавалася раздабыць бульбяныя лупіны.
—Суп з іх быў горкі, горла так драла, што не праглынуць, але ж елі і жылі, — расказвае Белянінаў. — Аднойчы наш салдат даў мне кавалак хлеба, добры такі акрайчык, дык я не ведаў, што з ім рабіць. Еў яго толькі да вайны, і… нават смак забыўся. Гэты ж салдат потым даў мне нямецкія боты — адзін большы, другі меншы — і мы з сястрой маглі ў іх выходзіць хаця б за парог, каб падыхаць паветрам.
Пасля вызвалення з'явіўся і харчовы паёк для сям'і франтавіка: па ім выдавалі тры кілаграмы хлеба, паўкіло цукру і камбітлушч. За хлебам трэба было стаяць у чарзе з вечара, калі з раніцы прывязуць — то добра, і адразалі яго адразу на месяц. А вось грашовая дапамога па бацьку для сям'і Белянінавых складала толькі 100 рублёў, за якія можна было набыць шклянку солі. Леў Мінавіч расказаў, што з нагоды пачатку школьных заняткаў ён і сястра набылі за гэтыя грошы два алоўкі і два сшыткі, кожны прадмет па 25 рублёў. У класе было 60 вучняў, за кожнай партай бокам сядзелі чатыры чалавекі. Буквар мела толькі настаўніца, школьнікі вучыліся пісаць на абрыўках газет, але пасляваенныя дзеці былі шчаслівыя ад таго, што яны свабодныя і што яны вучацца. Можа, таму сам Белянінаў стаў настаўнікам, а потым і дырэктарам школы.

Узвіжанне вызваленчае

Іван Фёдаравіч Каплуноў падчас вызвалення Касцюковіцкага раёна быў падлеткам.
—Я жыў у вёсцы Кавычыцы, і нас вызвалілі напярэдадні вызвалення Касцюковіч, 27 верасня, — расказвае ветэран, якому споўнілася 85 гадоў. — Калі мы жылі ў акупацыі, то ў нашых лясах дзейнічаў вялікі партызанскі атрад. У мяне быў конь Варончык, вялікі і прыгожы, я ім вельмі даражыў. Вось з гэтым канём я і дапамагаў партызанам, чым мог.
Іван Фёдаравіч расказвае, як вазіў партызанаў на падрыў чыгункі. У той час хлопец стаяў на варце каля каня, але ведаў, што гэта робіцца дзеля таго, каб спыніць нямецкіх салдат і зброю, якія ехалі на Маскву.
Аднойчы партызанскі атрад адправіўся па заданні штаба ў Прыкарпацце, а ў вёску прыйшлі карнікі. Кавычыцы — адна з чатырох вёсак у Касцюковіцкім раёне, якія спалены гітлераўцамі разам з жыхарамі. Аднак сям'я Каплуновых на чале з дзедам уратавалася ў лесе. Калі яны з яго выйшлі — ад хат засталіся толькі скляпы, з якіх атрымаліся зямлянкі для ацалелых людзей.
—А на дзень вызвалення было праваслаўнае свята Узвіжання, — працягвае расповед Іван Фёдаравіч. — Мы былі халодныя і галодныя. І нават не ведаю, як выжылі. Аднак каня свайго я ніколі не кідаў.
У дзень вызвалення Іван і яго сваякі пабачылі, як рухаюцца савецкія салдаты з боку Браншчыны, і вырашылі вяртацца да сваіх зямлянак у вёсцы. Неўзабаве трапілі пад абстрэл, і іх ледзь не засыпала зямлёй. Потым у вызваленчым віры падлетка з канём падхапілі знаёмыя партызаны, якія імкнуліся абмундзіравацца і атрымаць накіраванне на фронт.
—Мы прыехалі ў адну вёску, а яна гарыць. У адной з хат мясцовыя жыхары знайшлі чатырох немцаў: яны былі зусім маладыя і моцна п'яныя.
Іх білі чорнымі галавешкамі ад спаленых хат…
Потым Івана папрасілі дапамагчы канём медсанбату: быў бой, і каля рэчкі Бесядзь ляжалі параненыя салдаты.
—Я і сусед запрагліся і паехалі, — кажа Каплуноў. — Так і было: уздоўж Бесядзі ляжаць параненыя ў рад. Мне наклалі сем чалавек, поўны воз, сам ішоў побач. Яны так крычалі! Адзін даваў мне аўтамат, прасіў яго застрэліць з за невыноснага болю. Але ж я не здолеў. Ён плакаў, і пакуль даехалі да школы, дзе быў шпіталь, памёр. А я вярнуўся дадому. Потым мяне забралі ў войска, служыў 5 гадоў, быў аж на Сахаліне…

Міру і спакою людзям

Жыццё ў Івана Фёдаравіча і Льва Мінавіча склалася па-рознаму, але ўсё ж добра. Цяпер яны — жыхары Касцюковіч, ветэраны, паважаныя людзі, калегі па літаратурнай справе. Пішуць і чытаюць вершы, у якіх шмат пра вайну і дзяцінства той суровай пары.
—Вайна стала для мяне рубяжом у жыцці, — гаворыць Белянінаў. — Яна ўдарыла па мне: я застаўся без бацькі, без дома, без анічога. Што я бачыў добрага ў дзяцінстве і юнацтве? Давялося шмат перажыць, і я такі не адзін. Нас мільёны. Успаміны бяруць за сэрца. Але самае галоўнае, што нас вызвалілі. Гэта дарагога каштуе.
Іван Фёдаравіч шчасліва ажаніўся з дзяўчынай з роднай вёскі, якая жыла праз чатыры дамы ад яго. У іх нарадзілася 5 сыноў, ужо ёсць 12 унукаў і нават 6 праўнукаў.
—Я пажадаў бы ўсім міру і спакою на нашай зямлі, — сказаў Леў Мінавіч. — Мне б хацелася таксама, каб людзі больш падтрымлівалі адно аднаго, каб на прыкладзе нашых выпрабаванняў яны здолелі стаць больш спагадлівымі. Са святам вас вызвалення!

Ілона ІВАНОВА.Касцюковіцкі раён.Фота аўтара

і з архіва Касцюковіцкага раённага краязнаўчага музея.
Аўтар выказвае вялікую падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула дырэктару Касцюковіцкага раённага краязнаўчага музея Святлане Тыманюк і начальніку аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Касцюковіцкага райвыканкама Святлане Старавойтавай.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

Першы энергаблок Беларускай АЭС гатовы на 95 %, другі — на 70 %. 

Грамадства

У Мінску прайшоў фінал ІV Рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года»

У Мінску прайшоў фінал ІV Рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года»

Самыя актыўныя і пазітыўныя шматдзетныя сем'і з усіх абласцей краіны сабраліся ў сталічным Палацы культуры прафсаюзаў.

Грамадства

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Актыўная мама — гэта не толькі трэнд, але і жыццёвая неабходнасць у сучасным свеце.

Грамадства

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

Трывалая сувязь з блізкімі і роднымі вельмі важная для чалавека, які служыць у войску.