Вы тут

Паміж намі, хлопчыкамі...


Каму на свеце жыць добра? Дакладней, каму жывецца лепш — мужчыну ці жанчыне? Дзіўнае, на першы погляд, пытанне, праўда? І я спачатку так падумаў, калі выпадкова ў сеціве натрапіў на... Не, на гэты раз не на даследаванні навукоўцаў, якія вельмі моцна паважаю, а на адмысловы «народны» рэйтынг пераваг моцнай паловы перад прыгожай. А потым падумаў: нешта ў гэтым усё ж ёсць. Усур'ёз успрымаць тэму, вядома, не варта, але, пагадзіцеся, кожны з нас — і мужчыны, і жанчыны — у пэўных жыццёвых сітуацыях не-не ды і падумае ці нават скажа ўголас: а ўсё ж такі добра, што я — не яна (ці не ён)...

У вышэйназваным «рэйтынгу» амаль два тузіны прычын, чаму мужчынам быць лепш, чым жанчынай. Але, думаю, канкрэтная лічба не мае значэння, бо пры жаданні кожны з нас можа або дадаць яшчэ колькі такіх прычын ад сябе, або, наадварот, скараціць гэты пералік. Таму пройдземся толькі па асобных.

1380144910493_26-5

Першая прычына, чаму мужчыну жывецца лепш, чым жанчыне: яму не трэба выбіраць абцасы ці платформу, каб выглядаць прывабна. 1:0 на карысць мужчын. Як у тым анекдоце: ніводная жанчына не выбірае сабе сужэнца па прыгажосці ног. Хаця, ведаеце, гэты «козыр» хутка могуць выбіць з рук (ног) мужчын: на Захадзе з'явіліся дзівакі, якія носяць туфлі на вялікіх абцасах... Далей. У мужчын не бывае ПМС, калі свет падаецца злосным і жудасным. Ды і крызіс сярэдняга ўзросту, калі многія мяняюць працу на больш цікавую, а жонак, што надакучылі, на больш юных, пераносіцца мужчынамі, напэўна, прасцей. Жорстка, але жыццёва. Рэдка бывае, калі дзяўчына «бальзакаўскага ўзросту» заводзіць сабе маладзейшага сужэнца. Звычайна ўсё наадварот. (Памятаеце анекдот з нагоды? Аб'ява ў газеце: «Мяняю 40-гадовую жонку на двух 20-гадовых дзяўчат. Варыянт «4 па 10» не прапаноўваць».) На крайні выпадак, каб аблегчыць крызіс сярэдняга ўзросту, можна купіць новую машыну. Калі на яе няма грошай, змяніць стыль у адзенні на больш моладзевы. Ці вуха «прабіць». Па начных клубах пачаць бадзяцца.
Нараджаць у пакутах мужчынам таксама не трэба. Напісаў вось і задумаўся... Тут сітуацыя, як з вышэйзгаданымі абцасамі: ужо вядомы выпадак, калі колішні мужчына нарадзіў... Куды коціцца свет?.. Мужчыны, трымаемся! І рушым далей па спісе. Да бландзіна за рулём не ставяцца насцярожана, як да жанчыны з тым жа колерам валасоў. («І куды гэта мы так спяшаемся па сустрэчнай?» — «Не ведаю, але мабыць ужо не паспела: усе едуць у зваротным напрамку».)
Паход у цырульню не з'яўляецца для мужчыны важнай падзеяй, а ад'езд любімага майстра — катастрофай планетарнага маштабу. Ну, не атрымалася пастрыгчыся, значыць, будзем насіць доўгія валасы, зменім імідж крыху.
А тыднёвае шчацінне заўсёды можна патлумачыць чарговай спробай адпусціць бараду. Ды і дэпіляцыя мужчынам не пагражае. А насамрэч так яшчэ і цяплей. Мужчына, як вядома, апранае тое, што першым вываліцца з шафы, эканомячы такім чынам безліч часу. А жанчына? Існуе паданне, што сярод іх сустракаюцца тыя, хто адчыняе шафу, ужо загадзя ведаючы, што апрануць... Акрамя таго, мужчыны эканомяць шмат грошай на касметыцы, упрыгажэннях, дарагой сподняй бялізне. Праўда, ім усё роўна даводзіцца гэта набываць, але ўжо для сваёй жанчыны. Таму гэты пункт у нашым «рэйтынгу» прапаную не залічваць у якасці перавагі.
Рамантычная вячэра для мужчыны — гэта набыты букет і прэзерватывы, а не вахта каля кухоннай пліты. Памятаеце жарт колішняга «зорнага» саставу беларускай каманды КВЗ БДУ: «Раней піражок каштаваў тры капейкі, прэзерватыў — дзве. Гэта ж як можна было пагуляць на пяць капеек!» Дарэчы, мужчына ніколі не камплексуе, што яго каронная страва — піца (яешня, пельмені, макарона). А ўменне прыгатаваць нешта крыху больш складанае, чым смажаная бульба, павышае яго «акцыі» да завоблачных вяршынь. А вось адсутнасць такіх талентаў у жанчыны лічыцца як мінімум маветонам.
А яшчэ ў мужчыны не бывае свекрыві. Толькі дзеля гэтага ўжо можна нарадзіцца мужчынам. Цешча і цесць, калі знайсці з імі агульную мову (шантаж, подкуп, падлашчванні, пагрозы — усе сродкі падыходзяць), яшчэ і на тваім баку будуць пры спрэчках з жонкай. Як у тым анекдоце: «Купіў сасіскі. Паклаў у халадзільнік. Потым захацеў іх з'есці — не знайшоў. Гляджу, цесць задаволены ходзіць. І тут да мяне дайшло! Сасіскі — у цесцю!»
Мужчына можа пісаць першым, званіць першым, чакаць каля пад'езда ці пасля працы. На яго прыстойнасці гэта ніяк не адаб'ецца. Большасці мужчын хапае для тэлефоннай размовы 15 секунд. А жанчына, якая размаўляла менш за 40 хвілін, папросту памылілася нумарам. Мужчына не камплексуе, калі на якой вечарынцы бачыць іншага мужчыну, апранутага гэтак жа, як і ён. Гэты факт аўтаматычна лічыцца чарговым тостам — за знаёмства. Каб з'ездзіць у адпачынак, мужчыну для рэчаў хапае адной дарожнай сумкі. Чарга ў мужчынскую прыбіральню заўсёды меншая і рухаецца хутчэй...
Працягваць можна было б і надалей, бо адрозненняў паміж мужчынамі і жанчынамі нашмат больш. Толькі... Мабыць, нас таму і цягне адно да аднаго, што мы шукаем тое, чаго няма ў саміх. Таму і жывецца нам добра — разам...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?