Вы тут

Візітоўка ў сеціве


Ці патрэбны бізнесу свой «твар» у інтэрнэце?

Адсутнасць у кампаніі свайго сайта па цяперашнім часе — маветон. Для вялікіх фірм гэта проста несалідна. А для малога бізнесу ўласны сайт — нават дадатковы інструмент для адваявання сваёй нішы на рынку. Колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў пастаянна расце і калі кампанія сёння не зробіць сваё інтэрнэт-прадстаўніцтва, то заўтра яе ніхто не знойдзе.
Давайце разгледзім такі прыклад: вы — малады прадпрымальны чалавек, скажам, электрык, адкрылі сабе ІП і аказваеце людзям паслугі ад замены лямпачак да сур'ёзных электрамантажных работ. Ну а зараз нібыта задумаліся пра свой сайт.

Навошта ён?

Для пачатку пагартаем рэкламную газету. Аб'яў ад электрыкаў — безліч. Як выбраць самага надзейнага і праверанага? Я, напрыклад, калі трэба адрамантаваць камп'ютар ці заказаць устаноўку дзвярэй, гляджу на тых, у каго пазначаны сайт. Туды можна завітаць, ацаніць асартымент, цэны, паглядзець гісторыю фірмы, дзе знаходзіцца офіс і г.д. І ў выніку выбіраю самую, на мой погляд, надзейную. А ў каго сайта няма — прабачце, хлопцы, ХХІ стагоддзе на двары, трэба падцягвацца...
Па сутнасці, сайт — гэта ваша візітоўка ў інтэрнэце, на якую вы можаце спасылацца ва ўсіх сваіх аб'явах. Гэта ваш віртуальны офіс, дзверы якога адчынены для наведвальнікаў 24 гадзіны ў суткі.
Давайце падумаем, што на вашым сайце можа быць. У варыянце з электрыкам — апісанне паслуг, цэны на іх, аповед пра сябе, пра складаныя аб'екты, на якіх прыходзілася працаваць, кантакты, навіны, інфармацыя пра зніжкі і акцыі. Гэта мінімум інфармацыі, прызначанай для кліента.

1380144896132_26-27

А калі ісці далей і развіваць сваё прадстаўніцтва ў інтэрнэце, то можна зрабіць усё што заўгодна — ад прыёму заказаў праз інтэрнэт да паўнавартаснай інтэрнэт-крамы ці вялікага партала.
Такім чынам, ствараючы сайт, бізнесмен можа вырашыць наступныя задачы: расказаць пра сябе і свой бізнес, даць магчымасць кліенту задаць пытанні ці нешта ўдакладніць, стварыць яшчэ адзін «кручок» для лоўлі кліентаў — з віртуальнага сеціва. Калі дзякуючы яму з'явіцца хаця б на дзясятак больш кліентаў — то гэта ўжо поспех, праўда?

Стварыў і... забыў?

Але будзе памылковым лічыць, што стварэнне сайта вырашыць усе праблемы. Калі ваш бізнес неэфектыўны ці прадукцыя неканкурэнтаздольная, то сайт наўрад ці дапаможа. Таксама не трэба спадзявацца, што сёння ты стварыў сайт за «тры капейкі», а заўтра да цябе прыйдзе мільён кліентаў. Сайт — адзін з мільёнаў у інтэрнэце, і каб яго заўважылі (ды яшчэ заўважылі патрэбныя вам людзі!) — усяго трэба ўкласці шмат сіл, часу і грошай.
Ну і, безумоўна, аднойчы стварыўшы сайт, трэба яго хоць зрэдку абнаўляць. А то заходзіш на сайт якой кампаніі — а там тэлефоны старыя, адрас офіса, з якога фірма даўно з'ехала, апошнія навіны вісяць з пазамінулага года... І адразу знікае жаданне звязвацца з такімі несур'ёзнымі таварышамі.

Як зрабіць і колькі ўкласці?

Натуральна, самы просты спосаб зрабіць сайт для свайго бізнесу — заказаць яго ў тых, хто гэта ўмее рабіць. Заплаціў грошы — і спі спакойна: табе і дызайн прыдумаюць, і ўласна сайт зробяць, і раскруцяць яго. Кошт пытання — ад некалькі соцен баксаў, у залежнасці ад таго, што вам трэба.
Другі варыянт — зрабіць сайт самастойна. Насамрэч, просценькі сайт-візітоўку зрабіць не так і складана, але трэба троху «сячы» ў камп'ютарах і патраціць пэўны час на вывучэнне гэтага пытання. У інтэрнэце бясплатна можна спампаваць так званыя «рухавікі» сайта (самыя папулярныя — WоrdРrеss і Jооmlа!), набыць сабе домен (скажам, еlеktrуk.bу), хостынг (месца на серверы, дзе будуць фізічна ляжаць файлы вашага сайта), прачытаць пару інструкцый, як гэта ўсё звязаць, — і вуаля, сайт гатовы! Цяпер на візітках і ў рэкламе можна пазначаць назву сайта і зрабіць сабе прыгожы е-маіl: не suреrеlеktrуk2013@mаіl.ru, а, скажам, jа@еlеktrуk.bу.
Толькі майце на ўвазе, што, згодна з беларускім заканадаўствам, хостынг павінен быць толькі беларускім. Таму размясціць сайт у Германіі ці Расіі не атрымаецца, хаця каштаваць гэта будзе трохі менш.
Давайце прыкінем, на колькі пацягне самы просценькі сайт для нашага электрыка-прадпрымальніка (пры ўмове, што мы самі ўсё будзем рабіць): «рухавік» сайта — бясплатна, домен — каля $15 за год, хостынг — каля
$ 80 за год. У выніку атрымліваецца, што ў 100 баксаў за год укладваемся. Не так шмат для прадпрымальніка, праўда?

Не сайтамі адзінымі

Стварэнне сайта — гэта толькі адзін са спосабаў заявіць пра свой бізнес у інтэрнэце. А іх яшчэ вагон і маленькі вазок. Напрыклад, можна свой сайт зарэгістраваць у шматлікіх каталогах — а раптам хто з кліентаў прыйдзе адтуль?
Яшчэ адзін спосаб прывабліваць кліентаў — быць экспертам на тэматычных рэсурсах. Скажам, завесці на якім-небудзь форуме ці ў сацыяльнай сетцы раздел (галіну форуму, суполку ў сацыяльнай сетцы і г.д.) пра электрыку і там даваць людзям бясплатныя парады. Калі вас ужо будуць лічыць за аўтарытэтнага спецыяліста, то і заказы з'явяцца. Я, напрыклад, так знайшоў сантэхніка для падключэння пральнай машыны: паглядзеў, што на спецыялізаванай галіне форуму аб пральных машынах адзін сантэхнік дае слушныя парады, і напісаў яму — маўляў, прыходзьце і да нас. Тут гарантыяй якасці выступае рэпутацыя эксперта: калі праца будзе зроблена дрэнна, то і водгукі будуць адпаведныя.

Павел БЕРАСНЕЎ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».