Вы тут

Німфа Адрыятычнага мора,або Чаму чарнагорцы не любяць працаваць


Холад, які ўварваўся ў нашу краіну з надыходам восені, прымусіў успомніць амаль саракаградусную спёку на Адрыятычным узбярэжжы гэтым летам. Адразу захацелася вярнуцца ў цудоўную Чарнагорыю, дзе высокія, дужыя, смелыя мужчыны нічога не робяць, а дзяўчаты так любяць загараць, што ажно камянеюць на пляжы.

1380144863788_26-12

«Свае горы мы не аддадзім»

Думаю, каб пазнаць чарнагорца, не трэба прасіць паказаць пашпарт. Тым больш што яго, напэўна, не будзе. Не, выключна намінальна, для парадку, ён можа дзе-небудзь ляжаць. Але ім ніхто не карыстаецца. Пра дакументы і ў замежнікаў ніхто не пытаецца. Калі праходзілі сербска-чарнагорскую мяжу (а было тое ўначы), нас нават не пабудзілі — як ехалі, так і паехалі далей. Во дзе гасціннасць! Таму пашпарты ў Чарнагорыі не патрэбныя. Там замест пашпарта — запаветы. Іх усяго дзесяць (гл. вынаску). Нядрэнна, ці не так? Дык вось, каб камфортна адпачываць у горнай краіне, абавязкова трэба ведаць гэтыя запаветы. Іначай вы проста не будзеце разумець, што навокал адбываецца: чаму ніхто нікуды не спяшаецца, чаму можна чакаць засялення ў гасцініцу па 6 гадзін, чаму квіток на цягнік не можа гарантаваць таго, што ў вас будзе месца ў вагоне, і гэтак далей.
Адзін гід раскрыў нам, замежнікам, сакрэт паспяховасці і ўсеагульнага выканання нацыянальных запаветаў. «Паглядзіце вакол сябе, — сказаў ён. — Што вы бачыце? Горы. І так па ўсёй краіне. Няма зямлі, толькі горы. І мы іх нікому не аддадзім, бо пад гарамі — зямля. А яе трэба будзе апрацоўваць. Не, мы лепш будзем турызмам займацца». І займаюцца. І даволі паспяхова. Але не будзем ім замінаць у гэтай справе, паколькі, як вы памятаеце, калі бачыш, што хтосьці працуе, — бяжы ад яго.

Стагадовая вайна з... Японіяй

Як бы я ні ставіўся да чарнагорцаў, колькі б я іх не называў лянівымі, усё роўна яны — вельмі мужныя. Вы толькі падумайце: ваявалі з Японіяй (не самай слабай у вайсковай справе краінай) цягам 102 гадоў. Вы скажаце: «Ніколі не чуў пра яшчэ адну «стагадовую вайну», і тым больш паміж гэтымі краінамі». І будзеце мець рацыю, бо ніякай вайны не было. Не, чарнагорцы сумленна складалі галовы падчас руска-японскай вайны (1904-1905 гадоў), служачы ў расійскім войску, а вось баявых дзеянняў непасрэдна паміж «горцамі» і «самураямі» ніколі не вялося.
Справа ў тым, што адбыўся дыпламатычны казус. У 1904 годзе маленькая (сёння крыху больш за 600 тысяч насельніцтва), але гордая краіна Чарнагорыя, каб падтрымаць Расію, аб'явіла вайну Японіі. А вось калі падпісвалася мірнае пагадненне паміж Расіяй і Японіяй, пра невялічкую краіну забыліся. У выніку мірнае пагадненне паміж Чарнагорыяй і Японіяй было падпісана толькі праз 102 гады — у 2006-м. Дарэчы, у тым жа годзе Чарнагорыя стала незалежнай, аддзяліўшыся ад Сербіі. Частка чарнагорцаў дагэтуль лічыць сябе сербамі.

«Цяжкая» прафесія афіцыянта

Мне будзе складана гэта прызнаць, аднак менавіта чарнагорцы не толькі мужныя ваяры, але і сапраўдныя джэнтльмены. Чаму я так вырашыў? Ды таму, што я ніколі не сустрэў у кавярні ці рэстаране ніводнай жанчыны-афіцыянткі. Самі чарнагорцы тлумачаць гэта тым, што праца афіцыянта вельмі цяжкая, а значыць, жанчыны ёю займацца не павінны. Вучыцеся!
Адзінае толькі, што пры гэтым чамусьці жанчыны актыўна працуюць прадаўцамі, турыстычнымі агентамі, прыбіральшчыцамі, поварамі і гэтак далей. А мужчыны ў гэты час сядзяць у мясцовай кавярні і п'юць або каву, або піва (дарэчы, піўзавод — ледзь не адзінае паспяхова працуючае прадпрыемства ў краіне), або яшчэ які напой — усё ж такі на вуліцы вельмі спякотна. Сваімі вачыма бачыў кожны дзень гэту карціну побач з гасцініцай: з самай раніцы гатуюць жанчыны смачную піцу і іншы фастфуд у найбліжэйшай «забягалаўцы», а на рагу вуліцы стаяць машыны таксі, кіроўцы якіх у суседняй установе штосьці папіваюць. Мне чамусьці заўсёды здавалася, што таксісты шмат працуюць. Але ўсё, напэўна, залежыць ад іх месцазнаходжання...

Ракія. Соnnесtіng реорlе

Так перафразаваў вядомы ва ўсім свеце слоган кампаніі Nоkіа той самы гід, які распавёў пра запаветы. Ракія — гэта вельмі моцны алкагольны напой, які атрымліваюць шляхам браджэння рознай садавіны і ягад. Такі мясцовы, балканскі самагон. У Чарнагорыі найбольшай папулярнасцю карыстаецца слівовіца, якую, зразумела, робяць са сліў. Але могуць выкарыстоўваць вінаград, абрыкосы, персікі, яблыкі, грушы, чарэшні, інжыр, ажыны і шмат іншага. Мацунак гэтага напою можа даходзіць да 50-60 градусаў, а бывае і больш. Гатуюць ракію амаль у кожнай хаце. Не, не для продажу. Для сябе. Ці для гасцей, якіх там насамрэч любяць і паважаюць.
Пра ракію ёсць нават выдатны анекдот. Вырашылі высветліць, чый «саматужны» напой мацнейшы. Паклікалі англічаніна, рускага і чарнагорца. Сказалі кожнаму выпіць па літры свайго нацыянальнага напою. Выпіў англічанін віскі — яго запрашаюць у пакой, дзе стаяць два крэслы, і пытаюцца: «Колькі бачыш крэслаў?» Ён адказвае — «Восем». Тое самае робяць з рускім пасля літру самагону. Ён адказвае: «Шаснаццаць». Апошнім ідзе чарнагорац пасля порцыі ракіі. Пытаюцца: «Колькі крэслаў?». Адказвае: «А ў якім радзе?». Таму будзьце асцярожнымі з ракіяй, калі вам давядзецца яе пакаштаваць.

«Танцорка з будвы»

Гэта паўнавартасны сімвал Будвы, самага буйнога горада на ўзбярэжжы. Сапраўдны турыст абавязкова павінен наведаць пляж Могрэн, дзе сустрэнецца з ёю. З дзяўчынай, якая згубіла купальнік. А дакладней, з яе статуяй.
Насамрэч, помнік называюць «Танцорка з Будвы» ці «Балярына». Стаіць ён пасярод скал. Але пры жаданні да помніка можна дабрацца. Што многія і робяць. Асабліва тыя, хто прытрымліваецца «сексуальнай» версіі паходжання статуі.
Ёсць жа і іншыя гіпотэзы. Напрыклад, адна легенда кажа, што аднойчы на маладых людзей, якія тут купаліся, напала нейкае марское страшыдла. Хлопец загінуў, а дзяўчына паспела выплыць. І з той пары яна кожны вечар прыходзіла на бераг і глядзела ўдалячынь, быццам чакаючы, што каханы ўсё ж вернецца.

Рэальная ж падстава для стварэння прыгожай скульптуры была іншая. Мастак Градзімір Алексіч быў натхнёны на працу легендай аб дзяўчыне, у якой быў жаніх — матрос. Ён паплыў далёка ў мора, а тая кожную раніцу прыходзіла на гэтую скалу і, гледзячы ў адкрытае мора, чакала вяртання свайго жаніха. Яна праводзіла цэлыя дні, месяцы і гады ў гэтым чаканні, але карабель з каханым так і не вярнуўся. Таму статуя стала сімвалам вернага кахання і адданасці. І кожны сам сёння вырашае, як яму ўспрымаць бронзавую дзяўчыну.

10 запаветаў чарнагорца:

1. Чалавек нараджаецца стомленым і жыве для таго, каб адпачываць.
2. Любі свой ложак, як самога сябе.
3. Адпачывай удзень, каб спаць уначы.
4. Не працуй — праца забівае.
5. Калі ўбачыш каго-небудзь, хто адпачывае, дапамажы яму.
6. Рабі менш, чым можаш, а тое, што можаш, — даручы іншаму.
7. Ад адпачынку яшчэ ніхто не памёр.
8. Праца прыносіць хваробы — не памры маладым.
9. Калі захочаш працаваць, прысядзь, адпачні. Убачыш — гэта пройдзе.
10. Калі бачыш, што хтосьці есць і п'е — далучайся да яго; калі бачыш, што хтосьці працуе, — бяжы ад яго.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.Мінск-Будва-Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».