Вы тут

Усе рамеснікі — у Глушу!


У Бабруйскім раёне цэлы тыдзень праходзіць пленэр, фіналам якога стане фестываль.

Фэст народных промыслаў, які мае назву «Глушанскі хутарок», ладзіцца ўжо 4-ы раз, і на базе аднаго сельскага савета — Глушанскага.

Старшыня сельсавета Марыя СУШЧАНКА, распачаўшы добрую справу, спыняцца не збіраецца і запрашае ўсіх майстроў, рамеснікаў ды проста аматараў народнай творчасці на свята, якое будзе ладзіцца ў суботу 28 верасня ў Цэнтры рамёстваў вёскі Глуша Бабруйскага раёна.

1380058477414_25-7

Распачнецца дзея ў 11.00 сельскагаспадарчым кірмашом. А пасля ўрачыстага адкрыцця фестывалю адбудзецца спаборніцтва сярод рамеснікаў у трох намінацыях: захаванне і развіццё народных традыцый, мастацкі ўзровень і складанасць выканання, малады майстар. Можна будзе ўбачыць, напрыклад, старажытныя спосабы варкі, абпальвання гліны ды іншыя сакрэты стварэння народных вырабаў. А для тых, хто няпростай тэхнікай народных промыслаў не валодае і любіць толькі дзівіцца на іх вырабы, будзе праводзіцца конкурс прыпевак. Адмыслова для ўсіх глушанцаў — конкурс падворкаў.
У праграме таксама майстар-класы майстроў, выстава-кірмаш рамесных вырабаў, прэзентацыя аграсядзіб раёна, катанне на конях у лесе. Можна наведаць стары млын ХVІІІ стагоддзя, які нядрэнна захаваўся. А ў «хаце бедняка» ўбачыць, як калісьці жылі вяскоўцы: бытавыя прадметы ўжо сталі музейнымі экспанатамі.
Марыя Сушчанка расказвае, што яны чакаюць абсалютна ўсіх. Да іх і барды з гітарамі любяць наведацца, і госці з Масквы маюць намер завітаць. А хто найбольш яскрава «выстраліць» сярод рамеснікаў — таксама складана прадказаць. У мінулым годзе, напрыклад, чалавек з суседняй вёскі прывёз капу — спецыяльна апрацаваныя нарасты на дрэвах. Старшыня сельсавета адзначае, што імі надзвычай добра можна ўпрыгожыць і інтэр'ер, і на двары штосьці асаблівае стварыць. Ды і каштуюць такія капы вельмі дорага. Але гэты рамеснік таго не ведаў і шчодра адорваў імі многіх. Марыя Сушчанка мяркуе, што нават сустрэчы з майстрамі — сапраўдны падарунак, таму лепш завітаць у Глушу, каб убачыць усё на свае вочы.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.