Вы тут

Усяго багата


Такога абраду няма ў суседнiх народаў!..

У народзе лiчылася, калi на Багач добрае надвор'е — значыць, i восень будзе цёплая. Сёлета свяцiла сонейка, а ў паветры павольна лёталi серабрыстыя павуцiнкi. Такое цудоўнае надвор'е 21 верасня стала добрай нагодай, каб наведаць Дзяржаўны лiтаратурны музей Янкi Купалы ў Вязынцы, дзе Студэнцкае этнаграфiчнае таварыства зладзiла восеньскi фестываль Багач.

1379972291287_1

…Па дарозе да музея расцягнулiся людзi ў народных строях. «Сёння, мабыць, нейкае свята?» — спытаў адзiн з пасажыраў. «Багач», — з усмешкаю адказалi дзяўчаты ў iльняных кашулях.

Каля ўвахода гасцей свята сустракалi сябры Студэнцкага этнаграфiчнага таварыства ды прапаноўвалi тым, хто не захапiў з сабою жменьку зерня, маленькiя «багачыкi» з жытам, пшанiцай цi аўсом. Але многiя, у каго былi «запасы», набылi сабе i гэтыя палатняныя мяшэчкi з прыгожымi лiнарытамi Тамары Дзяменцьевай

.

На дудачны найгрыш Яўгена Барышнiкава да сцэнiчнай пляцоўкi падыходзiлi гледачы i выступоўцы — пачынаўся галоўны абрад свята… Усе прысутныя ссыпалi зерне ў лубок з падпаленай свечкай — i з агульным «багачом» абышлi ўвесь двор музея, спяваючы жнiўныя песнi. Потым яго аддалi гаспадынi, каб тая паставiла «багач» на покуць i захавала да наступнага года — гэта прынясе ў яе дом багацце ды шчасце.

На Багач нашы продкi падводзiлi вынiкi сваёй летняй дзейнасцi. «Багач, што ўсяго багата… Гаспадар падлiчвае свае скарбы: што сабраў з поля, што ў агародзе вырасла», — кажа Ганаэфа Маркевiч з вёскi Збрашкi Шчучынскага раёна. Да гэтага свята завяршалi ўсе работы ў полi, старалiся пачысцiць i схаваць да вясны земляробчы iнвентар, якi называўся «рагачом». У народзе казалi: «Прыйшоў багач — кiдай рагач, бяры сявеньку — сей памаленьку». «Багачом» называлi таксама кошык цi лубок з жытам i свечкаю, з якiм абыходзiлi ўсе двары ў вёсцы.

1379972294902_2

Пасля завяршэння гэтага старадаўняга абраду госцi музея пачулi традыцыйныя жнiўныя i восеньскiя спевы. Першым выступiў гурт «Горынь» (дарэчы, так на Беларусi называюць адмысловыя чырвоныя нiткi для вышыўкi). Потым сцэнiчную пляцоўку занялi спявачкi з вёскi Студзераўшчына Дзятлаўскага раёна. Задорная песня «Выйшла замуж маладою» настолькi спадабалася гледачам, што гурт папрасiлi праспяваць i па-за сцэнай. Першую частку спеваў завяршылi гурты «Варган» i Gudа.

Яшчэ а дванаццатай гадзiне на тэрыторыi музея разгарнуўся кiрмаш традыцыйных рамёстваў — можна было набыць вырабы з саломы i лазы, дзеткам вельмi спадабалiся глiняныя свiстулькi. Сямейная майстэрня «Поўня» парадавала прысмакамi ды «мядовым бодзi-артам». Падчас перапынку можна было паўдзельнiчаць у майстар-класах па ткацтве паясоў, лазапляценнi, кавальстве, навучыцца рабiць беларускую ляльку ды плесцi вянкi з восеньскiх лiстоў. А сямейны клуб Студэнцкага этнаграфiчнага таварыства падрыхтаваў для дзетак гульнявую пляцоўку. Не забылiся сябры СЭТ i на гастранамiчную праграму: на свяце можна было пакаштаваць стравы традыцыйнай беларускай кухнi — напрыклад, з'есцi праснак ды выпiць духмянага крупнiку.

Пасля таго як госцi падсiлкавалiся, да сцэнiчнай пляцоўкi iх запрасiў гук дуды — праграму працягнулi традыцыйныя мужчынскiя спевы. Гурт хлопцаў, якiя толькi нядаўна пачалi збiрацца, каб спяваць, выйшаў пакуль без назвы. У гурце «Рада» аб'ядналiся людзi з глыбокай цiкавасцю да беларускай традыцыi, хоць i не звязаны з этнаграфiяй i культуралогiяй прафесiйна. Завяршыў песенную частку фестывалю Раман Яраш з палескай песняй, якую ён выканаў пад гiтару. Пасля запрошаныя музыкi зайгралi жвавыя беларускiя песнi — i перад сцэнай ўтварылася танцавальная пляцоўка… А «Багач» будзе стаяць на покуцi да новага багатага ўраджаю!

Юлiя КIРЭЙЧЫК, Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.