Вы тут

«Бяда яднае»


Вайна ў Сірыі вачыма беларускі-мусульманкі

 

З ног на галаву перавярнулі жудасныя падзеі ў Сірыі паспяховае жыццё многіх беларусак. Адна з іх згадзілася падзяліцца сваёй гісторыяй. Але толькі пры ўмове, што не буду змяшчаць яе фотаздымак і называць прозвішча.

«Славянскую жанчыну, якая ідзе па вуліцы, могуць забіць ці ўзяць у палон»

З Наталляй і яе сірыйскім мужам Абетам сустрэліся ў сталічным парку Чалюскінцаў. «Я вас і дадому запрасіла б, але ў нас там пакуль няма практычна ніякай мэблі, — кажа жанчына. — На працы, куды я ўладкавалася швачкай пасля таго, як вярнулася з Сірыі, дзякуй Богу, паставіліся да мяне з разуменнем: далі два пакоі ў інтэрнаце».

У сірыйскім горадзе Алепа Наталля пражыла ажно 18 гадоў. Жыла б і цяпер, кажа, калі б не вайна.

«З кожным днём выходзіць на вуліцу станавілася ўсё больш небяспечна, — кажа Абет. — У любы момант магла пачацца перастрэлка. Я вельмі перажываў за сваю жонку і дзяцей. Бо калі баевікі ўбачаць на вуліцы славянскую жанчыну, то могуць без прычыны забіць яе ці ўзяць у палон».

«Таму мы з дзецьмі стараліся не выходзіць з кватэры, — падхоплівае Наталля. — Але і дома не адчувалі сябе ў поўнай небяспецы. Бо па вуліцах горада пачалі ездзіць вялікія «пікапы» з аўтаматамі. На свае вочы бачыла, як у суседніх дамах і крамах ад куляў сыпалася шкло. Мы жылі на першым паверсе. Малодшыя дзеці вельмі любілі гуляць на падаконніку. Дык я толькі і паспявала іх адтуль сцягваць... У той час мне пачалі тэлефанаваць з беларускага пасольства ў Сірыі. Хацелі адправіць нашу сям'ю ў Беларусь.

Але мы спачатку адмовіліся ад дапамогі. Спадзяваліся, што ўсё супакоіцца. Тым больш старэйшы сын паступіў ва ўніверсітэт. Але неўзабаве зразумелі, што цягнуць далей няма куды...»

«Мы нікуды не паляцім без таты»

Каб выехаць з краіны нават у разгар вайны, трэба было аформіць дакументы. «Як на зло, патрэбныя інстанцыі ў Алепа альбо разбамбілі, альбо яны самі закрыліся, — распавядае Абет. — Таму давялося ехаць у Рака і Дамаск».

«Каб даехаць да іншага горада, трэба праехаць некалькі кантрольных пунктаў — і рэгулярнай арміі, і апазіцыі, — узгадвае Наталля. — На зваротным шляху з Рака пад'язджаем да чарговага блок-паста і бачым 4 перавернутыя машыны. Ля іх ходзяць маладыя хлопцы, гадоў 16-18, з аўтаматамі. Спынілі і нашу маршрутку. У аднаго пасажыра не было пры сабе дакументаў. А няма дакументаў — значыць, вайсковец, ніхто не разбіраецца. Вывелі яго на вуліцу і забілі. Я ўсю дарогу стрымлівалася, а калі вярнуліся дадому, у мяне пачалася істэрыка».

«Крыўдна за іслам, якім прыкрываюцца баевікі, — уздыхае Абет, і на вочы дарослага мужчыны наварочваюцца слёзы. — У Каране ж чорным па белым напісана, што той, хто забіў аднаго чалавека, — забіў усё чалавецтва».

«З пасольствам у нас ніякіх праблем не было, — кажа Наталля. — Там нам дакументы на выезд з краіны аформілі бясплатна, не толькі на мяне і дзяцей, але і на мужа. Праўда, рабіць візу і набываць білеты Абету давялося за свае грошы. Білет у адзін бок каштуе 600 долараў, віза — 170 долараў. Праблемы пачаліся падчас праверкі дакументаў на мытні. У мужа, як аказалася, стаяла забарона на вылет з краіны. Дзеці ў слёзы: «Мы нікуды не паляцім без таты». Абет кажа: «Ляціце, бо ў мяне грошы засталіся толькі на зваротную дарогу».

«Праз месяц, на шчасце, Абет усё ж такі прыляцеў у Беларусь. А паўтара месяца таму з Сірыі вярнулася мая сяброўка Алена, — працягвае Наталля. — Яна ўжо два гады жыве ў Беларусі, але перыядычна ездзіць у Хомс да мужа. У яго там высокааплатная праца, якую ён не можа пакінуць. Алена кажа, што ў Хомсе зараз больш спакойна, чым у Алепа і Рака. Яна стараецца дабірацца туды найбольш бяспечнымі шляхамі, праз Ліван. А пасля таксі замаўляе. Там ваенных шмат, яны кажуць, куды лепш ехаць. Ведаю, што некаторыя, каб даехаць да аэрапорта, наймаюць верталёт. Каб пілот па рацыі перадаваў, па якой дарозе ехаць таксі. Бо дарога да аэрапорта — самая небяспечная. Там пуста, дамы разбомбленыя і паўсюль сядзяць снайперы. Ехаць трэба вельмі акуратна, нават руку нельга падымаць, таму што могуць не так успрыняць і пачаць абстрэл».

«Света і ўявіць не магла, што давядзецца нараджаць падчас вайны»

Распавяла Наталля мне і гісторыю яшчэ адной сваёй сяброўкі. «Мы са Светай хоць і жылі шмат гадоў у адным горадзе, пазнаёміліся толькі па вяртанні ў Беларусь. Яна выйшла на мяне праз пасольства. Бяда яднае. Той, хто не перажыў вайну, не зразумее».

Света, як высветлілася, з'ехала з Алепа крыху раней, чым Наташа, — у кастрычніку мінулага года. Тым не менш паспела адчуць увесь жах вайны напоўніцу. «Сяброўка была сведкай выбуху мясцовага КДБ летам мінулага года, — распавядае Наталля. — Іх дом другі ад гэтага будынка. Дом вельмі трывалы. Вокны знутры абаронены жалезнымі электрычнымі ралетамі, і на ноч яны іх заўсёды апускалі. Каля 9 раніцы туды пад'ехала маленькая «Сузукі», нашпігаваная выбухоўкай, з камікадзэ ўнутры, і адбыўся выбух... Света расплюшчыла вочы і ўбачыла, як металічныя ралеты ад сілы выбуху закручваюцца ў трубку. Яна схапіла дзіця. У гэты момант адбыўся другі выбух, і бэлька ўпала якраз на тое месца, дзе толькі што ляжала яго галава. У гэты час у парку, за будынкам КДБ, гулялі дзеці, многія з іх загінулі. Света тады была цяжарная, і гэты стрэс справакаваў заўчасныя роды. Падчас родаў Святлана страціла шмат крыві. Ёй няўдала зрабілі кесарава, парвалі мачавы пузыр. Пасля гэтага ў яе было адразу 3 аперацыі. Паехаць у Беларусь на той момант яна, каб і хацела, не магла... За гэты час яна памяняла тры бальніцы. З першай прыйшлося з'ехаць, таму што яе акупавалі баевікі. Яны наогул спакойна могуць зайсці прама ў дом да чалавека і сказаць: «Мы будзем жыць у вас». Не падабаецца — збіраеш рэчы і выходзіш. У каго няма, куды пераязджаць, могуць заставацца, але жыць разам з баевікамі немагчыма. Рэгулярная армія, калі даведвалася, дзе яны «аселі», проста скідвала бомбу на дом. Не ўсе хацелі так рызыкаваць і таму пераязджалі жыць на вуліцу...

Калі Света крыху прыйшла ў сябе, муж купіў ёй і траім дзеткам білеты і тэрмінова адправіў сям'ю ў Беларусь. У Мінску яны жывуць з маці на здымнай кватэры.
Дарэчы менавіта праз сябра Абета, які ляцеў вясной у Сірыю, Святлана і перадала запрашэнне на мужа. Таму што запрашэння, якое яна выслала ў пасольства па факсе, аказалася недастаткова. Патрабавалі арыгінал.

«Цяпер, на шчасце, і Свеціна сям'я ў зборы, — шчыра радуюцца за сяброўку па няшчасці Наталля з Абетам. — Яе муж летам прыляцеў у Мінск».

1379626688882_20-16

«Самае галоўнае, што жывыя засталіся»

Сёння шматдзетная сем'я Наталлі і Абета знаходзіцца ў няпростым матэрыяльным становішчы. Шмат грошай пайшло адразу, калі прыехалі, на здымнае жыллё, на курсы рускай мовы для дзяцей. Вельмі дапамагла сяброўка і брат Абета, які жыве і працуе ўрачом у Саудаўскай Аравіі.

«У Сірыі мы жылі ў дастатку, — кажа Наталля. — У Абета была ўласная фірма па вытворчасці сумак і абутку. Праўда, апошнія паўтара года людзям з-за ўсёй гэтай абстаноўкі было не да абутку. Не было за што хлеба набыць. Таму Абет даваў абутак у доўг... І па сёння тыя грошы яму ніхто не вярнуў... Каля 30 тысяч долараў...»

«Дзякуй Богу, што мы жывыя засталіся... — кажа Абет. — Усё астатняе — справа нажыўная».

«Мы круцімся, як можам, — працягвае Наталля. — Траіх дзяцей трэба было ў школу адправіць, маленькага ў садок. Нешта набылі ў растэрміноўку, нешта ў крэдыт.

Старэйшы сын паступіў у БДУІР на інжынерны факультэт. Падпрацоўвае ў вольны ад вучобы час і сам сабе аплачвае вучобу. Муж працуе з ранку да вечара практычна без выхадных камплектоўшчыкам на прыватнай фірме. Дапамагчы нам няма каму. Мая маці памерла. Бацькі ж Абета жывуць у такой краіне, што ім самім патрэбна дапамога.

«Калі пытаюся па тэлефоне, што там адбываецца на радзіме, маці, каб мы не перажывалі, не расказвае праўду, — уздыхае Абет. — У яе на ўсё адзін адказ — «усё нармальна».

Праўда, калі амерыканцы збіраліся бамбіць, дык яна пачала нас па тэлефоне бласлаўляць, быццам мы больш не ўбачымся. Дачка ледзь прытомнасць не страціла, калі паразмаўляла з бабуляй. Дай Бог, каб усё гэта хутчэй закончылася... Ні ў чым не вінаватыя людзі вымушаны жыць у страху, бо ім няма куды ісці... Няхай палітыкі высвятляюць свае адносіны самі. Прычым тут мірныя жыхары?..»

Надзея ДРЫЛА.

_______________________________________________________________

АФІЦЫЙНА

* * *

— Колькі беларусаў засталося ў Сірыі? Ці вядома іх месцазнаходжанне?

— У розных гарадах і вёсках Сірыі цяпер жывуць 82 чалавекі, якія маюць беларускае грамадзянства, — паведаміў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй САВІНЫХ. — Гэта, як правіла, жанчыны, якія ў свой час выйшлі замуж за сірыйцаў, маюць шмат дзяцей. Мы ім прапанавалі паехаць з Сірыі, але яны адмовіліся. Паверце, усе, хто хацеў з'ехаць, з'ехалі. За апошнія паўтара года Сірыю пакінулі больш за 200 беларусаў.

* * *

— Летась з хадайніцтвам аб прадастаўленні абароны звярнуліся 14 грамадзян Сірыі, — паведаміў «Звяздзе» намеснік начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксандр ТАТУРА. — Сёлета, па звестках на верасень, каля 45. Калі сітуацыя ў Сірыі не зменіцца да лепшага, тэндэнцыя росту зваротаў можа захавацца.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.