Вы тут

КІДНЭПІНГ... ПА-БЕЛАРУСКУ


Нацыянальнае кіно? Не, не чуў...

Нядаўна ў сталічным кінатэатры «Дом кіно» адбыўся інфармацыйны паказ мастацкага фільма «БаБу», зробленага сумесна маладой кінакампаніяй «Nеw Wаvе Рrоduсtіоn» (утворана ў 2011 годзе) і нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм» (тэхнічныя паслугі). Зала была запоўненая менш чым на палову, ды і папярэдняй рэкламы фільма я асабіста нідзе не бачыла. Прысутнасць у цітрах назвы беларускай кінастудыі і прозвішчаў вядомых беларускіх акцёраў (Тамара Міронава, Аляксандр Кашпераў, Андрэй Душачкін, Ігар Дзянісаў) наводзіла на думку, што фільм мусіць «цягнуць» ледзь не на нацыянальны...

1379108430357_14-24

«БаБу» стылістычна больш падобны да тэлесерыяла, які чамусьці вырашылі зманціраваць у поўнаметражны фільм. А паколькі поўнаметражнае кіно (тым больш калі яно не з'яўляецца галівудскім блакбастарам) сёння прадаць нашмат цяжэй, чым шматсерыйны фільм для тэлебачання, то не здзіўлюся, што недзе існуе і тэлеверсія фільма «БаБу».

Але насамрэч не толькі серыяльная эстэтыка падаецца дзіўнай у новым поўнаметражным беларускім фільме. Самае першае, што кінулася ў вочы яшчэ на стадыі пачатковых цітраў, гэта адсутнасць прозвішча рэжысёра. Не знайшлося яго і ў цітрах фінальных. Але тым часам вядома, што «БаБу» — гэта не абы-які кінапраект. Сёлета кінакампанія «Nеw Wаvе Рrоduсtіоn» увайшла ў спіс пераможцаў адкрытага рэспубліканскага конкурсу кінапраектаў Міністэрства культуры, у тым ліку і з фільмам «БаБу». А гэтым летам пачаліся здымкі яшчэ аднаго праекта кінакампаніі, які перамог у конкурсе — фільм для дзяцей і юнацтва «Незвычайныя прыгоды Арбузіка і Бебешкі».

Такім чынам, «БаБу» — не толькі фільм, які перамог у конкурсе, але яшчэ і фільм, над якім разам працавалі прыватная і дзяржаўная кінавытворчыя арганізацыі. Адпаведна, моднае словазлучэнне «сумесная кінавытворчасць» для яго таксама падыходзіць. Якім дакладна чынам сумесная кінавытворчасць тычыцца стужкі «БаБу», распавядае генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Алег СІЛЬВАНОВІЧ

:

— Для нас праца над фільмам «БаБу» сталася цікавым вопытам супрацоўніцтва з прыватнымі беларускімі партнёрамі. Замежныя партнёры звычайна ўзгадняюць усё, да апошняй кропкі ў фінальных цітрах. У працы з беларускімі партнёрамі, як правіла, больш неспадзяванак. Да таго ж кінастудыя «Беларусьфільм» увайшла ў гэты праект выключна тэхнічнымі паслугамі — каб праект наогул адбыўся — без кантролю крэатыўнага складніка і якасці.

І вось тут усё становіцца зразумела. Але не зусім. Як толькі мы бачым у цітрах назву беларускай кінастудыі, нам адразу здаецца, што гэта мусіць быць нейкі вялікі кінапраект. Мы адразу летуценна ўздыхаем, узгадваючы былую веліч нацыянальнай кінастудыі, і наогул адразу марым пра перамогі на прэстыжных кінафестывалях, якія некалі ж павінны прыйсці да «чыста беларускага» фільма. Але тут пачынаеш глядзець «БаБу»... Рамантычны флёр рассейваецца, краявіды Азербайджана чамусьці выглядаюць больш прывабна, чым краявіды беларускай сталіцы і беларускай жа глыбінкі. Так, так «БаБу» здымалі не толькі ў Беларусі, але і ў Азербайджане. Што, зрэшты, цалкам абумоўлена сюжэтам карціны, сцэнарый для якой напісала Алена Калюнова і які істотна змяніўся падчас працы над фільмам... Магчыма, з Азербайджанам стваральнікі звязвалі нейкую магчымасць пракату фільма не толькі ў Беларусі.

— Мы сёння вядзём перамовы з азербайджанскай, турэцкай і расійскай кампаніямі адносна пракату «БаБу» на тэрыторыях гэтых краін. Не ўсе расійскія і азербайджанскія кінатэатры маюць лічбавыя тэхналогіі, некаторыя дэманструюць фільмы толькі з плёнкі. Таму мы нават знарок ездзілі ў Літву на сертыфікаваную dоlbу-студыю для апрацоўкі гуку, каб можна было потым «перагнаць» фільм на плёнку, — распавядае дырэктар кінакампаніі «Nеw Wаvе Рrоduсtіоn» Аляксандр ЛЕВЯНЧУК. — А літаральна днямі, дарэчы, мы «здалі» гэты фільм Міністэрству культуры ў кінатэатры «Беларусь». На паказе быў сам міністр Барыс Святлоў, што нас вельмі парадавала.

Пра што, уласна кажучы, фільм? Сям'я буйнога азербайджанскага бізнесмена становіцца ахвярай кіднэпінгу: іх маленькую дачку Лэйлу скралі. Шляхам розных драматургічных маніпуляцый дзяўчынка апынаецца ў бабы Паліны (Тамара Міронава). Лэйла наогул не размаўляе па-руску і нават «бабушка Паліна» гучыць для яе надта мудрагеліста. Дзіця называе гераіню Міронавай проста па складах — БаБу. І пакуль баба Паліна шые дзяўчыне сарафанчык ды возіць у аддзяленне міліцыі, «найвышэйшыя азербайджанскія сілы» высочваюць спачатку зладзеяў, а потым і бабу Паліну, якая, па сутнасці, уратавала дзяўчо. Усё гэта, вядома, не без дапамогі беларускіх спецпадраздзяленняў. Эпізод, у якім на экране буйным планам відаць нашыўка «КДБ» на форме бравага мужчыны пры выкананні абавязкаў, мне асабіста падаецца проста бліскучым. Дзяўчынку вярнулі бацькам, бравыя мужчыны выканалі свой абавязак, і бацька Лэйлы нават абяцае бабе Паліне знайсці яе дачку, якая выйшла замуж за замежніка і вось ужо некалькі гадоў ад яе ніякіх навін.

Меладрама, сацыяльная драма, камедыя і нават трошку экшан: ударная доза эклектыкі, вось што такое «БаБу». Тут вы знойдзеце безліч буйных планаў герояў, уласцівых тэлесерыялам («галовы, якія размаўляюць», часам называюць такія планы, таму што акцёра, які проста чытае свой тэкст, зняць танней, хутчэй і прасцей, чым выбудоўваць з яго ўдзелам мізансцэну). А таксама шмат перабольшана штучных драматычных сцэн. Каб так непераканаўча ігралі выдатныя беларускія акцёры, я яшчэ не бачыла.

Напрыклад, эпізод, калі гераіня Тамары Міронавай слёзна моліцца ў царкве, каб Бог даў ёй магчымасць нарэшце ўбачыць сваю ўнучку. Колькасць сцэн, дзе галоўная гераіня звяртаецца да Бога, наогул выклікае думку, што кіно здымала студыя ў імя святога Іаана Воіна. Але яна не мае да фільма ніякага дачынення. Дарэчы, пасыл «Бог ёсць, і Бог адзін» таксама вельмі яскрава чытаецца менавіта таму, што ён у фільме дужа навязлівы. Калі ў фінале сям'я Лэйлы разам з бабай Палінай едзе ў машыне па Баку, Паліна раптоўна просіць спыніць аўто. Выходзіць каля храма і ідзе дзякаваць Богу за тое, што Лэйла ўз'ядналася з бацькамі. Хрысціцца па-праваслаўнаму. А потым у кадры з'яўляецца храм цалкам. Гэта мячэць.

Альбо эпізод, калі малая Лэйла прачынаецца ноччу і плача. І плача, і плача, і плача. Здаецца, гэты эпізод зрабілі такім наўмысна зацягнутым, каб хоць нечым расчуліць гледача. І наогул здаецца, што стваральнікам проста не было чым запоўніць прастору фільма, таму сцэны яны рабілі такімі працяглымі, і не шкадуючы «склейвалі» ўсё, што толькі можна, эпізодамі, дзе баба Паліна едзе на ровары. Яна такая, ведаеце, баявая баба.

Калі яны з Лэйлай уцякалі ад галоўных зламыснікаў фільма, я, грэшнай справай, падумала, што зараз ад бабы Паліны можна чакаць нейкага экстрэмальнага выбрыку: сваёй сілай альбо досціпам яна прымусіць зладзеяў пашкадаваць пра свае гнюсныя намеры. Але не, абышлося. «СОБР» падаспеў. Дарэчы, у фільме задзейнічана такая вялікая колькасць людзей у форме розных рангаў і званняў (і беларуская міліцыя таксама!), што ў фінальных цітрах не абышлося без асабістай падзякі.

Што яшчэ здзіўляе, дык гэта абсалютна непрывабны вобраз Беларусі ў параўнанні з сонечным Азербайджанам. Цудоўныя краявіды ўсходняй краіны, мячэці, архітэктурнае багацце, замалёўкі з жыцця розных слаёў насельніцтва. Тады як «з беларускага боку» мы назіраем хіба што даволі-такі занядбаную вёску, сталічныя аўтавакзал «Маскоўскі» ды ЦУМ. Не надта прэзентабельна.

У дадатак да ўсіх гэтых акалічнасцяў фільм, як аказваецца напрыканцы, яшчэ і прысвечаны вядомаму беларускаму рэжысёру Аляксандру Колбышаву. Гэта выклікае пэўную разгубленасць.

Але Аляксандр Левянчук патлумачыў, што першапачаткова стужку мусіў рабіць менавіта гэты рэжысёр, з ім даўно вяліся перамовы, ён даў згоду. Але ў 2012 годзе Аляксандра Колбышава не стала... Жыццё часам бывае вельмі несправядлівым. Пераканана, што калі б над гэтым фільмам працаваў Колбышаў, стужка атрымалася б зусім іншай.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?