Вы тут

Бэжавы, крэмавы, аранжавы...


Які дызайн пазногцяў у трэндзе гэтай восенню

У дызайне пазногцяў сезонная тэматыка застаецца адной з самых запатрабаваных. У кожнай пары года свае колеры і адценні, і яны знаходзяць самую розную стылістычную трактоўку.

Нескладана здагадацца, што восеньскі дызайн пазногцяў вызначаецца асаблівай цеплынёй, бо ў ім пераважае жоўта-карычневая каляровая палітра. Гэта і з'яўляецца яго асноўным адрозненнем.

Бэжавы, крэмавы, кававы, залацісты, аранжавы, пурпуровы, бардовы, шакаладны, аліўкавы, лімонны, хакі, гарчычны — вось тыя колеры, з якімі ў жанчын, як правіла, асацыюецца восеньскі манікюр.

Такія колеры прывабныя яшчэ і тым, што выдатна камбінуюцца адзін з адным, хоць дызайн можа быць і манахромным — з адным «ключавым» адценнем.

Самая папулярная тэма ў пазногцевым дызайне восеньскай пары — апалае лісце: жоўтыя, рудыя, чырванаватыя, залацістыя. Асабліва прыгожымі атрымліваюцца намаляваныя ў тэхніцы кітайскага або акварэльнага роспісу, хоць і проста намаляваныя лісточкі таксама выглядаюць сімпатычна. На кароткіх пазногціках прывабна будуць глядзецца адзін ці два лісточкі. Таксама можа быць выканана абстрактная прамалёўка ў каляровай гаме восеньскіх лісцікаў.

Восень — гэта тры месяцы, і карцінкі з лісцікамі прыхільніцам сезонных трэндаў аднойчы могуць проста надакучыць. Ці ёсць магчымасць намаляваць нешта не менш яркае і сезоннае, але не на тэму лістападу? У восеньскім дызайне пазногцяў могуць прысутнічаць і кветкі. «Вырошчваць» у гэты час бэз ці ландышы несур'ёзна, але калі вы зробіце малюнак з астрай альбо вяргіняй, трапіце ў самую кропку. Натуральна на невялікіх кіпціках можа быць адна або дзве нескладаныя кветкі, а на пазногцях даўжэйшых можна «выгадаваць» шыкоўныя букеты.

Вы лічыце, што кветкі на пазногцях — гэта банальна і старамодна? Тады да вашых паслуг іншыя сюжэты. Восень, як вядома, сезон багацця, так што нацюрморты з садавіной і агароднінай таксама падыдуць. Вядома, такія матывы больш пасуюць маладым дзяўчатам, чым дамам. Што тычыцца жанчын, то яны могуць цешыцца восеньскім настроем, спалучаючы класічныя прыёмы афармлення пазногцяў і незвычайныя колеры. Напрыклад, можна зрабіць класічны французскі манікюр, камбінуючы чорны лак з залацістым, аранжавы з карычневым. Усё ў вашых руках.

Наташа КАРАЛЁВА.


Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».