Вы тут

Кітайскія «астраўкі»


У Беларускім дзяржаўным універсітэце зараз гарачыя дні — там завяршаецца Еўрапейскі форум інстытутаў Канфуцыя, на які з'ехаліся госці ажно з 19 еўрапейскіх краін. Да гэтага форум прымалі Брусель, Лондан, Будапешт, Вена і Балоння. Беларусь першая сярод усходнеславянскіх краін прымае гасцей з інстытутаў Канфуцыя, што сведчыць пра ўстойлівую цікавасць сярод жыхароў нашай краіны да вывучэння кітайскай мовы і знаёмства з культурай гэтай азіяцкай краіны. Урачыстае адкрыццё форуму прайшло ў Палацы Рэспублікі з выступленнем ганаровых гасцей з беларускага і кітайскага бакоў.

Патрэба ў кітайскай мове расце

— Нам сёння вельмі патрэбны спецыялісты, якія ведаюць кітайскую мову, — падкрэсліў у гутарцы з журналістамі намеснік прэм'ер-міністра, сустаршыня беларуска-кітайскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве Анатоль Тозік. — Зусім нядаўна нашу краіну наведаў член Пастаяннага камітэта Палітбюро Лю Юньшань, які прыняў рашэнне запрасіць 100 нашых студэнтаў у Кітай для вучобы ў кітайскіх універсітэтах. Безумоўна, гэта нам вельмі дапаможа ў далейшым развіцці беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння.

Сам Анатоль Тозік на працягу многіх гадоў быў Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь уКітайскай Народнай Рэспубліцы

.

— Правядзенне гэтага форуму ў Мінску мы расцэньваем як прызнанне эфектыўнасці нашых намаганняў па развіцці ўсебаковых адносін з Кітайскай Народнай Рэспублікай, як прызнанне паспяховай працы Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Па словах Анатоля Тозіка, у Беларусі імкліва расце цікавасць да вывучэння кітайскай мовы. Апошняя як самастойная дысцыпліна вывучаецца ў пяці школах і гімназіях і пяці ўніверсітэтах. Студэнтаў, якія жадаюць вывучаць кітайскую мову, нашмат больш, аднак не хапае выкладчыкаў. Беларускі бок быў бы ўдзячны дапамозе кітайскіх калег, а нашы ўніверсітэты, у сваю чаргу, маглі б накіраваць выкладчыкаў рускай мовы ў навучальныя ўстановы Кітая.

Будуць новыя інстытуты Канфуцыя

Сёння ў Беларусі працуюць два інстытуты Канфуцыя: пры Беларускім дзяржаўным універсітэце (у ім кітайскую мову вывучае 640 чалавек) і пры Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце (каля 200 слухачоў). Гэта сапраўдныя кітайскія «астраўкі» ў нашай краіне: у студэнтаў ёсць магчымасць не толькі вучыць кітайскую мову, але і знаёміцца з культурай далёкай усходняй краіны.

У першы дзень форуму было аб'яўлена аб адкрыцці кабінетаў Канфуцыя ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны і гімназіі № 23 горада Мінска. Кіраўнікам гэтых навучальных устаноў былі ўручаны пасведчанні кабінетаў Канфуцыя.

Анатоль Тозік выказаў надзею, што Дзяржаўная канцылярыя КНР па міжнародным распаўсюджанні кітайскай мовы дапаможа ў адкрыцці Інстытута Канфуцыя пры Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Па словах намесніка прэм'ер-міністра, у будучыні новы інстытут Канфуцыя мог бы аказаць значны ўплыў на развіццё беларуска-кітайскага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва.

Мара, якая збылася

Спадарыня Сюй Лінь, кіраўнік Дзяржаўнай канцылярыі па распаўсюджанні кітайскай мовы за мяжой, у Беларусь прыехала трэці раз за два апошнія гады. Яшчэ падчас першага прыезду яна была ўзрушана, калі ўбачыла ганаровую варту школьнікаў на плошчы Перамогі. Прапанавала, каб пекінскія школьнікі таксама стаялі на вахце на плошчы Цяньаньмэй. Напачатку ідэя не знайшла ўвасаблення, бо ў шматмільённым Пекіне вялікая колькасць школьнікаў, і арганізаваць іх на дзяжурства — дастаткова складаная задача. Але Сюй Лінь адстойвала гэту ідэю, і цяпер пекінскія школьнікі таксама стаяць на вахце.

У першы дзень форуму адбылася цырымонія прысваення звання «Ганаровы прафесар БДУ» спадарыні Сюй Лінь.

— Стаць прафесарам — гэта мая мара, — узрушана прызналася яна пасля таго, як рэктар БДУ Сяргей Абламейка накінуў на яе мантыю. — Цяпер яна збылася!

Гарантыя якасці

Папулярнасць у замежных студэнтаў беларускіх ВНУ — сведчанне якасці вышэйшай адукацыі. Сёння ў беларускіх універсітэтах вучыцца каля дзвюх тысяч кітайскіх студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў. Рэктар БДУ, у сваю чаргу, адзначыў, што БДУ мае 37 пагадненняў з буйнымі кітайскімі ўніверсітэтамі. Сёння ў БДУ навучаецца 890 кітайскіх студэнтаў.

— Менавіта добрая рэпутацыя БДУ ў Кітаі дала нам магчымасць рэалізаваць такі праект, як стварэнне Інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя, — падкрэсліў Сяргей Абламейка.

Акрамя супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, актыўна развіваецца навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва БДУ і кітайскіх універсітэтаў. У 2010 годзе пры самым буйным універсітэце нашай краіны быў створаны беларуска-кітайскі інавацыйны цэнтр. Пры яго пасярэдніцтве ў 2011-2012 гадах былі заключаны кантракты на агульную суму каля 330 мільёнаў долараў. Адной з найбольш перспектыўных сумесных праграм з'яўляецца праект па стварэнні новага пакалення вадкакрышталічных матэрыялаў для манітораў, якія маглі б эфектыўна працаваць пры нізкіх тэмпературах.

***

Еўрапейскі форум інстытутаў Канфуцыя, які завяршае сваю працу ў Беларусі, пакуль што самы прадстаўнічы як па колькасці ўдзельнікаў, так і па колькасці інстытутаў Канфуцыя. На форум было запрошана больш за 250 прадстаўнікоў з 77 інстытутаў кітаязнаўства імя Канфуцыя. Акрамя таго, сярод гасцей — дэлегацыі пяці вядучых ВНУ Кітая. Арганізатарамі форуму з'яўляецца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Дзяржаўная канцылярыя Кітайскай Народнай Рэспублікі па міжнародным распаўсюджанні кітайскай мовы.

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».