Вы тут

Каля Камянецкай вежы накормяць верашчакай


Ніна Іванаўна Мурына, загадчыца вытворчасці рэстарана «Белая вежа», спешна аддавала распараджэнні... Толькі што пазваніла экскурсавод са Смаленска, замовіла харчаванне моладзевай групы. Цяпер міжсезонне: расійскіх турыстаў няшмат, збочваюць толькі асобныя аўтобусы. А вось на школьных канікулах нават графік харчавання груп даводзіцца складаць. Хто з гідаў ужо карміў сваіх экскурсантаў у Камянцы, той і ў наступны раз стараецца завярнуць у райцэнтр па дарозе на пушчу. Бо, як сказала экскурсавод Вольга, тут і танней, і гатуюць амаль па-хатняму.

Ніна Мурына працуе даўно, як і шэф-повар рэстарана Тамара Дубяга. І яны не сёння ўсвядомілі, што замежны турыст вельмі часта жадае паспытаць штосьці мясцовае, падавай яму страву з нацыянальным каларытам. Таму ў меню заўсёды значыцца з добры дзясятак страў беларускай кухні, а таксама некалькі фірмовых пачастункаў. Мне пашанцавала: падчас наведвання ў рэстаране якраз быў дзень беларускай кухні. І нават дзённае меню — два комплексныя абеды — складалася спрэс з баршчу, дранікаў, мясных страў, салатаў, прыгатаваных па-беларуску. Цэны тут вельмі дэмакратычныя, паабедаць можна ў сярэднім за 30 тысяч рублёў. Таму ў рэстаран ходзяць камандзіровачныя, офісныя работнікі, госці горада. Рыба з гарнірам з бульбы, якую давялося пакаштаваць аўтарцы гэтых радкоў, сапраўды аказалася прыгатаванай смачна і па-дамашняму.

1378843656471_11-9

Паводле слоў Ніны Мурынай, беларуская кухня «лёгкая і лагодная». У ёй няма занадта вострых прыпраў, звышскладаных соусаў. І многае, што даводзіцца гатаваць, помніцца з часоў маленства, калі гэта варылі ці смажылі маці і бабуля. Нешта, безумоўна, даводзіцца дадаваць, імправізаваць. Цяпер у дапамогу прафесіяналам выпушчана столькі літаратуры: даведнікаў, дапаможнікаў. Фаліянт пад назвай «Зборнік беларускіх страў» стаў настольнай кнігай Ніны Іванаўны і яе калег. Кажа, што зборнік вельмі дапамагае. Часам у тое, што ведаеш і гатуеш даўно, варта дадаць нейкі «маленькі акцэнцік», які падгледзеў у кніжцы. Глядзіш — і страва па-іншаму заіграла.

Наогул у раздзеле беларускай кухні камянецкія кухары выкарыстоўваюць шмат бульбы і грыбоў. Грыбы тут елі спрадвеку, бо іх было заўсёды шмат у пушчанскім краі. Грыбы прысутнічаюць амаль ва ўсіх фірмовых стравах рэстарана. Гэта і каўбаскі «Белавежскія», і катлеты «Вясковыя», і блінчыкі з начынкай з грыбоў і квашанай капусты.
З бульбяных страў наведнікам гэтага рэстарана асабліва падабаецца каўбаса «бульбяная». Робіцца яна з бульбы, надранай на дробнай тарцы і перамешанай з падсмажанымі скваркамі. Усё змяшчаецца ў кішку і запякаецца на блясе. Аднойчы такой смакатой частавалі расійскіх ветэранаў вайны, якія гасцявалі падчас мерапрыемстваў, прымеркаваных да 22 чэрвеня. Вельмі хваляваліся, успамінае Ніна Іванаўна, хацелася ж дагадзіць заслужаным людзям са шматлікімі ордэнамі і медалямі. І калі яна па звычцы сваёй выйшла ў залу і спытала, ці спадабаўся абед, то госці адказалі, што ў знак удзячнасці гатовы нават заспяваць. І вельмі хораша заспявалі меладычную песню ваенных гадоў.

Многія турысты, асабліва з замежных, узялі звычку прыязджаць сюды на вячэру. Удзень яны адпачываюць у Белавежскай пушчы: хто ходзіць на паляванне, хто знаёміцца з запаведным лесам на экалагічных сцяжынах. Калі да гэтага яны наведвалі музей у старажытнай Камянецкай вежы і абедалі ў рэстаране побач з вежай, то не выключана, што прыедуць сюды і на вячэру. Тады госці старанна вывучаюць меню, замаўляюць мачанку або верашчаку ці што-небудзь з фірмовых страў рэстарана. Верашчаку тут звычайна падаюць у гаршчочках, у якіх і тушылася смажаная каўбаска з галушкамі.

Ніна Іванаўна асабліва любіць гатаваць піражкі са шчаўем. Цікавая начынка, ці ж няпраўда? Мы прывыклі, што піражкі бываюць з мясам, з капустай, з варэннем, з яйкам... А вось піражкі са шчаўем, аказваецца, гатавалі гаспадыні ў тутэйшых мясцінах. Трэба толькі «ўгадаць з цестам», каб яно было і не тонкае, і не тоўстае, а ў накрышанае шчаўе дадаць цукру. Атрымліваецца такі арыгінальны смак, што пальчыкі абліжаш.

Галкі бульбяныя гатуюць тут з тоўчанай бульбы, абавязкова з грыбамі. Гарбату падаюць з чабору, мяты і іншых гаючых зёлак, гасцей частуюць журавінавым квасам. Ёсць свае «разыначкі» не толькі ў спрактыкаваных кухараў, такіх, як Тамара Дубяга, але і ў маладога пакалення кулінараў. Ганна Патрубейка любіць гатаваць катлеты «Белавежскія», і госці, як правіла, застаюцца задаволеныя.

Сваё майстэрства калектыў «Белай вежы» дэманструе на святах і фестывалях. Летась у Камянцы праходзілі абласныя дажынкі, у свой час горад прымаў і Дзень беларускага пісьменства. А на першых рэспубліканскіх «Дажынках» у Століне гадоў пятнаццаць таму каманда рэстарана заняла першае месца ў прафесійным конкурсе. Да гэтай пары памятаюць, як рабілі «мядзведзя ў чахле», фаршыравалі гусь яблыкамі. У прыгатаванні такіх страў кожны кухар мае свае сакрэты.

***

Як паведаміла карэспандэнту «Звязды» намеснік начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг Брэсцкага аблвыканкама Ірына ТКАЧУК

, апошнім часам на папулярызацыю страў беларускай кухні, на захаванне нацыянальнага каларыту ў грамадскім харчаванні ўпраўленне звяртае ўвагу кіраўнікоў прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці.

— Можна адзначыць як станоўчую тэндэнцыю, — кажа Ірына Ткачук, — што на прапанову ахвотна адгукнуліся шэраг гаспадароў кавярняў прыдарожнага сэрвісу, нават невялікіх пунктаў харчавання на запраўках: там меню альбо асобныя яго часткі пішуцца на беларускай мове, кухары гатуюць стравы нацыянальнай кухні. Усяго па вобласці вылучаюцца два дзясяткі ўстаноў грамадскага харчавання, дзе яскрава прысутнічае элемент беларускай кухні. Некаторыя з іх працуюць вельмі цікава.

Напрыклад, нядаўна ў цэнтры Брэста адкрылася харчэўня «Сваякі». Меню, якое падаюць кліентам, пішацца на дзвюх мовах: беларускай і англійскай. Большасць фірмовых страў там менавіта беларускай і старабеларускай кухні. У афармленні кавярні пераважае нацыянальны каларыт, у адпаведных касцюмах працуе і персанал харчэўні.

Літаральна сёлета пачаў працаваць аб'ект прыдарожнага сэрвісу ў вёсцы Лыскава Пружанскага раёна — на аб'язной дарозе, што вакол Белавежскай пушчы. Там у адным стылі вытрыманы інтэр'ер, афармленне, ну і назвы страў гавораць за сябе. Можна прыгадаць яшчэ сядзібу «Рынькаўка» ў Брэсцкім раёне, кавярні «Свіцязь» у Баранавічах, «Родны кут» у Кобрыне, шэраг іншых. Добра, што гаспадары новых аб'ектаў харчавання, якія пачынаюць сваю дзейнасць, таксама разумеюць, што госця можна прывабіць і зацікавіць сваім, нацыянальным.

Святлана ЯСКЕВІЧ. Камянецкі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».