Вы тут

Дэвальвацыі рубля пад патрэбы эканомікі не будзе


Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка наведаў учора прадпрыемства «Мотавела», паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з вынікамі фінансава-гаспадарчай дзейнасці і перспектывамі развіцця прадпрыемства. Размова таксама ішла пра стан, праблемы і перспектывы развіцця прамысловасці Мінска ў цэлым. У час наведвання «Мотавела» Прэзідэнту таксама было даложана аб выкананні ўказа ад 26 ліпеня 2007 года № 354, які тычыўся пытанняў далейшага развіцця прадпрыемства. У адпаведнасці з гэтым дакументам, дзяржаўны пакет акцый таварыства быў прададзены інвестару — аўстрыйскай фірме АТЭК Hоldіng GmbH. Пры гэтым адной з найбольш важных умоў продажу было захаванне спецыялізацыі ААТ «Мотавела» і ўкладанне ў 2007—2012 гадах у яго развіццё не менш як $20 млн. Таксама планавалася, што прадпрыемства павінна было летась выйсці на аб'ём вытворчасці ў 500 тыс. веласіпедаў і 30 тыс. матацыклаў. Аднак, як далажылі Прэзідэнту, пастаўленыя ўмовы выкананы толькі часткова.

1378506751890_200735

Па словах кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэя Кабякова, далёка не ідэальны і фінансавы стан прадпрыемства, высокі ўзровень дэбіторскай запазычанасці.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што не ўсе плошчы прадпрыемства задзейнічаны пад вытворчасць, як было дамоўлена, і каля чвэрці плошчаў здаецца ў арэнду. Прэзідэнт запатрабаваў безумоўнага выканання планаў па развіцці акцыянернага таварыства, яшчэ раз падкрэсліў, што павінна прасочвацца дынаміка па выхадзе на запланаваныя аб'ёмы вытворчасці.

Ніякай штучнай дэвальвацыі рубля

Беларускі рубель пад патрэбы прамысловасці дэвальвавацца не будзе, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання ААТ «Мотавела». «Беларускі рубель будзе або ўмацоўвацца, або аслабляцца ў залежнасці ад попыту і прапановы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што цяпер, з за ўзрослага попыту на валюту, беларускі рубель крыху аслабеў. «Гэта жалезная задача Нацыянальнаму банку: ні ў якім разе нічога штучна не стрымліваць і не марнаваць золатавалютныя рэзервы», — сказаў Прэзідэнт. «Гэта святое. Я не магу запасы, прызначаныя на самыя цяжкія часы і на тры месяцы імпарту нафты, газу, лекаў, вам аддаць, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў. — Вы робіце трактары, аўтамабілі, шмат чаго іншага: ідзіце, прадавайце і жывіце на гэтую валюту».

«Ніякай штучнай дэвальвацыі, каб вам жыццё палегчыць і экспарт палепшыць, не будзе», — падкрэсліў Прэзідэнт. «Я краіну не магу кінуць пад ногі пяці дырэктарам, якія ў вас сёння нічога не робяць», — дадаў кіраўнік дзяржавы. Ён паабяцаў адстаўку членам урада і дырэктарам прадпрыемстваў за невыкананне да 1 студзеня 2014 года заданняў па разгрузцы складоў і росту прамысловай вытворчасці.

«Калі 1 га студзеня вы не выйдзеце на тое, што абяцалі, — ні Сямашкі, ні дырэктараў на гэтых пасадах не будзе. І яшчэ ацэнку дадзім прэм'ер-міністру: можа быць, і ён разам з вамі пойдзе. У мяне выйсця іншага няма», — сказаў кіраўнік дзяржавы. «Вы на мяне не крыўдуйце, гэта кадравая палітыка», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — «Кабякоў ужо сваё атрымаў — за тое, што некалькі вызваленых ад пасад чалавек трапілі на цёплыя месцы. Калі, дапусцім, дырэктар маторнага завода — слесар, значыць, ён пойдзе працаваць слесарам або брыгадзірам слесараў, калі Сямашка — канструктар, ён пойдзе працаваць канструктарам, калі захоча».

Прэзідэнт папярэдзіў чыноўнікаў аб недапушчальнасці стварэння якіх-небудзь камерцыйных структур для далейшага працаўладкавання ў іх. «Цёплых месцаў, а не дай Бог камерцыйных структур, для вас не будзе, таму што гэтая камерцыйная структура будзе знішчана імгненна, калі яны возьмуць на працу без майго ведама людзей з кадравага рэестра. У мяне няма іншага выйсця: ці вы працуеце і даяце вынік, ці сыходзіце. Таму што некаторыя стварылі дзесьці структуры і сёння сядзяць і думаюць: добра, не тут, дык там я ўладкуюся. Не! Выпрацавана сістэма, мы гэта ўсё адсочым, — сказаў Прэзідэнт. — Толькі чалавечы, прыстойны падыход. Я разумею складанасці і цяжкасці, я бачу, як свет сёння боўтаецца ў гэтым крызісе, але я бачу і іншае, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Вы добра ідзяце па выкананні тых абяцанняў, якія вы з Мясніковічам далі на апошняй нарадзе. Гэта значыць, мы ўжо на 1 кастрычніка павінны бачыць паўкроку, а да 1 студзеня зробім значны рывок і выйдзем на тое, што абяцалі на нарадзе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад чыноўнікаў плёну такой працы і прытоку ў краіну валютных сродкаў. «Ваша прамая задача — гандляваць. Якая праблема? У нас, напэўна, у 50 ці, калі не больш, краінах свету ёсць прадстаўнікі на ўзроўні паслоў. Бярыце і гандлюйце калійнымі ўгнаеннямі, што, дарэчы, сёння і пачалі рабіць, — сказаў Прэзідэнт. — Напружвацца павінны ўсе. Сёння ўсе намеснікі міністра замежных спраў ездзяць па краінах і вядуць за руку прадстаўнікоў Беларускай калійнай кампаніі, каб заключыць дагаворы і пераадолець гэты крызіс».

Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў тэму продажу «Беларуськалія». «Кажуць, чаму ён не прадае «Беларуськалій»? Слухайце, гэта ж ідыётам трэба быць, нават да гэтага развалу, каб, калі цана прадпрыемства мінімальная, я ўзяў ды і прадаў яго», — сказаў Прэзідэнт.

Выязную пошліну — для тых, хто выязджаюць за мяжу па пакупкі

Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае ўвесці выязную пошліну для тых беларусаў, якія выязджаюць за мяжу па пакупкі. «Чаму мы ствараем умовы для ўвозу ў краіну імпарту, яшчэ і на льготных умовах? У нас свае халадзільнікі, навошта нам ільготныя ўмовы ствараць для ўвозу халадзільнікаў з за мяжы?»

«Нас крытыкуюць — бедная, жабрацкая краіна, а нашы людзі да $3 млрд за год вывозяць за мяжу ў Еўрасаюз і прывозяць тавары, якія мы таксама выпускаем», — падкрэсліў Прэзідэнт. — Дык вось, я даўно даручыў: выязджаеш за межы, усё роўна па што, заплаці выязную пошліну. Гэта будзе так: мы цябе на мяжы абслугоўваем — 100 долараў з носа плаці і едзь сабе за мяжу, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Тады ён прыйдзе ў нашу краму і купіць наш халадзільнік, а не будзе цягнуць з Еўрасаюза барахло невядома якой вытворчасці. А яны там будуць сядзець і паціраць рукі: 3 млрд долараў увезлі ім грошай, у іх развіваецца гандаль, вытворчасць, а мы боўтаемся тут, як дурні», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».