Вы тут

Камп'ютар мы купілі за дэкрэтныя грошы, атрыманыя за Максіма...


Расказ пра шматдзетную сям'ю Юркевічаў з Івацэвіцкага раёна

Дом Уладзіміра і Таццяны Юркевічаў з вёскі Вулька Целяханская Івацэвіцкага раёна самы вялікі ў вёсцы. 206 квадратных метраў — гэта не жарт, адной прыборкі колькі! Але прыборка, як аказалася, не праблема, бо ў сям'і падрастаюць пяць памочнікаў: 17-гадовая Вераніка, 14-гадовая Алеся, 8-гадовая Волечка, 5-гадовы Саша і 4-гадовы Максімка. Нядаўна гаспадыня дома Таццяна Юркевіч указам Прэзідэнта была ўзнагароджана ордэнам Маці.

Звычайны дзень шматдзетнай мамы

— Я заўсёды ведала, што ў мяне будзе шмат дзяцей, вельмі хацела гэтага з самага дзяцінства, — кажа Таццяна.

— А вы? — Звяртаюся я да яе мужа.

— Ну... Так, — адказвае ён і хітравата ўсміхаецца, і я не магу зразумець па інтанацыі: ці праўда, што ён марыў аб шматдзетнай сям'і з самай маладосці, ці адказвае з лёгкай іроніяй...

— Я выйшла замуж з Веранікай, — ківае на старэйшую дачку Таццяна. — Ёй на той момант было 2 гады. Пазнаёміліся мы з Вовам 15 гадоў таму, у лютым, а ўжо ў красавіку ён сказаў: пераязджай з Веранікай да мяне, будзем жыць разам...

1378415804695_1

44-гадовы Уладзімір Юркевіч працуе трактарыстам-машыністам у СВК «Горталь», 33-гадовая Таццяна — аператарам машыннага даення на ферме ў той жа гаспадарцы. Звычайная дружная і працавітая беларуская сям'я. І будні ў іх звычайныя, і клопаты.

— Я ўстаю на працу а палове пятай раніцы, бо ў пяць гадзін ужо пачынаецца дойка. Працую дзесьці да дзевяці, вось як сёння, — усміхаецца Таццяна. — Прыязджаю дадому, і ўсе разам снедаем. Як правіла, мы гатуем сняданак з вечара, а раніцай толькі разаграваем. Звычайна гэта нешта з бульбы: дзеці яе вельмі любяць. Мы яе і варым, і смажым, і парым... Да бульбы падаём салаты або выкарыстоўваем хатнія нарыхтоўкі , купляем каўбасу ці яшчэ што-небудзь. Па заведзеным парадку гатаванне сняданка ляжыць на дзяўчынках — яны ўжо вялікія ў нас.

А ўжо пасля я гатую абед. Потым раблю розныя справы па гаспадарцы. Увечары, а пятай, зноў іду на працу, а Вераніка і Алеся застаюцца за старэйшых. Вераніка паступіла сёлета ў Брэсцкі ўніверсітэт. Так што цяпер за старэйшую будзе Алеся... Вечарам вяртаецца з працы муж і таксама сядзіць з дзецьмі. Ці дапамагаюць дзеці? Дапамагаюць, вядома. Агароды, бульба — усе работы робім разам...

Нам пабудавалі дом менавіта так, як мы хацелі...

Год таму сям'я Юркевічаў засялілася ў новы дом. Гэта аказалася магчымым дзякуючы таму, што сям'я атрымала льготны крэдыт, а прадпрыемства дало бязвыплатную субсідыю.

1378415806463_2

— На першым паверсе ў нас гульнявая, зала і кухня, кладоўка. На другім — чатыры пакоі і ванная, — паказвае гаспадыня. «Мы задаволеныя сваім домам. Яго так акуратна пабудавалі», — у адзін голас гавораць муж і жонка.

— Мы пражылі ў ім год, і ўсё пытаюць мяне: што ты хацела б памяняць у доме? — усміхаецца Таццяна. — А я нічога не хачу мяняць! Нам пабудавалі яго менавіта так, як мы хацелі.

— Напэўна, камунальныя плацяжы шмат «цягнуць»? — цікаўлюся. — Усё ж такі 206 квадратных метраў!

— Мы плацім толькі за святло, — махае рукамі Таццяна. — Вада ў нас свая (падаецца са сваёй калонкі), ацяпленне таксама сваё (кацёл паляць дровамі, якія самі нарыхтоўваюць), так што застаецца толькі адзін плацеж!

— Ну, а хто камандуе ў доме?

У адказ усе смяюцца: «Усе камандуюць, але больш за ўсіх — мама», — гавораць. «Мама і тата камандуюць у асноўным», — сур'ёзна дапаўняе 8-гадовая Волечка.

Не бывае без лыжкі дзёгцю

— Афармлялі крэдыт два гады — і год будавалі дом, — Таццяна перарываецца на хвілінку, каб наліць малодшаму сыну малака. — Пакуль я збірала розныя дакументы, бывала, па тры разы на тыдзень даводзілася ў райцэнтр ездзіць. Іншы раз і ў слязах вярталася...

Сказаць, што жыццё гэтай сям'і — суцэльны мёд, было б няправільным, ды так і не бывае... У нашай дзяржаве прыняты добрыя законы, якія дапамагаюць шматдзетным сем'ям, вось толькі на месцах іх выконваць не заўсёды спяшаюцца. Таццяна са сваімі справядлівымі патрабаваннямі мясцоваму кіраўніцтву, мабыць, ужо надакучыла. Але думаць, што яна толькі абівае парогі ў пошуках ільгот, было б няправільна. У гэтай сям'і разлічваюць перш за ўсё на сябе. І вельмі шмат працуюць.

— Я выйшла на працу, калі Максіму было паўтара года, — успамінае Таццяна. — Прычына простая: не хапала грошай. Памятаю, мы селі ўсёй сям'ёй (як мы кажам, сабралі сход) — і вырашылі, што я выходжу працаваць, а на старэйшых дзяцей кладзецца адказнасць за малодшых. Усе тады пагадзіліся...

Такія розныя дзеці

Усе дзеці ў гэтай сям'і, як яно звычайна і бывае, розныя: Алеся вельмі актыўная, шустрая. Вераніка больш спакойная, разважлівая, самастойная. Саша трохі запаволены: скажаш яму нешта, дык ён адразу не зробіць, спачатку падумае... А Максім самы дапытлівы: яму ўсё цікава, усё трэба памацаць, усё ўбачыць і пра ўсё даведацца.

Вераніка амаль паўтара мільёна сёлета зарабіла, здаючы ягады, і гэта нягледзячы на тое, што асноўная частка лета была ў яе занятая паступленнем ва ўніверсітэт.

«Збірала па 30 літраў за дзень у вярэньку — гэта такая каробка сплеценая з лубу, з сасны, напрыклад. Для гэтага калісьці людзі ездзілі ў лес, нарыхтоўвалі сасну, рэзалі яе на кавалкі і рабілі тонкія, як кардон, палоскі, трохі прасушвалі і плялі з іх вось такія вярэнькі», — паказвае нешта накшталт плеценай карзіны Таццяна.

У рэдкую вольную хвіліну Таццяна любіць пасядзець з кнігай (аддае перавагу любоўным раманам), муж лепш паглядзіць кіно, а дзеці, вядома ж, любяць камп'ютар.

— Камп'ютар мы купілі за дэкрэтныя грошы, якія я атрымала за Максіма. За дэкрэтныя на Сашу набылі пральную машыну. Было так: ведаеш, што атрымаеш буйную суму, і імкнешся зрабіць нейкую вялікую пакупку, — раскрывае сакрэты сямейнай эканомікі Таццяна.

1378415808948_3

Тут да маці падлятае Волечка: «Мама, мне Саша сукенку тузае!» Але рэагуе на скаргу не мама, а Вераніка, якая напаўгалос пачынае разбірацца са свавольнікамі. «Ідзі пагуляй», — ціхенька раіць яна малодшаму браціку. Той у адказ толькі ўсміхаецца: ісці з пакоя, дзе ўсе размаўляюць, яму не хочацца...

Менавіта з іх зарплат будуць ісці адлічэнні на нашу з вамі пенсію

У наш час нярэдка можна сустрэцца з думкай, што дазволіць сабе шмат дзяцей могуць хіба што алігархі накшталт Рамана Абрамовіча. А калі ў вас няма вялікіх грошай, маўляў, не трэба пладзіць галечу. Гэта і праўда, і няпраўда. Алігархі тут, як і колькасць грашовых знакаў, вядома ж, не прычым. Праўда, напэўна, у тым, што людзі, якія адважыліся мець шмат дзяцей, павінны быць моцнымі і працавітымі. Інакш з гэтай задумы нічога добрага не атрымаецца.

Яшчэ адна распаўсюджаная думка, якую тут жа выказала мне сяброўка, калі я расказала ёй пра сям'ю Юркевічаў: чым больш дзяцей, тым яны, як правіла, дружнейшыя. І гэта таксама — і праўда, і няпраўда. Чаму? Таму што нічога не прыходзіць само сабой, і каб дзеці раслі дружнымі, над гэтым трэба добра папрацаваць іх бацькам.

— Калі Вераніка была адзінай, а потым з'явілася Алеся, спачатку было цяжка, — успамінае Таццяна Юркевіч. — Старэйшая дачка раўнавала мяне да меншай, не хацела нічым дзяліцца. Давялося доўга тлумачыць, што маленькую сястрычку трэба любіць і клапаціцца пра яе. Потым, чым больш станавілася дзяцей у сям'і, тым прасцей ужо было выхоўваць у іх імкненне клапаціцца адзін пра другога. Зараз усе адно з адным дзеляцца, усе дружна гуляюць разам, ніхто не б'ецца.

...Вось такая гэтая сям'я. Цяпер шмат у каго ў нашым грамадстве пануе думка: маўляў, некаторыя любяць нарадзіць як мага больш дзяцей, а потым толькі і робяць што чакаюць ільготаў для сябе. А мы, маўляў, павінны працаваць і адлічваць на іх падаткі. Але давайце не забываць, што дзеці — гэта будучыня краіны і наша будучыня. І больш празаічнае — калі гэтыя дзеці вырастуць, менавіта з іх зарплат будуць ісці адлічэнні на нашу з вамі пенсію.

Святлана БУСЬКО. Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?