Вы тут

Пад Быхавам заплешчуцца фарэлі


У вёсцы Касічы Быхаўскага раёна падыходзіць да завяршэння будаўніцтва завода па вырошчванні фарэлі. Гэта першае ў Беларусі прадпрыемства такога маштабу: тут плануецца вырошчваць 300 тон рыбы ў год.

Касічы — невялікая вёска ў глыбінцы Быхаўскага раёна, далёка ад асноўных аўтамабільных трас. Але менавіта там, на беразе ракі Лахвы, спецыялісты знайшлі месца, якое па прыродным ландшафце і прыродных рэсурсах адпавядае будаўніцтву рыбнага прадпрыемства.

Маладняк фарэлі ў Касічах будуць набываць у Горацкім рыбаводным індустрыяльным комплексе, адкрытым летась. Далей у чатырох вялізных басейнах фарэль паэтапна будуць дарошчваць да паўкілаграма вагой, каб прадаваць.

1378247221236_4-26

— Унікальнасць гэтага завода ў тым, што рыбу тут можна вырошчваць круглы год, — патлумачыў галоўны інжынер ААТ «ПМК-83 «Вадбуд» Ігар ЛЯНЕЎСКІ

.

Для забеспячэння вадой зроблены свідравіны, таксама ваду можна браць у цёплы сезон з рэчкі. За тэхналогію адказваюць расіяне: у Беларусі вопыту будаўніцтва такіх вялікіх рыбных заводаў няма, таму звярнуліся да калінінградцаў.

— На новым заводзе будуць створаны 26 новых працоўных месцаў, ад дырэктара да вартаўнікоў, — расказаў намеснік старшыні Быхаўскага райвыканкама Аляксандр ПАПКОЎ. — Новаму заводу патрэбны кваліфікаваныя супрацоўнікі, і, хутчэй за ўсё, іх будуць вазіць на працу з райцэнтра. Мясцовыя жыхары, якіх няшмат у Касічах, могуць атрымаць месцы вартаўнікоў і персаналу абслугоўвання. Моладзь адсюль раней з'язджала, і, можа, новае прадпрыемства дазволіць вярнуць вёсцы надзею на развіццё.

Фарэль расце прыкладна месяцаў пяць. Яе аптовы кошт і сёння перавышае 50 тысяч рублёў за кілаграм.

— Вядома, пакуль фарэль у беларускіх рэках не плавае, яе вырошчванне і продаж будзе прыбытковай справай, — сказаў Ігар Лянеўскі. — Попыт на такую рыбу ёсць.

— Я так мяркую, што рыба, якую вырасцілі ў мясцовых умовах і на сваіх кармах, будзе не толькі больш танная, чым замежная, але і больш карысная для здароўя, — перакананы Аляксандр Папкоў.

Цяпер на будаўніцтве завода па вырошчванні фарэлі працуюць больш сотні будаўнікоў, і ў верасні, паводле планаў, прадпрыемства павінна быць уведзена ў строй.

Ілона ІВАНОВА.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.