Вы тут

БЕЛАРУСАМ БЫЦЬ НЕ СТРАШНА


Што ўратавала нашу паэтку ў Грэцыі?

Яшчэ крыху, і мог бы разгарэцца міжнародны скандал. Беларускую паэтку Валерыю Куставу абакралі на востраве Сімі ў Грэцыі. Скралі ўсё: пашпарт, грошы, крэдыткі, рэчы... Але, у тым ліку дзякуючы магчымасці карыстацца інтэрнэтам, Валерыя, па сутнасці, акрамя праблем, атрымала яшчэ і чароўныя прыгоды. Варта было ёй толькі перадаць у інтэрнэт інфармацыю пра тое, што з ёй здарылася, як усе сябры кансалідаваліся, сталі тэлефанаваць у амбасады, у грэчаскую паліцыю і ўсім знаёмым, якія адпачывалі ці праязджалі недзе паблізу.
Але дапамаглі паэтцы не толькі беларусы на адлегласці, але яшчэ і добразычлівыя грэкі. У царкве Божай Маці Цамбікі Валерыю прытулілі, адвялі ёй келлю № 6.

1377900902806_31-15

— Сёння дапамагала пры царкве з турыстамі, напаіла коней ля райскай лагуны ля падножжа Святога ўзвышша, выратавала заблуднае, як і я, горнае казляня, што заблыталася ў агароджы... Нармальны дзень чалавека, які жыве ў келлі, — піша Валерыя.

Вось яна — магія чалавечых стасункаў і сіла прыцягнення творчасці паміж Міжземным і Эгейскім морам. Грэкі цяпер проста абавязаны перакласці вершы Валерыі Куставай на сваю мову!

— Гара Цамбіка змяніла мяне. Святая гара і келля, у якой я жыла, царква Божай Маці Цамбікі. Гаспадыня царквы Стэла дала мне грошы на першы час, ежу і келлю, дзе жыць. А мая грэчаская сям'я (менавіта так я цяпер адчуваю), мае названыя сёстры дапамаглі мне зразумець святое месца, дзе я жыла, і прычыны, па якіх я туды трапіла, — каментуе паэтка спецыяльна для «Звязды». — Цяпер я пераканана, што найвялікшы цуд — гэта людзі і вера, што ў табе ёсць. Аказалася, не так страшна быць заблудным беларусам: бо знайшліся дзясяткі, нават сотні людзей, гатовых мне дапамагчы — хто чым можа. Успрымаю гэтае падарожжа як наканаванасць, бо дзякуючы яму я адчула Божую ласку. Я штодня хадзіла ў горы, высокія, камяністыя стромы мяне туды вялі... Малілася, бо мне гэтага папросту хацелася — адчувала патрэбу. І плакала — ад паўнаты чысціні вакол і ўнутры мяне. Было адчуванне, што я нічога не важу... Ува мне было спачатку адчуванне вычышчанасці, нібыта знутры ўсё прыбралі. А потым паклалі туды толькі душу, лёгкую-лёгкую... Гэта неперадавальныя, невымоўныя адчуванні. Цяпер я яшчэ мацней веру ў любоў, у людзей і ў цуды. А яшчэ — у мой шлях. Там я зразумела, як чалавечае зло, усе зямныя жаданні могуць добраахвотна перайсці на бок дабра... А грошы, тэлефоны, рэчы — гэта ўсё было абсалютна не галоўнае там, бо там былі людзі і цуды. І я адчувала сябе пульсуючай жылкай між ветрам, гарамі, морам і нябёсамі.

Паэты бываюць розныя. Нехта сілкуецца сваімі ўнутранымі сіламі, шукае натхненне там. Іншыя натхняюцца наваколлем, падарожжамі, выпрабаваннямі, кантактаваннем з новымі людзьмі. А Грэцыя, як вядома, мае самае непасрэднае дачыненне да творчасці, мастацтва і веры. Таму ў прыгодах беларускай паэткі адназначна ёсць нешта наканаванае і тагасветнае.

Усё ж добра тое, што добра сканчваецца. Валерыя дома, напісала шмат вершаў і напіша яшчэ больш. А дзякуючы такім выпадкам, можа быць, паболее і людзей, якія, зацікавяцца сучаснай беларускай літаратурай. І жартам. І ўсур'ёз.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?