Вы тут

Дом з мастацкімі "прывідамі"


У 2013 годзе адзначыў свой 100-гадовы юбілей унікальны будынак у цэнтры Віцебска. Лёсы старых дамоў не менш цікавыя, чым чалавечыя. Вось і гэты ў пачатку ХХ стагоддзя быў пабудаваны для ўласных патрэб віцебскім банкірам Ізраілем Вішняком. Праз пяць гадоў у верасні 1918-га мастак Марк Шагал быў прызначаны упаўнаважаным наркамата асветы па справах мастацтваў у Віцебскай губерні і прапанаваў адкрыць у нацыяналізаваным асабняку мастацкае вучылішча. Уцалелы ў часыВялікай Айчыннай (што для будынкаў цэнтральных вуліц Віцебска вялікае дзіва), ён стаў прытулкам пасля вайны для простых віцябчан, годна перажыў перабудовы, што ладзілі новыя гаспадары. Сёлета ў студзені, якраз праз 95 гадоў з адкрыцця тут першай дзяржаўнай мастацкай установы ў Беларусі, атрымаў шанц адрадзіцца ў першапачатковым выглядзе: пачалася яго рэстаўрацыя.

Як хутка віцябчане і госці горада змогуць наведаць музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, які размесціцца ў былым асабняку, расказалі дырэктар музея "Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва" Андрэй Духоўнікаў і навуковы супрацоўнік музея Марына Карман.

 

Рэканструкцыя

— Дзякуючы аналізу мы цяпер дакладна ведаем, у які колер быў пафарбаваны дом знутры і звонку ў той час: будынак быў светлы, а архітэктурныя элементы — колеру охры, — апошнімі звесткамі пра рэканструкцыю падзялілася Марына Карман.— Спецыялісты Полацкага навукова-даследчага інстытута аднадушна зрабілі выснову: дом моцны — дай Бог, каб зараз так будавалі. Шчыра кажучы, пашкодзіў будынак не час. У большай ступені гэта зрабілі людзі. З 1976 года тут знаходзіўся вылічальны цэнтр з вялікімі ЭВМ. Дзеля іх зрабілі перапланіроўку, зруйнавалі некалькі капітальных сцен. Усё гэта мы павінны аднавіць.

1377592297198_1

 

— Але нам пашанцавала, — дадае Андрэй Духоўнікаў. — У абласным архіве захаваўся план будынка 1923 года. Ён намаляваны на міліметровай паперы і мае невялікія каментарыі. Але для нас яны зараз на вагу золата.

1377592300198_2

 

Звонку, магчыма, здаецца, што пакуль ніякія работы не вядуцца. Тым не менш, поўнасцю гатова дакументацыя, зацверджана канцэпцыя стварэння музея. Бо асабняк Вішняка — адзін з нямногіх дамоў, звязаных з іменем Шагала, што захаваліся ў Віцебску. Ён, па сутнасці можа быць помнікам самому сабе. Гэта вялікае дзіва, што ён не толькі уцалеў у амаль цалкам зруйнаваным вайной Віцебску, але і захаваў знешні дэкор.

Што пакажуць у музеі?

— Як будзе выглядаць музей на самой справе, залежыць і ад фінансавання, і ад энергіі — і нашай, і дызайнераў, — гаворыцьАндрэй Эрыхавіч. — Але ў першую чаргу нам хочацца, каб гэта быў не прывычны нам музей, дзе ёсць толькі экспазіцыя. Мы плануем некалькі варыянтаў экскурсій, элементы інтэрактыву.

На цокальным паверсе размесціцца пастаянная экспазіцыя па гісторыі будынка з мультымедыйным экранам. Першы паверх зоймуць экспазіцыйныя залы, а таксама шматфункцыянальная канферэнц-зала. Абавязкова будзе створана зала з клімат-кантролем і неабходным узроўнем аховы. Так можна будзе ладзіць выставы арыгінальных твораў з самых вядомых музеяў свету. На другім паверсе ў экспазіцыйных залах будуць адноўлены майстэрні, звязаныя з канкрэтнымі імёнамі.

Музей будзе ў першую чаргу інфармацыйным. Бо сёння сабраць карціны мастакоў, якія тут працавалі, нерэальна: занадта дорага яны каштуюць. Дарэчы, нават арт-цэнтр Марка Шагала не мае ні адной жывапіснай карціны мастака. А з твораў вучняў Шагала ў Віцебску засталася толькі невялікая работа Штэрэнберга, якая захоўваецца ў краязнаўчым музеі, і творы Якерсона.

Андрэй Духоўнікаў лічыць, што музей павінен узяць на сябе яшчэ і адукацыйную місію: "Да шагалаўскіх чытанняў летась мы падрыхтавалі інфармацыйныя планшэты па гісторыі вучылішча. Пасля яны шмат дзе выстаўляліся. Мы рэалісты. Цудоўна разумеем, што не здолеем сабраць, напрыклад, калекцыю Малевіча. Але ў нас ёсць дом — месца, сведка стварэння шэдэўраў. Экскурсіі будуць прадугледжаны рознаўзроўневыя: для тых, хто нічога не ведае аб гэтым перыядзе, для больш дасведчаных і для спецыялістаў. Наша мэта, над рэалізацыяй якой мы ўжо актыўна працуем, акумуліраваць тут усю інфармацыю па гісторыі развіцця Віцебскага мастацкага вучылішча і рускага авангарду наогул.

Гарадскі брэнд

На вокладцы мастацкай энцыклапедыі ХХ стагоддзя, дзе сабраны самыя яркія творы, тры з іх — мастакоў, звязаных з Віцебскам. Адна з самых вялікіх каштоўнасцяў горада — яго мастакі. Новы музей павінен стаць часткай брэнда — Віцебская мастацкая школа. Акрамя дома Вішняка, хутка з'явіцца музей Пэна, над стварэннем якога зараз працуе краязнаўчы музей. Увагі патрабуе стары будынак мастацка-графічнага факультэта (зараз факультэт пачатковых класаў) па вуліцы Чэхава, будынак першай гімназіі, дзе пасля вайны знаходзілася мастацкае вучылішча. Так можа быць створана адзіная структура, здольная перадаць усю палітру мастацкага жыцця горада мінулага стагоддзя.

Пакуль у Віцебску закладваецца першая цаглінка ў падмурак музейнага комплексу, здольным стаць не толькі гарадскім брэндам, але і з'явай еўрапейскага маштабу. Здаецца, горад мастакоў гатовы адрадзіць сваю былую славу і прымнажаць яе надалей, не забываючы на гісторыю і імёны.

Вікторыя Дашкевіч

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.