Вы тут

"Рамантычныя руіны" Гальшан


Сярэднявечныя ваяры крочылі па Замкавай вуліцы ў Гальшанах, кіруючыся да старажытных сцен. Фурманкі мясцовых жыхароў, запрэжаныя коньмі, за невялікую плату падвозілі тых, хто стаміўся падымацца ў гару. Рамеснікі, музыкі з дудамі, аматары сярэднявечных танцаў былі заўважаны ў гэтую суботу, калі спяшаліся на фестываль "Гальшанскі замак-2013".

1377592285822_1

"Сэр рыцар"— так з павагай звярталіся адзін да аднаго ўдзельнікі коннага турніру. Дужых ваяроў у жалезных даспехах з лёгкасцю трымалі іх моцныя коні. У адгароджаным драўляным калідоры рыцары на конях разганяліся, імкліва набліжаліся адзін да аднаго і... спрабавалі мацней ударыць вялізнымі драўлянымі коп'ямі, каб выбіць праціўніка з сядла. У рыцараў было такое правіла: калі першы раз, з'язджаючыся, адзін вершнік біў другога ў шчыт тупым канцом кап'я, значыць, ён запрашаў яго памерацца сіламі, а калі вострым — выклікаў на смяротную бойку...
Ліцвінская шляхта, французскія рыцары мужна біліся, прысвячалі свае перамогі дамам сэрца. Аднак воін-крыжак, рыхтуючыся да бойкі з французскім вершнікам, сказаў: "Адзіная жанчына, якой я магу прысвяціць свой бой — гэта Прысвятая Багародзіца.

Таму ў бойцы я хачу правучыць гэтага француза, спешчанага жаночым каханнем, раскошай. Такія рыцары-манахі, як я, таксама шмат чаго вартыя. Мы бедныя, няшчасныя, але верна служым Хрысту". Аднак ці толькі крыжакі сапраўды абараняюць гонар хрысціянства, давялося вырашыць у справядлівым паядынку. Ліцвінскі воін даў параду французу Сержу Дэлакруа: "Скачыце мацней, чым вецер, хутчэй за сонечны прамень — тады вікторыя будзе з вамі!". Такая навука доблесці сапраўды дапамагла французу перамагчы. Ён жа, у сваю чаргу, пабачыўшы, як б'ецца гаспадар, высока ацаніў яго майстэрства і гучна вымавіў: "Воіны Вялікага Княства Літоўскага не будуць ведаць паразы!"

Пасля бітвы коннікаў на бойку выйшла пяхота. На суседнім полі спаборнічалі за званне самага лепшага лучнікі. Яны спрабавалі трапіць у мішэнь і дзвюма, і трыма стрэламі адразу — казалі, што гэта сапраўдная шляхецкая забава. А начаваць, як і належыць сярэднявечным ваярам, засталіся ля сцен замка, паставіўшы вялізны намёт, усланы сенам.

1377592288112_2

...На ганчарным коле адзін за адным з'яўляліся зграбныя вырабы. Тоненькія абручы, сплеценыя з саломы, усё часцей упрыгожвалі валасы прывабных паненак. А ля самых сцен замка разгарнуліся майстрыхі з віленскімі вербамі. Адна з іх, Яніна Наркуніенэ, расказала:

— Нашы вербы — гэта візітоўка Вільнюса, бо зроблены ў навакольных з ім вёсках. Мы нават маем сертыфікат рэгіянальнага вырабу. Зроблены вербы з трох частак. Першая — гэта верхавінка з мяцёлачных траў. Другая, сярэдняя, уяўляе сабой кампазіцыю з сухой травы і кветак, каласоў. Трэцяя частка — гэта ножка з арэшніку. Выкарыстоўваецца менавіта гэтае дрэва, бо толькі яно можа быць прамым і не згінацца 10 гадоў.

Карэспандэнт "Звязды" набыла ў майстрых вярбу, кампазіцыя якой складаецца з рознакаляровых колцаў сухацветаў. Аказалася, што называецца яна "рушчыцоўка" — у гонар беларускага мастака Фердынанда Рушчыца, які намаляваў яе ў 1913 годзе на плакаце, што рэкламаваў трохдзённы вільнюскі кірмаш "Казюкі".

1377592290458_3

Лета ў апошнія выхадныя жніўня, калі ладзіўся фестываль, ужо здавала свае пазіцыі. Таму найлепшым паратункам ад нечаканага холаду сталі бадзёрыя сярэднявечныя танцы. Канцэрт старадаўняй музыкі ладзілі гурты "Літы талер", "Аltаnkа", "РАWА", таксама літоўскі гурт пад назвай "Dwа Tуgоdnіе".

Позна ўвечары замак з сярэдзіны падсвечваўся ліхтарамі. Аднак сапраўдны агонь сярод ночы здабывалі тэатры "Гістрыён" і "Яварына", што ладзілі вечаровае вогненнае шоу. Яркія сполахі раз-пораз асвятлялі вялізны герб Гальшан, што вісеў у самым цэнтры канцэртнай сцэны, — усё нагадвала пра часіны былой велічы, моцы і славы.

1377592293654_4

Тры этапы аднаўлення

Пра іх расказаў метадыст аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама, адказны за гісторыка-культурную спадчыну Сяргей Жылік:

1. Добраўпарадкаванне тэрыторыі ўжо праведзена. У параўнанні з мінулым годам замак быццам "вырас" на адзін-два метры. Так адбылося дзякуючы таму, што сцены замка былі ачышчаны ад больш позніх культурных напластаванняў. У знятым слоі знойдзена шмат ацалелай аўтэнтычнай цэглы. Тэрыторыя вакол замка таксама расчышчана і выраўнавана, праведзены археалагічныя раскопкі.

2. Кансервацыю плануюць распачаць у наступным годзе. Умацаванне сцен і вежаў будуць рабіць у тым ліку з выкарыстаннем старой цэглы.

3. Будзе праведзена рэстаўрацыя Кутняй вежы, аднак яна захавае свой сённяшні выгляд. Плануецца размясціць у ёй так званую "халодную" экспазіцыю, — тое, што зможа захоўвацца і пры нізкіх тэмпературах.

4. Будзе да канца адноўлены і гістарычны ландшафт, у тым ліку канал, які цёк побач з замкам. Усе работы папярэдне плануецца завяршыць да канца 2015 года...

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».