Вы тут

Чаму пакупніку складана зрабіць выбар?


Да такой высновы прыйшлі прадстаўнікі міністэрстваў гандлю і адукацыі, "Беллегпрама" і Белкаапсаюза, наведваючы гандлёвыя кропкі ў Мінску і Стоўбцах. Чыноўнікі пагутарылі з прадаўцамі і вытворцамі і пацікавіліся, чаго не хапае пакупнікам.

У сталічным ГУМе выбар паўсядзённага школьнага адзення і канцылярскіх тавараў сапраўды ўражвае. Сотні мадэляў школьнай формы ад беларускіх вытворцаў, дзясяткі варыяцый камбінавання строяў для хлопчыкаў і дзяўчат. А ад каляровай гамы хлапчуковых кашуль літаральна ў вачах мігціць. Не дзіва, што нават раніцай буднага дня тут назіраецца наплыў пакупнікоў.

Сярод іх заўважаю бабулю, маці і дзяўчынку-школьніцу, якія з цікавасцю выбіраюць дзявочыя кашулі. Сям'я прыехала сюды па справах з Рагачова, прычым яны да школы ўжо закупіліся дома. Па іх словах, асартымент тут не значна адрозніваецца ад мясцовага, ды і цэны — таксама.

Між тым, супрацоўнікі ГУМа адзначаюць, што, нягледзячы на шырокі выбар, часам падабраць строй для школьніка бывае складана.

— Дзеці цяпер розныя. Бываюць поўненькія і нізкія, бываюць худзенькія і высокія. Але пры неабходнасці мы падганяем адзенне пад дзіця.

Намеснік міністра адукацыі Васіль Будкевіч

заўважыў, што трэба пашырыць памерную лінейку мадэляў школьнага адзення. Вучні старэйшых класаў — ужо дарослыя юнакі і дзяўчаты, і ў дзіцячых аддзелах ім праблематычна падабраць сабе адзенне. Памерны максімум тут — 44 — 46, у хлопчыкаў — 48.

Таксама чыноўнікі звярнулі ўвагу, што дзелавы стыль адзення хоць і строгі, але павінен быць сучасным і модным. Ды і апроч навучальнага працэсу, у школах ладзяцца святы і культурныя мерапрыемствы, на якіх хочацца выглядаць урачыста. У адказ на гэта супрацоўнікі ўнівермага сярод безлічы чорна-шэрых пінжакоў і штаноў знайшлі... адзін белы касцюм.

На 14-й спецыялізаванай выставе-кірмашы "Прывітанне, школа!", што адкрылася ў нацыянальным выставачным цэнтры "БелЭкспа", можна знайсці і імпартнае, і нават дызайнерскае адзенне для школьнікаў. Набыць неабходныя рэчы на выставе магчыма да 31 жніўня.

— Тут зручна выбіраць: усё ў адным месцы. Шмат павільёнаў, але мы знайшлі тое, што хацелі, — дзеліцца са мной настаўніца Святлана Мікалаеўна, паказваючы на ўнучку Кацярыну, якая красуецца ў новым школьным строі. — Цэны, безумоўна, розныя. Але мы падабралі касцюм за 190 тысяч, гольфік за 46 тысяч — гэта ж зусім не дорага.

Калі дэлегацыя чыноўнікаў і журналістаў знаёмілася з асартыментам аднаго з павільёнаў кірмашу, нечакана да яе падышла жанчына. Яна паведаміла, што сваіх шасцярых унукаў заўжды апранае на гэтай выставе і менавіта ў гэтым павільёне. Але выказала заўвагу, што ў школьным адзенні няма натуральных тканін, а калі і ёсць — цяжка знайсці рэч патрэбнага памеру. У адказ на такую заяву вытворцы прапанавалі аформіць індывідуальную заяўку. Такім чынам нават самы патрабавальны пакупнік можа атрымаць тое, што яму патрэбна. Праўда, і цэны на адзенне па індывідуальных заяўках вышэйшыя, чым на "стандартную" лінейку мадэляў. А што да натуральных тканін, то яны выкарыстоўваюцца ў школьным адзенні часцей за ўсё камбінавана са штучнымі. Бо, па словах вытворцаў, касцюмы са 100-працэнтнай воўны нязручныя, за імі складана даглядаць і для гарэз-школьнікаў зусім не практычныя, таму не карыстаюцца попытам у пакупнікоў.

Мінчане рыхтуюць дзяцей да навучальнага года наведваючы не толькі ўнівермагі і кірмашы. Так, у адным з супермаркетаў для дзяцей адзначылі, што сёлета продажы тавараў школьнага сезона амаль у 2,5 раза перавысіў леташні ўзровень. Тут таксама прадстаўлены шырокі выбар канцылярскіх тавараў, абутку і адзення айчынных вытворцаў. У самім супермаркеце нешматлюдна, але я знаходжу маму з сынам, якія выбіраюць школьны касцюм.

— Крама знаходзіцца недалёка ад дому, тут добры выбар тавараў, усё можна купіць у адным месцы, — кажа мама Юлія Ярмолік. — Цэны цяпер паўсюль аднолькавыя: у сярэднім хлапчуковы касцюм каштуе 500 тысяч. Можна знайсці і за 300, але гэта будуць ужо мадэлі мінулага сезона.

...У Стоўбцах на пляцы перад крамай "Дзіцячы свет" выстаўлены павільён, дзе прадстаўлены некаторыя мадэлі адзення, абутку, канцылярскія прыналежнасці. Тут жа — аб'ява пра акцыю з 10-працэнтнай зніжкай, падгонку адзення, зніжку шматдзетным сем'ям — усё, як у сталіцы. Большая ж частка тавараў чакае пакупнікоў унутры крамы.

— У нас столькі цікавых мадэляў! Вось паглядзіце: камплект для сапраўднай модніцы! І гэта натуральная скура — за 195 тысяч! — паказвае спадніцу і камізэльку са скуранымі ўстаўкамі прадавец Таісія Пляскач.

Вядома, выбар тут не такі, як у тым жа ГУМе (меншая гандлёвая плошча), але ён даволі багаты. Мадэлі такія ж самыя, што і ў Мінску, таму ў знешнім выглядзе стаўбцоўскія школьнікі не будуць саступаць сталічным. Самі мясцовыя жыхары асартыментам задаволены.

— Выбар вялікі: і сукенкі, і сарафаны, і спадніцы, і спартыўныя касцюмы. Нікуды не трэба ехаць, — распавядае Вольга, якая збірае ў школу дзвюх пляменніц. — Калі раптам чагосьці няма, падыходзім да прадаўца, яна запісвае заяўку і прывозіць тое, што нам патрэбна. Мы заўжды тут апранаемся.

— Сёння як у Мінску, так і ў райцэнтрах прадстаўлены тавары на самы патрабавальны густ, — падсумаваў вынікі паездкі намеснік міністра гандлю Вячаслаў Драгун. — Магчыма, асартымент нават празмерна шырокі — па 250—270 мадэляў. Вочы разбягаюцца, пакупніку складана зрабіць выбар.

Усяго продаж тавараў да навучальнага года сёлета па краіне вядуць больш за сем тысяч гандлёвых аб'ектаў. З 10 ліпеня да
10 верасня пастаянна дзейнічаюць 200 школьных базараў, арганізавана праца яшчэ 560 дадатковых школьных кірмашоў у выхадныя дні. Коштавы дыяпазон набору тавараў для экіпіроўкі школьніка вагаецца ад 860 тысяч рублёў да 4,3 мільёна рублёў.

Дзіяна СЕРАДЗЮК.
Мінск — Стоўбцы — Мінск.

Загаловак у газеце: "Асартымент школьных тавараў занадта шырокі — пакупніку складана зрабіць выбар"

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.