Вы тут

Курт Вулхайзер: "Найцікавейшыя размовы ў Мінску — на беларускай мове"


Беларуская мова з Амерыкі... І не ад жыхароў дыяспары! Не дзіва, не цуд, а рэчаіснасць, у якой наша мова цікавая іншым, незалежна нават ад таго, як мы ставімся да яе. Гэта прадэманстраваў даследчык з ЗША Курт Вулхайзер, які стаў госцем Міжнароднага з'езда славістаў. Ён мала таго, што назірае за працэсамі ў беларускай мове, але і скіроўвае ўвагу на тых людзей, што гатовы змагацца з сітуацыяй, калі беларуская мова трапіла ў спіс моў свету, якія апынуліся пад пагрозай знікнення. "Новыя беларускамоўныя", на думку даследчыка, на ўласным прыкладзе паказваюць, што ўсё залежыць ад асоб. Пра гэта ж сведчыць і прыклад цудоўнага (без акцэнту!) валодання беларускай самога Курта Вулхайзера.

1377592252503_27-36

 

— Каб прыйсці да даследавання беларускай мовы, трэба было прайсці нейкі шлях.

— Яшчэ ва ўніверсітэце я займаўся рускай мовай. Потым польскай. Спачатку я думаў, можа, паступлю ў дыпламатычны корпус, а потым вырашыў, што мяне больш цікавіць мовазнаўства. І я паступіў у аспірантуру Індыянскага ўніверсітэта. Гэта буйны цэнтр славістыкі. Пачынаў як русіст. Паралельна вывучаў і польскую мову. Але на трэцім годзе аспірантуры я пісаў рэферат пра гісторыю кнігадрукавання ў славян, даведаўся пра Скарыну і ўвогуле пра рэфармацыю на тэрыторыі гэтых земляў. Для мяне было адкрыццё, што на тэрыторыі сучаснай Беларусі была буйная і вельмі перадавая культура для свайго часу. Даведаўся праСтатут Вялікага Княства Літоўскага, пра старажытную беларускую мову. Бо мы амаль нічога не ведалі пра гэта, калі праходзілі курс па гісторыі ўсходнеславянскіх моў, амаль нічога не гаварылася пра помнікі старабеларускага пісьменства. Калі праходзілі гісторыю рускай літаратурнай мовы, то казалі яшчэ пра нейкі ўкраінскі уплыў. Што да беларускага кампанента гэтага ўплыву — гэта было для мяне адкрыццё. І я вельмі зацікавіўся гэтай тэматыкай. Праз гісторыю мовы, асабліва перыяду ХVІ—ХVІІ стагоддзя я зацікавіўся Беларуссю і потым пачаў вывучаць сучасную мову і асаблівасці моўнай сітуацыі ў Беларусі.

— Колькі вам спатрэбілася часу, каб пачаць размаўляць па-беларуску?

 

— Я ў Штатах пачаў самастойна вывучаць беларускую мову. Даведаўся, што ёсць адзін чалавек, носьбіт беларускай мовы. Ён сам з Магілёўшчыны, выехаў пасля Другой сусветнай вайны. Ён вучыўся ў 30-х гадах у Мінску, нават будаваў Дом урада — Палікарп Манькоў. Перажыў арышт у 1937 годзе, належаў да плыні паваеннай эміграцыі. Я пачаў займацца з ім, карыстаўся падручнікамВалянціны Пашкевіч. Гэта падручнік для англамоўных, які быў выдадзены ў Канадзе ў 80-х гадах. Праўда, ён разлічаны менавіта на дыяспару, на дзяцей дыяспары і вучняў школ — каб там не гублялася мова. І калі я ўпершыню прыехаў у Беларусь у 1990 годзе, з'явілася магчымасць размаўляць з людзьмі. Такім чынам я нарэшце пачаў адчуваць сябе камфортна ў мове. У 1991-м я прыязджаў на летнюю школу беларусістыкі. А ў 1996 годзе пачаў праводзіць даследаванне на польска-беларускай мяжы. Здаецца, у 2000-м я браў удзел у кангрэсе беларусістаў. А вярнуўся сюды ў 2009 годзе, і быў уражаны зменамі, якія адбыліся за гэты час у Мінску і іншых гарадах і рэгіёнах. Мяне ўражвае, што нарэшце ўзяліся за помнікі архітэктуры, якія былі ў занядбаным стане. Зразумелі, напэўна, што на гэтым можна зарабляць. Але добра, што нешта робіцца для беларускай культуры.

— А калі казаць пра колькасць носьбітаў мовы — больш іх стала ці менш у параўнанні з ранейшымі часамі?

— Цяжка сказаць, што колькасць расце. Але, здаецца, што сітуацыя стабільная паводле сацыялагічных даследаванняў: яшчэ шмат людзей кажуць, што дома і з сябрамі гавораць і па-руску, і па-беларуску. Вядома, людзі, якія выключна гавораць на беларускай мове — рэдкасць. Але нават ва ўмовах двухмоўя беларуская мова зможа выжыць, калі будзе падтрымка. Гэта ўсё, што патрэбна.

— Якога кшталту можа быць падтрымка ў нашых умовах?

— Па-першае, закон: каб мовы былі рэальна роўныя. Ёсць і іншыя захады, якія могуць дапамагчы: напрыклад, у адукацыйнай сферы можна даплачваць настаўнікам, якія выкладаюць па-беларуску. Цікава паглядзець сітуацыю з рэгіянальнымі мовамі Заходняй Еўропы. Напрыклад, ва Уэльсе, у Вялікабрытаніі. Урад Уэльса мае праграму па пашырэнні функцыі валійскай мовы. І нават у сістэме адукацыі ёсць такая праграма, паводле якой колькасць дзяцей, якія свабодна размаўляюць па-валійску, павінна на наступны год павялічыцца на колькі там працэнтаў. Усё роўна, праблемы ў іх ёсць, бо старыя носьбіты паміраюць. Гарадскія дзеці, якія вучацца ў школах, у нейкай ступені кампенсуюць страты. Але ўсё роўна на некалькі адсоткаў ужо знізілася колькасць носьбітаў валійскай мовы. Вядома, працэс пераходу ад валійскай мовы не такі хуткі, як раней. У гэтым кантэксце вялікі плюс для беларускай мовы, што яна дастаткова блізкая для рускай мовы, што не так цяжка вярнуцца да яе. Таму што ў выпадку англійскай і валійскай, то гэта зусім розныя групы моў, яны вельмі адрозніваюцца. Ці з ірландскай мовай падобна. У Беларусі большасць людзей, якія самі не размаўляюць па-беларуску, але ўсё разумеюць. Тут не павінна быць праблем. Але залежыць шмат што і ад беларускамоўных людзей. Паводле апытанняў, стаўленне да беларускай мовы не такое адмоўнае, каб беларускамоўныя ва ўсіх сітуацыях побач з рускамоўнымі пераходзілі на рускую. Можа, гэта беларускі нацыянальны характар, такая ветлівасць... Было таксама апытанне, якое паказала, што да людзей, якія размаўляюць па-беларуску, стаўленне дастаткова станоўчае ў грамадстве. А ў пэўным асяроддзі беларускамоўнасць робіцца мэйнстрымам.

— Чаму вы зацікавіліся такой з'явай, як "новыя беларускамоўныя", нават прысвяцілі ёй навуковае даследаванне?

— Беларуская моўная сітуацыя цікавая, але яна не настолькі ўнікальная ў свеце. Штуршком для мяне паслужылі даследаванні, якія рабіліся ў Заходняй Еўропе, у розных краінах, дзе рэгіянальныя мовы таксама маюць праблемы, але пры гэтым ёсць і пазітыўныя зрухі па адраджэнні мовы. Напрыклад, у іспанскай Галісіі. Якраз пасля смерці Франка (пры ім галісійская ўвогуле была забаронена) пачалі развіваць сістэму адукацыі на галісійскай мове. У гарадах (напрыклад, у сталіцы Санцьяга) многія дагэтуль гавораць па-іспанску. Але ёсць дастаткова новая з'ява: маладыя новыя носьбіты галісійскай мовы, якія выхоўваліся на іспанскай мове, але самі вырашылі перайсці на галісійскую. Там ёсць пэўны канфлікт паміж новымі галісійскамоўнымі і старымі. У Ірландыі таксама ў гарадах пачалі з'яўляцца маладыя людзі, якія выдатна валодаюць ірландскай мовай, якія вучыліся ў школах, дзе амаль усё выкладанне вядзецца на ірландскай мове. Гэта дастаткова новая з'ява для Ірландыі. Толькі ў 70-х гадах пачалі ствараць такія школы, але іх мала ў Ірландыі. Гэта дастаткова прэстыжныя школы, выпускнікі гэтых школ паспяхова паступаюць ва ўніверсітэт. Але ў Ірландыі таксама ёсць канфлікт паміж старымі носьбітамі і новымі. Старыя лічаць, што мова новых — не аўтэнтычная, нейкая штучная. У Беларусі я заўважыў, што асабліва сярод новых беларускамоўных ёсць тэндэнцыя ўжывання элементаў "тарашкевіцы", альбо ёсць словы, якія засвойваюцца з англійскай, з польскай мовы. Можа, і ўзнікаюць на гэтай глебе канфлікты, але яны не настолькі заўважныя тут. Я праводжу інтэрв'ю з новымі беларускамоўнымі — студэнтамі. Ёсць тыя, якія гавораць па-беларуску з дзяцінства, выраслі з мовай. Калі я пытаюся, як яны ставяцца да новых беларускамоўных, іх часцей за ўсё здзіўляе пытанне. Няма такіх канфліктаў. У гэтым беларуская сітуацыя значна лепшая.

— Дзе вы шукалі тых людзей, пра якіх рабілі даследаванне? Што яны сабой уяўляюць?

— Гэта цяпер проста: праз сацыяльныя сеткі, напрыклад, ёсць асобная група ў "Фэйсбуку". Яшчэ даведваўся праз калег, ва ўніверсітэтах у Беларусі. Я даволі хутка знайшоў людзей, якія сталі аб'ектамі вывучэння. Яшчэ ўвосень мінулага года праз інтэрнэт я праводзіў папярэдняе даследаванне і здзівіўся, што большасць інфармантаў — студэнты негуманітарнага профілю. Я ўспамінаю сітуацыю ў Беларусі ў пачатку 90-х: тады таксама пачалі з'яўляцца новыя беларускамоўныя. Але гэта былі ў асноўным гуманітарыі. З маіх інфармантаў цяпер большасць былі са сферы маркетынгу, кіравання, права. Мне здаецца, што гэта вельмі станоўчы момант, бо гэтыя людзі — частка будучай культурнай і бізнес-эліты... Мне здаецца, што сярод моладзі, можа, не так шмат людзей, якія штодзень размаўляюць па-беларуску, але стаўленне да мовы напэўна лепшае цяпер, чым назіралася ў пачатку 90-х. Прынамсі, сярод студэнтаў.

— "Новыя беларускамоўныя" — тыя, хто прыняў мову свядома. Значыць, выраслі яны, хутчэй за ўсё, у рускамоўным асяроддзі. Магчыма, сям'я і дагэтуль застаецца рускамоўнай. Ці ёсць канфлікты на гэтай глебе?

— Мае рэспандэнты казалі, што калі такія канфлікты нават і былі, то ўрэшце сям'я і сябры прынялі іх выбар. Але я праводзіў падобнае апытанне ва Украіне, у Харкаве, дзе моўная сітуацыя вельмі нагадвае Мінск. Мне здалося, што новыя ўкраінамоўныя ў Харкаве (дзе ўкраінская мова адзіная дзяржаўная) сутыкаюцца з большай адкрытай варожасцю. Магчыма гэта звязана яшчэ з этнічным складам жыхароў горада...

— Што гэта за з'ява — "моўны узус"?

— Мяне цікавіць, што новага новыя беларускамоўныя прыносяць у мову. Ёсць інавацыі, якія робяцца, можна сказаць, дамінуючымі варыянтамі. Напрыклад, ніхто з маіх інфармантаў не кажа "долар", але кажуць "даляр". Праз нейкі час гэта можна будзе ўвесці як норму. У слоўніках ёсць слова "маладзёжны". Але вельмі часта ўжываецца іншы варыянт — "моладзевы". Гэтыя інавацыі, асабліва адчувальныя ў словаўтварэнні, могуць стаць нормай праз пэўны час. Гэта сведчыць, што мова развіваецца.

— Калі вы вывучаеце беларускую мову, то напэўна, не лічыце яе неперспектыўнай?

— Так. У мяне шмат сяброў і калег, якія размаўляюць па-беларуску. Кожны раз, калі я бываю ў Мінску, то ў асноўным найцікавейшыя размовы — на беларускай мове. Наогул мала ў мяне тут рускамоўных знаёмых. Увогуле беларускамоўны чалавек можа стварыць такое асяроддзе, што ў эру інтэрнэту стала значна прасцей. Падчас сваіх даследчыцкіх інтэрв'ю я заўважыў, што многія сталі беларускамоўнымі дзякуючы інтэрнэту.

— А з другога боку, з развіццём камунікацыі ўзмацнілася сусветная тэндэнцыя да моўнай уніфікацыі. Ёсць частка людзей, якія лічаць, што ўсё ідзе да нечага адзінага, таму, маўляў, навошта падтрымліваць родную мову? Які адказ могуць даць мовазнаўцы на гэта?

— Дзіўная логіка, калі людзі думаюць: навошта нам захоўваць мову, ад гэтага не будзем сытыя, не будзем жыць лепш. Але не будзеце жыць горш з мовай. Напрыклад, Нарвегія — маленькая краіна, але вельмі багатая. У іх свая мова. Яны таксама праходзілі няпросты шлях. У іх дагэтуль існуе два варыянты нарвежскай мовы. А яшчэ і рэгіянальныя гаворкі. І гэта не перашкаджае нарвежцам быць часткай сучаснага свету. Гэта вельмі перадавая краіна ва ўсіх адносінах: эканамічных, сацыяльных.

— Колькі моў вы ведаеце?

— Цяжкае пытанне... Акрамя англійскай, вольна размаўляю я па-руску і па-беларуску. Па-польску размаўляю, але не так добра. Па-ўкраінску чытаю, размаўляю з цяжкасцю. Па-нямецку я чытаю, але гавару не вельмі добра. Па-французску чытаю...

— Што б вы параілі кожнаму канкрэтнаму чалавеку, які захацеў бы вывучыць беларускую мову? З чаго яму пачынаць і як пераадольваць ментальныя праблемы?

— Лепш за ўсё знайсці беларускамоўных людзей, з якімі можна сустракацца. Вельмі добрая ініцыятыва "Мова ці кава". Такія суполкі павінны быць ва ўсіх гарадах Беларусі, іх павінна быць шмат. Калі я знайшоў такіх людзей, то для тых, хто тут жыве, гэта не павінна быць праблемай.

Ларыса ЦІМОШЫК.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.