Вы тут

У чым прычына дзіцячага атлусцення?


Рост колькасці дзяцей з лішняй вагой тлумачыцца ў першую чаргу няправільным харчаваннем і маларухомым ладам жыцця. Радзей атлусценне з'яўляецца вынікам захворванняў эндакрыннай сістэмы, пухлін галаўнога мозга і іншых сур'ёзных захворванняў. А таму высвятляць прычыну атлусцення неабходна як мага раней.

Атлусценне ў дзіцячым узросце павышае рызыку ранняга развіцця цукровага дыябету, артэрыяльнай гіпертэнзіі, захворванняў печані, жоўцевага пузыра, ішэмічнай хваробы сэрца, пагражае ў будучым інфарктам міякарда, бясплоднасцю, нагадвае інструктар-валеолаг 23-й гарадской дзіцячай паліклінікі г. Мінска Ірына ШЫМАНСКАЯ. Устанавіць дакладную прычыну атлусцення можа толькі спецыяліст пасля агляду дзіцяці, размовы з бацькамі і некаторых дадатковых абследаванняў.

Калі лішняя вага была ўжо ад нараджэння, а таксама ёсць спазненне ў развіцці (дзіця пачало позна трымаць галоўку, позна сядзець, хадзіць, позна прарэзаліся зубы, ёсць ацёчнасць твару), то не выключана, што атлусценне абумоўлена прыроджаным недахватам гармонаў шчытападобнай залозы — гіпатэрыёзам.

Атлусценне ў спалучэнні з разумовай адсталасцю, мышачнай слабасцю, касавокасцю, можа ўказваць на прыроджанае генетычнае захворванне — напрыклад, сіндром Даўна, сіндром Прадэра-Вілі.

Калі лішняй вазе спрыяе слабасць, стамляльнасць, санлівасць, дрэнная паспяховасць у школе, зніжаны апетыт, запоры, сухасць скуры, "мяхі" пад вачыма, то, магчыма, размова ідзе пра набыты з-за дэфіцыту ёду або захворванняў шчытападобнай залозы гіпатэрыёз. Гіпатэрыёз, які развіўся ў дзяўчынкі падчас палавога выспявання, можа стаць прычынай аменарэі (адсутнасці менструацыі) або іншых парушэнняў менструальнага цыкла.

Калі лішак тлушчавай тканкі назіраецца на шыі, твары, жываце, а рукі і ногі застаюцца тонкімі, шчокі ярка-ружовыя, на скуры жывата з'яўляюцца фіялетавыя расцяжкі (стрыі), то верагоднай прычынай атлусцення будзе сіндром Іцэнкі-Кушынга

. Гэта захворванне, пры якім у арганізме выпрацоўваецца лішак глюкакартыкоідаў (гармонаў наднырачнікаў). Калі такі сіндром развіваецца ў дзяўчынак падчас палавога выспявання, то ў іх назіраецца адсутнасць менструацыі і гірсутызм (з'яўленне валасоў над верхняй губой, падбародку, малочнай залозе).

Калі атлусценне ўзнікла праз нейкі час пасля траўмы галавы, запаленчых захворванняў галаўнога мозга (менінгіт, энцэфаліт), нейрахіругічнай аперацыі (разрыў анеўрызмы мазгавой артэрыі), то атлусценне можа быць абумоўлена недахватам функцыі гіпофізу. Гэтая залоза ўнутранай сакрэцыі галаўнога мозга выпрацоўвае гармоны, якія стымулююць функцыі іншых эндакрынных залоз (шчытападобнай, наднырачнікаў, палавых і інш.), а таксама гармон росту. Пры недахваце гармонаў гіпофізу не хапае гармонаў усіх астатніх залоз, што і з'яўляецца прычынай атлусцення, малога росту, гіпатэрыёзу і парушэння развіцця палавой сістэмы.

Атлусценне ў спалучэнні з галаўным болем, ванітамі, млосцю, галавакружэннем можа ўказваць на пухліну галаўнога мозга або гіпофізу.

Атлусценне ў дзяўчыны ў спалучэнні з тлустай скурай твару, нерэгулярнымі менструацыямі, ростам валасоў на твары і малочных залозах можа ўказваць на сіндром полікістозных яечнікаў.

Лішняя вага ў падлеткаў можа прывесці да:

  • нехарактэрных для дзіцячага ўзросту гіпертанічнай хваробы, ішэмічнай хваробы сэрца;
  • цукровага дыябету 2 тыпу;
  • хранічнага халецыстыту (запаленне жоўцевага пузыра), панкрэатыту (запаленне падстраўнікавай залозы), тлушчавага гепатозу, а пасля і цырозу печані, запораў, гемарою;
  • дэфармацыі коснага шкілета, боляў у суставах, разбурэння сустаўных храсткоў, плоскаступнёвасці;
  • расстройстваў сну (храп, апноэ — эпізоды адсутнасці дыхання).

Лячэнне атлусцення

1. Дыета і фізічная актыўнасць

Дыету варта абмеркаваць з лечачым урачом або ўрачом-дыетолагам. Урач улічвае патрэбы ў бялках, тлушчах, вугляводах, макраэлементах, вітамінах.

Фізічная актыўнасць уключае любыя віды спорту, фізкультуру, актыўныя гульні на свежым паветры, плаванне.

2. Лекі

Урачы імкнуцца не прызначаць дзецям і падлеткам лекавыя сродкі для падаўлення апетыту без вострай неабходнасці.

3. Хірургічнае лячэнне.

Дзецям яно праводзіцца вельмі рэдка, пры наяўнасці жыццёвых паказанняў, калі ёсць пагроза жыццю.

Чаму не пажадана галаданне і хуткае зніжэнне вагі?

Лічыцца, што падчас пахудзення зніжэнне масы цела не павінна перавышаць 500-800 г за тыдзень.

Падчас галадання дэфіцыт энергіі ў арганізме папаўняецца за кошт глюкозы. Калі глюкоза ў крыві заканчваецца, пачынаецца расшчапленне запасаў глюкозы ў выглядзе глікагену. Запасаў глікагену ў арганізме хапае прыкладна на суткі галадання. Затым пачынаецца распад бялкоў, і ў апошнюю чаргу — тлушчавай тканкі.

Падчас імклівага скідвання вагі арганізм не паспявае адаптавацца да новага стану, што прыводзіць да абвісання скуры, мышачнай слабасці, парушэння работы стрававальнай сістэмы. Падчас спынення галадання пачуццё насычэння можа надыходзіць значна пазней, чым дагэтуль, і хуткая страта вагі прывядзе да імклівага яе набору. Гарантам захавання аптымальнай масы цела з'яўляецца раўнавага паміж спажываннем калорый і іх расходам.

Як падабраць рацыён харчавання?

У рацыён харчавання здаровага чалавека павінны ўваходзіць:

ГАРОДНІНА. Морква, сельдэрэй, бабы, кабачкі, таматы, бульба, шпінат і г.д. Паляпшаюць страваванне, змяшчаюць клятчатку, вітаміны, мінералы.

БЯЛКІ. Нятлустыя гатункі мяса, рыбы, яйкі, малочныя прадукты. Неабходныя для росту і аднаўлення пашкоджаных клетак, яны бяруць удзел амаль ва ўсіх фізіялагічных працэсах у арганізме.

ЗЕРНЕВЫЯ. Чорны хлеб, рыс, авёс, жыта, ячмень, грэчка і г.д. Клятчатка, вітаміны групы В.

ФРУКТЫ. Яблыкі, апельсіны, клубніцы, ківі, бананы, грушы і г.д. Раслінная клятчатка, вітаміны і мінералы.

ПОЛІНЕНАСЫЧАНЫЯ ТЛУШЧЫ. Любыя алеі.

Якія прадукты лепш не ўжываць ці ўжываць вельмі рэдка?

Тлустае мяса, каўбасы, сасіскі, сала, чыпсы, крэкеры, здобу, цукеркі, салодкую газаваную ваду, алкаголь.

Колькі разоў у дзень трэба есці?

Аптымальным лічыцца 5-разовае харчаванне, якое ўключае сняданак (25% сутачнага рацыёну), другі сняданак (5-10%), абед (30-35%), полудзень (20-25%) і вячэру (10-15%). Апошні прыём ежы павінен быць за 3-4 гадзіны да сну.

Здаровае харчаванне мае на ўвазе разнастайнасць прадуктаў.

Абмежаванне тлустага мяса і іншых прадуктаў жывёльнага паходжання — гэта зніжэнне рызыкі развіцця атэрасклерозу.

У штодзённым рацыёне павінна быць як мага больш клятчаткі расліннага паходжання — не менш за 500 г фруктаў і гародніны.

Пажадана варыць і гатаваць на пары.

Пажадана зніжаць колькасць солі.

Як разлічыць аптымальную колькасць калорый?

1. Падлічыце колькасць калорый, неабходных для падтрымкі жыццядзейнасці арганізма.

Моцная палова: 66+(маса цела х 13,7) + (рост у см х 5) — (узрост у гадах х 6,8).

Прыклад. Мужчына, маса цела 95 кг, рост 175 см, узрост 39 гадоў.

66+ (95 х 13,7) + (175 х 5) — (39 х 6,8) = 2508 ккал.

Прыгожая палова: 655 + (маса цела х 9,6) + (рост у см х 1,8) — (узрост у гадах х 4,7).

Прыклад. Жанчына, маса цела 65 кг, рост 166 см, узрост 40 гадоў.

655 + (65 х 9,6) + (166 х 1,8) — (40 х 4,7)= 1765 ккал.

2. Да колькасці калорый, неабходных для падтрымкі фізіялагічных працэсаў у арганізме, трэба дадаць калорыі, якія будуць затрачвацца на фізічныя нагрузкі.

Неабходна у выпадку маларухомага ладу жыцця памножыць вышэйназваную лічбу на 1,2, а ў выпадку фізічнай актыўнасці 2-3 разы на тыдні — на 1,4. Калі ў вас інтэнсіўная фізічная нагрузка, вы наведваеце трэнажорную залу, то памножыць трэба на 1,55.

Напрыклад, для вышэйзгаданай жанчыны, калі яна займаецца аэробікай, формула будзе наступнай: 1765 х 1,4 = 2472 ккал. Менавіта столькі калорый павінна ўжываць гэтая жанчына, калі жадае, каб яе вага заставалася ранейшай.

Калі ж у вас ёсць лішняя вага, значыць, ад атрыманай лічбы неабходна аднімаць 15-20 працэнтаў. Прыклад. 2472 ккал — 20% = 1944 ккал.

3. Дзённік харчавання і расходу энергіі. Рэкамендуецца пазначаць усё, што вы елі на працягу дня, з пазначэннем ужытых і патрачаных ккал.

Прыклады расходу энергіі пры фізічных нагрузках:

прагулка — 130-150 ккал у гадзіну

бег — 450-500 ккал у гадзіну

танцы— 250-700 ккал у гадзіну

гімнастыка — 250-450 ккал у гадзіну

скачкі цераз скакалку — 550 ккал у гадзіну

плаванне — 240-440 ккал у гадзіну

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.