Вы тут

"Малінавы рай" у Гіжэнцы


У Гіжэнскім сельсавеце Слаўгарадскага раёна жыхары разам з мясцовай уладай і фондам развіцця сельскіх тэрыторый "Адраджэнне-Агра" ажыццяўляюць праекты, карысныя ў першую чаргу для бяспекі людзей на пацярпелых ад Чарнобыля тэрыторыях.

Бяспечная ягада

Раніцу 12-гадовая жыхарка Гіжэнкі Святлана Пуземчык сустракае на сямейнай малінавай дзялянцы. Дзяўчынка збірае з кустоў буйныя чырвоныя ягады, кідае ў вядро.

— Я звычайна гадзіны тры на дзень маліну збіраю, — гаворыць яна. — Маці мне за гэта палову выручкі аддае. Грошы ідуць на марожанае для мяне і розныя ласункі для маці, а астатняе выдаткую на школьныя тавары.

Святлана і яе бацькі — удзельнікі групы сялян пад сімвалічнай назвай "Малінавы рай". Пры дапамозе фонду "Адраджэнне-Агра" і Праграмы развіцця ААН, пры падтрымцы сельвыканкама яны атрымалі саджанцы маліны, а сёлета ўжо збіраюць нядрэнны ўраджай. Да слова сказаць, у групе 19 сямей, у тым ліку і сама старшыня Гіжэнскага сельсавета Тамара Мельнікава.

— Ягады, якія збіраюць у лясах Слаўгарадчыны, могуць быць забруджанымі радыяцыяй, — расказала Тамара Францаўна. — Між тым, маліна добрых гатункаў, не толькі буйная і смачная, але яшчэ і чыстая, бяспечная для здароўя людзей. Вось мы і аб'ядналіся ў адну суполку дзеля агульнага інтарэсу. А цяпер стала ясна, што наша "новая маліна" можа прыносіць і дадатковы прыбытак.

Ураджай — да снегу

Святлана Віктараўна Малашанка з дачкой Светай запрашаюць: "Заходзьце ў маліну!"

— Я сама люблю маліну, раблю з яе кампоты і варэнне, — расказвае 44-гадовая жанчына, якая працуе загадчыцай дзіцячага садка ў Гіжэнцы. — Мы аднойчы памеркавалі з сям'ёй, што, акрамя жывёлагадоўлі, у хатняй гаспадарцы трэба нешта яшчэ. Спачатку думалі пра яблыневы сад, але ўсё ж такі спыніліся на маліне. Энтузіясты стварылі "Малінавы рай".

Праўда, у гэтым раі выпадае не адпачываць, а добра працаваць! Навокал — некалькі соцень кустоў, рознай вышыні. У зеляніне кожнага знаходзяцца ягады, якія так і цягне пакласці ў рот. Гаспадары, падаецца, не маюць пярэчанняў: кажуць, што рэмантантная маліна пачынаецца ў чэрвені і будзе даваць ураджай да позняй восені. Адну ягаду здымаеш — побач вырастае новая.

1377076449530_21-13

— Летась маліна была аж да снегу, — кажа Святлана Віктараўна. — Але ў самы пік гэтага сезона мы збіралі з нашага ўчастка па 2 вядры ў дзень. Спачатку прадавалі тут, сваім, і ў бліжэйшай акрузе. Потым далі аб'яву ў газету ў Слаўгарадзе. Літр маліны — 15 тысяч рублёў, вялікае вядро — адпаведна, 150 тысяч. Ну і, натуральна, для саміх сябе хапіла. У нас цяпер дома багацце — дзясяткі літраў варэння.

"Зялёныя" рукі

Бацька сямейства, Мікалай Іванавіч Пуземчык, падаецца, больш захапляецца вырошчваннем буякоў, якія пасадзілі на ўчастку побач з малінай.

— У мясцінах, дзе я нарадзіўся і вырас, збіралі буякі (ці дурніцы, як іх заўсёды называлі вяскоўцы), бо гэта вельмі карысная ягада, і мне яна падабаецца з дзяцінства, — расказвае мужчына. — Аднак пасля чарнобыльскай аварыі там моцная радыяцыя, і дары лесу збіраць небяспечна. Тым больш у вільготных месцах, дзе звычайна і растуць буякі. А вось такім чынам, на зямельным участку, я першым у Слаўгарадскім раёне стаў вырошчваць гэтую ягаду.

Справа новая, але вельмі перспектыўная, лічыць Мікалай Іванавіч. У Гіжэнцы цяпер растуць кусты амерыканскай селекцыі. Яны, падобна на тое, будуць высокімі, ледзь не ў рост чалавека. Але ягады і цяпер, у першы год, уражваюць і сваім значным памерам, і непаўторным смакам.

— З буякамі добра, таму што на рынку збыту пакуль няма канкурэнцыі, — разважае гаспадар. — За кілаграм буякоў можна атрымаць 3-4 долары ў эквіваленце. Гэтую ягаду цэняць за тое, што яна паляпшае зрок і здымае стомленасць. На такі рэдкі тавар пакупнікі заўсёды знойдуцца. Мы пасадзілі больш за 150 кустоў. Адзін куст каштаваў тады 30 тысяч рублёў. З цягам часу ўсё гэта акупіцца.

Між тым, вырошчванне буякоў — гэта не самая простая справа. Тут трэба і ў глебе разбірацца, і ў нюансах апрацоўкі, і нават у правільным паліве кустоў. "У Мікалая Пуземчыка — "зялёныя" рукі: што ні кіне ў зямлю, тое добра расце", — так пра яго гавораць аднавяскоўцы. і нездарма: Мікалай Іванавіч любіць расліны, ды і старэйшая дачка Кацярына, якая працуе аграномам, заўсёды можа даць параду.

Вырасціць — паўсправы

Маліна — гэта для сямейнага бюджэту плюс, і ўжо даволі важкі. Святлана Малашанка падлічвае: прадалі каля трох дзясяткаў вядзёр маліны, атрымалі прыбытак каля 4-х мільёнаў рублёў. Гэтым самым сям'я кампенсавала выдаткі на сеткавую агароджу вакол малінава-буяковага ўчастка.

Святлана-малодшая таксама задаволена малінавым бізнесам. Яна не толькі працуе на ўчастку, але ўжо ездзіла ў Слаўгарад прадаваць ягаду, прычым справілася з задачай паспяхова.

Між тым, бацькі Святланы ўсё больш задумваюцца пра рэалізацыю ягад. Гіжэнка — гэта глыбінка, тры дзясяткі кіламетраў ад Слаўгарада, да абласнога цэнтра тым больш далёка, таму патрэбны новы праект.

— Прадукт хутка псуецца, таму неабходна набыць устаноўку для хуткага замарожвання, — гавораць Святлана і Мікалай.— Таксама не перашкодзіў бы і свой транспарт для дастаўкі. Атрымаецца ці не — паглядзім. Але ўжо і цяпер мы маем вялікае задавальненне ад уласнай працы.

Ініцыятыва знізу

Дырэктар мясцовага фонду развіцця сельскіх тэрыторый "Адраджэнне-Агра" Таццяна ГУРЫНА расказвае:

— У праекце "Малінавы рай" сялянам фактычна далі ў рукі кусты маліны і параілі прыкласці свае веды і працу, каб зарабіць на гэтым.

Кожны ўдзельнік "Малінавага раю" пасадзіў ад адной да пяці сотак ягадных кустоў — увогуле па вёсцы будзе сотак 40. Але ў кожнага гаспадара атрымаўся свой вынік, і лепшым, самым паспяховым стаў вопыт Святланы Малашанкі і Мікалая Пуземчыка. Іншыя вырасцілі маліну ў гэтым сезоне толькі для сваіх патрэб, а не на продаж. Так, прынамсі, атрымалася і ў кіраўніка сельсавета Тамары Мельнікавай.

— На маім участку пясчаная глеба, а сёлета вельмі спякотна, так што маліны ў мяне вырасла небагата, — прызнаецца Тамара Францаўна.

У Гіжэнскім сельсавеце "Малінавы рай" — далёка не першы праект. Тут рабілі для прыватных гаспадароў добрую пашу, стварылі дзіцячую пляцоўку, цяпер будуць набываць абсталяванне для спартыўнай залы. Гэта ўвогуле называецца тэрытарыяльным падыходам да развіцця вёскі. У Гіжэнскім сельсавеце ў агульнай справе задзейнічаны тры вёскі: цэнтральная Гіжэнка, Целяшы і Бярозаўка, дзе ўжо створаны і працуюць партнёрскія камітэты.

— Мы гатовы падтрымаць любую ініцыятыву, якая ідзе да людзей, — кажа Таццяна Гурына ад імя "Адраджэння-Агра". — Увогуле ва ўсіх нашых сумесных праектах ініцыятыва ідзе знізу. Частку грошай мы забяспечваем, частку — самі сяляне. Калі яны хочуць, то ў супрацоўніцтве з мясцовай уладай мы дапаможам дасягнуць выніку. Гэта і ёсць сапраўдныя прыклады самакіравання, калі людзі хочуць дабіцца вынікаў самі, а дапамагаюць ім улады і фонды.

Хаця Тамара Мельнікава, як рэаліст, папярэджвае, што не ўсё адразу і само сабой у іх атрымлівалася. Людзей, паводле слоў старшыні сельскага Савета, даводзілася пераконваць і ўгаворваць.

— Ведаеце, ёсць у нас такое: маўляў, вы нам дайце, а мы потым паглядзім, — расказвае Тамара Францаўна. — Ва ўсякім разе, да прапаноў, якімі фонд нас бударажыў, жыхары спачатку ставіліся з недаверам. А мы казалі, што трэба карыстацца перавагамі свайго сельскага ладу жыцця, вырошчваць чыстую прадукцыю і прадаваць. Ну чаму ў Шклове з агуркамі атрымліваецца, а ў нас не можа атрымацца з малінай?

Ужо цяпер, калі ёсць першыя вынікі, да праекта магло б далучыцца і больш людзей, лічаць у сельсавеце. Калі на наступны год будзе добры ўраджай, дбайным гаспадарам разам можна арганізаваць яго рэалізацыю — хаця б на Быхаўскі кансервавы завод.

— Нам важна само жаданне людзей навучыцца гаспадарнічаць і атрымаць вынік, — каментуе Таццяна Гурына. — Калі ён ёсць — паляпшаецца якасць жыцця. Але далей гэта становіцца яшчэ і добрым прыкладам для іншых вяскоўцаў, ініцыятыва пашыраецца, вёска мяняе аблічча і жыве ўжо іншым, лепшым жыццём.

Ілона Іванова
Фота аўтара.
Слаўгарадскі раён.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.