Вы тут

Шамякін


Прозвішча Шамякін у асноўным сустракаецца на тэрыторыі Расіі. З гэтым прозвішчам звязаны імёны многіх знакамітых людзей: Рыгор Шамякін — Герой Савецкага Саюза, панфілавец, Міхаіл Шамякін — расійскі жывапісец, скульптар, графік, Анатоль Шамякін — вучоны псіхолаг, філосаф, Мікалай Шамякін — генерал-маёр, герой руска-турэцкай вайны. У старажытнасці сярод прадстаўнікоў княжацкага роду сустракалася прозвішча Шамяка. Так, у летапісах 1434 года згадваюцца галіцкі князь і вялікі князь маскоўскі Дзмітрый Шамяка, асноўны ўдзельнік міжусобных войнаў другой чвэрці ХV стагоддзя. Гісторыі ён вядомы яшчэ і тым, што ў 1446 годзе асляпіў свайго брата, маскоўскага вялікага князя Васіля ІІ. Паводле гістарычных дакументаў, у першай палове ХVІІ стагоддзя на Яраслаўшчыне былі вядомыя памешчыкі Шамякавы, а пісцовыя кнігі Наўгародскай губерні зафіксавалі звесткі пра дваранскі род Шамякіных. У рускай мове замацаваўся ўстойлівы выраз "шамякін суд", які ўжываецца ў тых выпадках, калі хочуць падкрэсліць несправядлівасць якой-небудзь думкі, меркавання, ацэнкі. Існуюць дзве версіі адносна паходжання гэтага выразу: першая заснавана на гістарычным факце пра князя Дзмітрыя Шамяку, а другая звязана з народным аповедам пра несправядлівага суддзю Шамяку.

Іван Шамякін — вялікі майстар сюжэта

У Беларусі прозвішча Шамякін у першую чаргу асацыюецца з асобай аднаго з найбольш папулярных раманістаў — народным пісьменнікам Беларусі, акадэмікам НАН Беларусі, Героем Сацыялістычнай Працы, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі Іванам Пятровічам Шамякіным.

Нарадзіўся Іван Шамякін 30 студзеня 1921 года ў вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і лесніка. Скончыў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў. Прымаў удзел у савецка-фінскай вайне, затым у Вялікай Айчыннай вайне: удзельнічаў у баях пад Мурманскам, у Польшчы, на рацэ Одэр. Пасля дэмабілізацыі перакваліфікаваўся (завочна закончыў Гомельскі педінстытут) і стаў выкладчыкам мовы і літаратуры. Працаваў у вёсцы Пракопаўка Церахоўскага раёна на Гомельшчыне. У розныя гады займаў важныя дзяржаўныя пасады: першы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, галоўны рэдактар выдавецтва "Беларуская Савецкая Энцыклапедыя", старшыня Вярхоўнага Савета БССР, старшыня Беларускага камітэта абароны міру. Памёр 14 кастрычніка 2004 года.

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1941 годзе. Найбольш значныя творы: раманы "Глыбокая плынь", "Крыніцы", "Сэрца на далоні", "Атланты і карыятыды", "Вазьму твой боль", "Вялікая княгіня", "Злая зорка", аповесці "Шлюбная ноч", "Гандлярка і паэт", пенталогія "Трывожнае шчасце". У творчасці пісьменніка адлюстраваны шырокі тэматычны дыяпазон: жыццё беларускай вёскі ў часы акупацыі, дзейнасць партызан, складанасць барацьбы ў тыле ворага, жанчына і вайна, лёс пакалення, на долю якога выпалі выпрабаванні вайной, праблемы ўрбанізацыі, пошукі душэўнай гармоніі і пакаяння, падзеі Першай сусветнай вайны і грамадзянскай вайны, праблемы Чарнобыля, пытанні захавання агульначалавечых і маральных каштоўнасцяў. Творы пісьменніка перакладзены на многія мовы свету. Па іх зняты фільмы і створаны тэлеспектаклі. Творы Шамякіна заўсёды карысталіся вялікай папулярнасцю. Прычынай гэтага паслужыла творчае майстэрства пісьменніка. Як слушна заўважыў акадэмік У.В. Гніламёдаў, "асаблівасцю творчай індывідуальнасці Івана Шамякіна, стала тое, што пісьменніка перш за ўсё прыцягвалі светлыя бакі жыцця, хараство чалавечых адносін, прыгожыя людзі. Ён умеў знайсці ў звычайным, простым чалавеку нешта такое, што было цікава для ўсіх. Пры гэтым яго ўвагу звычайна прыцягвалі не якія-небудзь экстраардынарныя выпадкі жыцця ці сітуацыі, а жыццё, як яно ёсць, у яго роўнай, штодзённай плыні. Шамякін быў непераўзыдзеным майстрам сюжэта. Рабіў ён гэта не толькі для таго, каб заінтрыгаваць чытача, але і для больш глыбокага раскрыцця чалавечых характараў і абставін, у якіх даводзілася дзейнічаць героям твораў".

Паходжанне прозвішча

Прозвішча Шамякін вельмі старажытнае. Яно вядзе свой пачатак яшчэ з дахрысціянскага часу. У мінулым сустракалася на розных тэрыторыях і сярод прадстаўнікоў розных саслоўяў, не толькі князёў, але і сялян, стральцоў. Таму ў залежнасці ад тэрыторыі бытавання існуюць розныя версіі тлумачэння гэтага прозвішча.

Адна з версій, выказаная знакамітым акадэмікам Трубачовым, звязвае паходжанне прозвішча ад нехрысціянскага імені-мянушкі Шамяка, якое ўтварылася з двух слоў: шы ў значэнні "шыя" і мяка ў значэнні "мяць". Такую мянушку маглі даць моцнаму, смеламу, дужаму чалавеку — адным словам, асілку. Аднак чалавек гэты ў народзе меў славу забіякі з-за сваёй здольнасці намяць шыю іншаму.

Вядомая расійская даследчыца А.М. Палякова дапускае сувязь мянушкі Шамяка са словам шамяткі, якое ў некаторых рускіх гаворках (а дакладней, на тэрыторыі Урала) абазначае "шпаркі, паспешлівы чалавек".

Існуе думка, што прозвішча Шамякін узыходзіць да каталіцкага варыянта імя Сіман — Шыман, якое на беларускай тэрыторыі ўтварыла вялікую колькасць размоўных варыянтаў Шымук, Шымяк, Шымяка, Шымак, Шымік, Шымук, Шымука, Шэмег і іншыя.

Асобныя вучоныя (А.А. Зімін) мяркуюць, што гэта прозвішча ўзнікла ў перыяд татара-манголькага нашэсця і непасрэдна звязана з татара-мангольскім словам чымэху (упрыгожваць), чымэк (упрыгажэнне).

Сучасныя Шамякіны

На тэрыторыі Беларусі прозвішча Шамякін амаль не сустракаецца, за выключэннем прадстаўнікоў роду Івана Пятровіча Шамякіна, якія жывуць у Мінску. На Гродзеншчыне вядома прозвішча Шамяка на тэрыторыі Іўеўскага і Ваўкавыскага раёнаў.

Ігар КАПЫЛОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».