Вы тут

Звяртаемся да неўролага


На пытанні наведвальнікаў сайта www.dоktоrа.bу і чытачоў газеты "Звязда" адказала ўрач-неўролаг 11-й гарадской паліклінікі г. Мінска Юлія ВАРАНЬКО.

— 41 год. Чым можа быць выклікана аняменне кіскі рукі? Была ў тэрапеўта, эндакрынолага. Здавала біяхімічны аналіз крыві, агульны аналіз крыві, аналіз мачы. Сказалі, што ўсё ў парадку.

— Аняменне кісцяў можа быць сімптомам мноства захворванняў. Часцей за ўсё, гэта астэахандроз шыйнага аддзела пазваночніка, сіндром запясцевага канала, недахват вітаміну В12, цукровы дыябет, рэўматоідны артрыт, хвароба Рэйна, эндакрынныя парушэнні і інш. Канчатковы дыягназ можна выставіць толькі пасля неўралагічнага агляду і некаторых дадатковых абследаванняў — рэнтгенаграфіі шыйнага аддзела пазваночніка ў некалькіх праекцыях або ядзерна-магнітна-рэзанансная і камп'ютарная тамаграфія, электранейраміяграфіі нервовых ствалоў перадплечча, аналіз крыві на цукар і інш.

— 30 гадоў. Парэзаў руку шклом у трэцяй частцы перадплечча. Адразу пасля траўмы анямелі 1, 2 і 3 пальцы і частка далоні. Пасля 2 месяцаў лячэння аднаўленне адчувальнасці: 1 палец — 80%, 2 палец — 50%, 3 палец — 80%. Рухальныя функцыі: 1 палец — 30%, 2 палец — 70%, 3 палец — 100%. У месцы парэзу пры дотыку б'е токам у пальцы. Ультрагук сярэдняга нерва: верагодна частковае пашкоджанне сярэдняга нерва. ЭНМГ сярэдняга нерва: выражанае пашкоджанне сярэдняга нерва змешанага характару. Ці мэтазгодна рабіць аперацыю? Ці можа неўрома прайсці сама? Якім будзе аднаўленне пасля аперацыі? Ці не стане горш?

— У вас добра аднавіліся рухальныя функцыі. Думаю, што можна працягнуць кансерватыўнае лячэнне, лячэбную фізкультуру, механатэрапію. З лекавых прэпаратаў вам павінны прызначыць нейрамідзін, тыяктацыд, вітаміны групы В і інш. У вашым выпадку, мяркую, аперацыя не паказана, паколькі любое аператыўнае ўмяшанне не выключае ўскладненняў.

— 31 год. Апошнія паўтара месяца мяне турбуе пастаянны боль у шыйным аддзеле пазваночніка, у патыліцы, аняменне і боль у левай руцэ. Да якога спецыяліста трэба звярнуцца? Чым могуць быць выкліканы падобныя сімптомы?

— Вам неабходна прыйсці на прыём да неўролага. Сімптомы, на якія вы ўказваеце, могуць быць звязаны з астэахандрозам шыйнага аддзела пазваночніка, наяўнасцю грыжы міжпазванковага дыска.

— Пакутую ад бяссонніцы і галаўнога болю. Нібыта хочацца спаць, але заснуць цяжка, галаўны боль не моцны і прыкладна праз дзень. Ці можа гэта быць з-за штодзённага шуму, грукату, вібрацыі ў памяшканні?

— Безумоўна, шум і вібрацыя могуць быць прычынай вашага стану. Аднак калі сімптомы ўзнікаюць і ў час адсутнасці шкодных навакольных умоў, неабходна звярнуцца да ўрача і абследавацца.

— Майму хлопцу 26 гадоў. Калі ён сядзіць, то пастаянна дрыгае нагой. Ці норма гэта?

— Хутчэй за ўсё, гэта проста шкодная звычка. Аднак канчатковы дыягназ можна паставіць толькі пасля агляду.

— Дапамажыце расшыфраваць заключэнне пасля правядзення электраэнцэфалаграфіі: "Умераная дэзарганізацыя коркавага рытму без ачаговых змяненняў і параксізмальных формаў актыўнасці галаўнога мозга". Скаргаў не было і няма. Ці можна з такім дыягназам ісці на вадзіцельскую камісію ў 24-ю паліклініку г. Мінска?

— Думаю, што можна. Не зразумела іншае. Для чаго выконвалася падобнае даследаванне, калі не было ніякіх скаргаў?

— 23 гады. Неўратычнае заіканне, вельмі баліць галава, шум у вушах. Дэфармацыя галавы, з'яўляюцца залысіны па баках, але спадчыннай схільнасці няма. Падкажыце, што гэта?

— Па той інфармацыі, якую вы пакінулі, вельмі цяжка выставіць нават папярэдні дыягназ. Звярніцеся, калі ласка, для пачатку да вашага ўчастковага тэрапеўта.

— Мужчыну — 64 гады. Аблітэруючы атэрасклероз сасудаў ніжніх канечнасцяў. Рэканструктыўнае аператыўнае лячэнне не паказана ў сувязі з аклюзіяй дыстальнага аддзела сасудзістага русла. Лячэнне: дыпірыдамол, палакард, пентаксіфілін, натрыя хларыд. Рэкамендацыі: назіранне хірурга, пентаксіфілін 0,2 па 2 т. 3 разы ў дзень 3 месяцы. Кожныя паўгода — кропельніцы. На словах сказалі, што паражоныя дробныя сасуды. Язваў няма. Пастаянных боляў таксама. Ходзіць 100-150 метраў. Пасля нагрузак, часам ноччу нямее падэшва левай нагі. Якія прагнозы? Як адтэрмінаваць ампутацыю?

— Пацыенты з такім дыягназам стаяць на дыспансерным уліку ў хірурга. Неабходна рэгулярна выконваць ультрагук сасудаў ніжніх канечнасцяў, раз у паўгода праходзіць прызначанае лячэнне, а таксама прытрымлівацца гіпахалестэрынавай, з малой колькасцю жывёльных тлушчаў, дыеты, пастаянна прымаць антыагрэганты (аспірын у дозе 75 мг) для прафілактыкі ўскладненняў (калі няма проціпаказанняў).

— Патрэбна аперацыя 11-гадоваму хлопчыку — грамадзяніну Кіргізіі. Дыягназ: новаўтварэнне трэцяга жалудачка з кровазліццём у структуру памерам 32-35-37. Магнітна-рэзанансную тамаграфію выканалі ва Узбекістане. У Бішкеку і Алмаце няма спецыялістаў і апаратуры для такой аперацыі. Ці можна правесці яе ў Мінску? Падкажыце, куды звяртацца з такім пытаннем.

— Вы можаце звярнуцца ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр неўралогіі і нейрахірургіі. Дзіцяці неабходна дапамога ўрача-нейрахірурга. Тэлефон рэгістратуры: 263 40 39, платных паслуг: 267 12 40.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?