Вы тут

Каля вакзала з участковым


Мінскі чыгуначны вакзал — гэта гіганцкая перавалачная база, праз якую штодня праходзяць дзясяткі тысяч пасажыраў. Сустракаюцца тут яшчэ і вакзальныя прайдзісветы ды махляры, ці людзі без пэўнага месца жыхарства. Калі ўлетку яны любяць "гастраляваць", то ў дрэннае надвор'е перабіраюцца ў вядомыя толькі ім памяшканні, дзе чакаюць іх сталыя сабутэльнікі. Карэспандэнты "Звязды" адправіліся ў рэйд па прывакзальных мясцінах разам з участковым інспектарам.

"Зноўку п'юць тут, і б'юцца, і плачуць..."

Сталічны двор у межах вуліц Свярдлова-Ульянаўскай-Бабруйскай-Кірава — адзін з тых нямногіх, дзе людзям у пагонах патрэбна праходзіць кожныя дзесяць-пятнаццаць хвілін. У двары знаходзіцца грамадскі пункт аховы правапарадку № 50, куды міліцыянеры на нашых вачах вядуць чарговага злоўленага зламысніка.

— Мяне прызначылі ўчастковым інспектарам сюды летась у маі. Дагэтуль працавала ў патрульна-паставой службе, — гаворыць участковы інспектар грамадскага пункта аховы парадку №50 Кастрычніцкага РУУС Наталля Кісялевіч. — Раён чыгуначнага вакзала — бадай што самы "напружаны" для сталічных праваахоўнікаў. Чаго тут толькі ні здараецца: і кішэні чысцяць, і мабільнікі спрабуюць прадаваць з рук, і проста падманваюць неспрактыкаваных людзей. Гэта сапраўдны "кландайк" для аматараў розных дэтэктыўных прыгод...

"Там за сталом мужчыны годнасць прапіваюць..."

А яшчэ тутэйшыя кватэры ператвараюцца ў прыстанішча для прывакзальных алкаголікаў. Гаспадары такіх кватэр-прытонаў, як правіла, маюць багаты крымінальны стаж. Многія з іх забыліся, калі хадзілі ў апошні раз на пастаянную працу, калі мелі выпадковы заробак. Афіцыйна яны грошай не зарабляюць і таму заплаціць выпісаны за парушэнне грамадскага парадку штраф у некалькі базавых не могуць. Да таго ж ні яны, ні іх госці-выпівохі зачастую не скупяцца на розныя зневажанні ў адрас людзей з пагонамі. Могуць нават і ў бойку палезці. Раз-пораз падзеі ў прытоне кваліфікуюцца як дробнае хуліганства. У любым выпадку незадачлівых гаспадароў затрымліваюць і раніцай вядуць у суд, дзе часцей за ўсё ім прызначаюць прафілактычны арышт на тэрмін ад двух да пятнаццаці сутак. Пасля трох такіх парушэнняў выпівоха рызыкуе адправіцца ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Аднак страшыць гэта далёка не ўсіх. Большасць так і працягвае хадзіць па замкнёным коле "прытон — міліцыя — суды — ЛПП — прытон". Ёсць у прывакзальным мікрараёне нават рэкардсмены, якія пабывалі ў прафілакторыі тры-чатыры разы...

1377015444233_1

— На маім участку зараз два прытоны, — працягвае Наталля Кісялевіч, пакуль мы назіраем за тым, як міліцыянеры вядуць у грамадскі пункт п'янага чалавека, які, відавочна, ніколі не ведаў ванны. — Праўда, цяпер яны крыху пацішэлі. А што там раней адбывалася — ой-ёй, шумных алкаголікаў падчас чарговага застолля лавілі цэлымі кампаніямі. Аднак усё роўна, па праблемных кватэрах супрацоўнікі ходзяць удваіх, каб пазбегнуць непажаданых эксцэсаў. Хто ведае, якая шалёная думка прыйдзе ў галаву нецвярозаму.

"Агні прытона спакусліва гарэлі"

Тым часам мы накіроўваемся ў прыватны сектар на процілеглы бок чыгуначнага вакзала. У народзе гэты невялікі квартал каля дыспетчарскай станцыі "Дружная" даўно атрымаў назву "Шанхай". Калісьці да рэвалюцыі там знаходзілася ўрочышча Уборкі. Яно было забудавана настолькі хаатычна і шчыльна, што па некаторых вулачках праехаць было амаль немагчыма. А паколькі вакзал сто гадоў таму знаходзіўся на ўскраіне Мінска, то ніхто не звяртаў на гэта асаблівай увагі. Ішоў час, паступова старыя аднапавярховыя дамы знішчалі, і на іх месцы вырасталі шматпавярховыя будынкі. Аднак адзін квартал прыватнай забудовы усё ж нейкім цудам ацалеў і да нашых дзён.

Праз пару хвілін перад намі паўстае гіганцкі дом, які нагадвае сапраўдны асколак з мінулага. Час тут спыніўся не адно дзесяцігоддзе таму. Сцены ў трохпавярховым будынку зроблены з... дошак, якія фарбаваліся ў апошні раз невядома калі. На другі паверх вядзе вонкавая лесвіца з драўлянымі прыступкамі. Металічныя парэнчы даўно паржавелі. Навокал усё парасло паўметровым бур'яном. Аб тым, што гэты дом увогуле жылы, неспрактыкаваны чалавек можа здагадацца хіба што па спадарожнікавай талерцы каля аднаго з вокнаў...

Тым не менш адна з чатырох кватэр гэтага дома як магнітам прыцягвае да сябе ўсіх прывакзальных аматараў спіртнога.

— Тут жыве пенсіянерка, якая раней працавала на чыгунцы і атрымала ў гэтым доме жыллё. Вельмі часта людзі з суседніх кватэр тэлефануюць у міліцыю, скардзячыся на чарговае зборышча алкаголікаў. Завітваюць сюды і раней судзімыя. Узімку любяць грэцца людзі без пэўнага месца жыхарства. Адным словам, тут сапраўднае прыстанішча для невядома каго. Няма нічога дзіўнага, калі, крый Божа, нецвярозы госць засне з непатушанай цыгарэтай. І гэтае сядзенне на бочцы з порахам працягваецца ўжо не адзін год...

Разам з інспектарам заходзім у кватэру. Хаця і кватэрай гэтае жытло назваць можна хіба што ў фантастычным творы. Гасцей з вуліцы адразу сустракае ўстойлівая сумесь паху чаду і загрувашчанага памяшкання, якое не праветрывалася днямі. Аб тым, што тут знаходзіцца кухня, нагадвае толькі старэнькая забруджаная газавая пліта. Праз запыленыя вокны сонечнага святла пранікае мала. Пра тое, што цывілізацыя не пакінула гэтую кватэру канчаткова, сведчыць хіба што энергазберагальная лямпачка. Сама ж гаспадыня жытла сядзіць у суседнім пакоі і абыякава глядзіць тэлевізар...

— Што ў вас адбылося два дні таму? Алкаголем не злоўжываеце?

— Ну балерына нейкая была з мужыком — я яе справадзіла.

— У вас тут дыхаць няма чым. Чаму вы іх увогуле сюды пускаеце?

— Не выпіваю я з імі.

— Няўжо? — парыруе інспектар. — Колькі разоў вас лавілі на гарачым? А колькі разоў я да вас заходзіла дзеля прафілактыкі і бачыла вас нецвярозай?

— Ну ці мала з кім я п'ю? — гутарка пачынае набываць анекдатычны характар. — Я маю права рабіць у сваёй хаце ўсё, што хачу. Але я не злоўжываю.

1377015447157_2

— Распісвайцеся ў вынесеным афіцыйным папярэджанні. Калі яшчэ ўбачым гэта, то наступствы будуць цяжэйшымі. І, дарэчы, адкуль у вас назбіралася столькі пустых бутэлек? Цэлы пакет стаіць. Вы ж самі кажаце, што не выходзіце з дома.

— Я не п'ю.

— Ну бутэлькі што, матэрыялізаваліся з нічога?

— Хлопцы заходзілі.

— Якія хлопцы, вакзальныя?

— Не вакзальныя.

— А хто?

— З рынку прыязджалі, — неахвотна адказвае жанчына.

— Я спадзяюся, што больш такога не будзе? Зразумелі? Каб сюды ніводны выпівоха не заходзіў...

У адказ — маўчанне...

— "Хлопцы з рынку" — гэта, як правіла, тыя людзі, хто калісьці меў канфлікт з законам. Зачастую яны не маюць ніякай прафесіі, з дакументаў у іх хіба што толькі пашпарт. Зарабляюць сабе на жыццё грузчыкамі на буйных рынках, — гаворыць інспектар, пакуль мы паціху спускаемся з лесвіцы. — Зразумела, што ў чалавека з судзімасцю выбар месцаў для ўладкавання даволі абмежаваны. Але іх месца сустрэчы, як кажуць, змяніць нельга. Чаму я абмежавалася на кватэры адной размовай? Што можна зрабіць, акрамя як правесці растлумачальную гутарку з гэтай жанчынай? Мяркуйце самі. Ёй 73 гады, яна амаль не выходзіць у двор. Ежу ёй, хутчэй за ўсё, прыносіць прывакзальная брація. За гэта і атрымліваюць часовы дах над галавой. Што з гэтай бабулі ўзяць? У лячэбна-працоўны прафілакторый накіраваць яе нельга з-за паважнага ўзросту. Не саджаць жа яе ў клетку... Шмат галаўнога болю нам дастаўляюць гандлёвыя пункты, дзе ўначы прадаюць алкаголь. Для іх што галоўнае? Абы толькі збыць прадукцыю. А пасля ўвесь цяжар наступстваў кладзецца на нашы плечы.

Не пазайздросціш прывакзальным участковым. Мы што: прынялі ўдзел у рэйдзе з імі і пайшлі. А яны засталіся. Ім тут працаваць кожны дзень.

На сацыяльнае дно тэарэтычна можа апусціцца кожны чалавек. Згарэў дом, празмерная цяга да алкаголю, вялікія праблемы ў сям'і, судзімасць за плячыма — усё гэта падштурхоўвае чалавека да таго, каб знайсці лёгкі, на першы погляд, варыянт рашэння праблемы — пачаць бадзяжнічаць. Тым больш што зараз няма крымінальнай адказнасці за лайдацтва, аб чым рэгулярна з настальгіяй успамінаюць міліцыянеры. Без дапамогі міліцыі разарваць замкнёнае кола новаму госцю "прытонаў" з кожным днём становіцца ўсё цяжэй, у тым ліку і з-за ўплыву новых "сяброў" па бутэльцы сугравальнага. Так вось і з'яўляецца ў вялікім горадзе чарговы валацуга... А значыць, сумаваць участковаму на працы не прыйдзецца.

Валяр'ян ШКЛЕННІК.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?