Вы тут

Інтарэс па-за гульнёй?


Таварыскі матч паміж зборнымі Беларусі і Чарнагорыі так і не сабраў у Жодзіне сапраўдны аншлаг

Што казаць, сумна, калі на матчы нацыянальнай зборнай прыходзіць усяго некалькі тысяч балельшчыкаў. І гэтага зусім не разумееш, бо яшчэ сам добра памятаеш, як цалкам запоўнены стадыён "Дынама" хорам падтрымліваў зборную падчас гульняў з Італіяй, Нарвегіяй, Украінай. А цяпер...

— У касах прадалі дзесьці тысячу квіткоў, — падчас сустрэчы кажа дырэктар жодзінскага стадыёна "Тарпеда" Яўген Горыд. — Але трэба ўлічваць, што білеты распаўсюджвалі таксама праз інтэрнэт.

У выніку на паядынку прысутнічалі 3 тысячы гледачоў. Безумоўна, можна спрачацца, ці мэтазгодна было гуляць у Жодзіне, а не, напрыклад, у Брэсце ці Гродне. Але факт ёсць факт. Зборная Георгія Кандрацьева знаходзіцца пакуль на апошняй пазіцыі сваёй групы ў адборачным турніры першынства свету і відавочна згубіла пэўную частку аўдыторыі.

— Я часткова згодны з тым, што мы павінны ў чарговы раз улюбіць у зборную балельшчыкаў, — разважае нападаючы нацыянальнай каманды і калінінградскай "Балтыкі" Максім Скавыш

. — Будзе вынік ад нас — будуць заўзятары.

Цікава, што на Міншчыну дабралася нават некалькі чарнагорскіх футбольных прыхільнікаў. Настрой перад гульнёй у экс-югаславаў быў нармальны. Кіраўнік тамтэйшай федэрацыі, легендарны паўабаронца італьянскага "Мілана" Дзеян Савічавічнаогул перад матчам усміхаўся, з'еў марозіва "Каштан" і пасядзеў з калегамі ў невялікай кавярні.

— Мяне вельмі здзівіў і ўразіў Мінск, — прызнаўся Савічавіч. — У вас вельмі шмат зялёных паркаў і бульвараў. А што тычыцца зборнай Беларусі, я глядзеў усяго некалькі матчаў з вашай адборачнай групы. Беларусь трапіла ў кампанію да моцных зборных (нагадаем, што нашым суайчыннікам выпала спрачацца за квіток на першынство свету з французамі, іспанцамі, фінамі і грузінамі — аўт.). А таму прадэманстраваць нашмат лепшы вынік, чым ёсць зараз, будзе неверагодна цяжка.

Гульня ў выкананні беларусаў, між іншым, не атрымалася феерычнай. Моманты ў нашых хлопцаў былі рэдкія, але небяспечныя. Тое самае можна сказаць пра гасцей, у якіх лепш за іншых выглядалі лідары — нападаючы "Манчэстар Сіці" Стэван Явеціч і форвард "Ювентуса" Мірка Вучыніч. Часам яны рабілі на поле такія карагоды, ад якіх галаву можна зламаць. Аднак чарнагорскія "зоркі" дзейнічалі пераважна спакойна і майку, каб забіць, на сабе не разрывалі. Праўда, Вучынічу і нешматлікіх сітуацый хапіла, каб у другой палове зрабіць лік роўным.

— Хлопцы добра ўсведамлялі, што гуляюць таварыскі матч. А таму ў асноўным стаялі наперадзе і чакалі сваіх галявых моматаў, — прызнаўся пасля сустрэчы паўабаронца Аляксандр Глеб.

Праўда, чарнагорскі стрэл здарыўся пасля таго, як Сяргей Карніленка адкрыў лік у матчы з пенальці. Адметна, што рукой у сваёй штрафной згуляў ураджэнец Бялграда Марка Сіміч, былы гулец БАТЭ, які праводзіў дэбютны матч за чарнагорцаў.

— Безумоўна, непрыемна, калі падобнае здараецца ў першым матчы за нацыянальную каманду, — прызнаецца Марка.

— Ты нарадзіўся ў Сербіі. Як прыняў грамадзянства?

— У мяне ў Чарнагорыі жывуць сваякі. Акрамя гэтага, атрымаў ад федэрацыі запрашэнне. Ёсць у зборнай і тыя, з кім ужо раней калісьці гуляў. Усё добра. Будзем рыхтавацца да адборачнай гульні з Польшчай.

Па вялікім рахунку, нічыя (1:1) з камандай, якая ўваходзіць у трыццатку лепшых зборных планеты, — вынік нядрэнны, але дома, зразумела, таксама хочацца перамагаць.

— Нам не хапіла ўдараў. Мы шмат разоў ператрымлівалі мяч. Калі б больш білі па варотах, быў бы іншы вынік, — рэзюмуе нічыю Максім Скавыш.

Цяпер у планах нашай каманды падрыхтоўка да адказнай гульні са зборнай Францыі, якую 10 верасня прыме Гомель. Папярэднічае паядынку з "трохкаляровымі" 6 верасня таварыскі матч са зборнай...Кыргызстана, якая яшчэ ніколі не трапляла ў фінальную стадыю буйных футбольных турніраў свету і Азіі. "Што сказаць, з кім дамовіліся, з тым і будзем сустракацца", — неяк шматзначна сказаў Аляксандр Глеб.

Матч зноў пройдзе ў Жодзіне. І нешта падказвае, што зборная ў чарговы раз можа застацца без гучнай падтрымкі.

Тарас ШЧЫРЫ, г. Жодзіна

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.