Вы тут

Зрабіце мары — мэтамі!


Кожны чалавек марыць. Некаторыя могуць займацца гэтым не тое, што гадзінамі, а нават днямі. Ёсць людзі, якія мараць усё жыццё. Не буду спрачацца: сапраўды, гэта часам даволі прыемны занятак. Але часта, асабліва ў моманты дэпрэсіі, мы сутыкаемся з сітуацыяй, калі нічога з таго, пра што марым, не маем. Як правіла, часта чалавек падсвядома пераносіць мары ў нейкую "ідэальную" сферу, што можа і не мець дачынення да рэальнага жыцця. Але чаму б і не разбавіць быт "звычайным цудам"? Што не дае ў бліжэйшыя выхадныя адправіцца ў падарожжа? Няхай адразу не ў Берлін ці Мадрыд, а ў Гродна або ў Пінск. Там таксама ёсць на што паглядзець. Альбо што перашкаджае ўладкавацца на працу, каб нарэшце перастаць быць залежным ад грошай, што высылаюць бацькі? Каб мары сталі рэальнасцю, неабходна ператварыць іх у мэты.

Рабіце, як Магамет

У сацыяльных сетках пасты пра матывацыю, самаразвіццё сустракаюцца дастаткова часта: падборкі фільмаў, відэасюжэтаў, выказванні, эксперыменты. Усё гэта карыстаецца папулярнасцю. Калі вы маеце ў іх акаўнт, то ў вашай ленце таксама час ад часу будуць з'яўляцца такога роду "навіны". Кшталту: <І>"Пакладзіце 100 долараў пад ножку высокай табурэткі, сядзьце на яе, а цяпер дастаньце з-пад ножкі купюру. Складана? Не хочацца парваць? Што ж рабіць? Зразумела, злезці, падняць табурэтку і дастаць свае 100 долараў".

Любая мэта мае пад сабой канкрэтныя дзеянні. І калі вы будзеце проста сядзець у крэсле, наўрад ці хто небудзь прынясе вам жаданае на сподачку. Памятаеце Магамета і гару? Вось-вось. Калі ваша "гара" не хоча да вас ісці, самі ідзіце да яе!

Так, адна суполка "УКантакце"

прапанавала сваім падпісчыкам паўдзельнічаць у гульні, якая заключаецца ў тым, што кожны з удзельнікаў ставіць перад сабой 10 канкрэтных мэт тэрмінам на 90 дзён. Затым штодзённа трэба адпісвацца ў сваім блогу або на старонцы ў сацыяльнай сетцы пра зробленае за сёння для дасягнення кожнай з задач. Мэты могуць быць розныя: звязаныя з грашыма, самаўдасканаленнем, даўнімі, яшчэ дзіцячымі жаданнямі, якія дагэтуль чамусьці застаюцца толькі марамі. Галоўнае, каб для іх дасягнення рабіліся канкрэтныя крокі.

Праўда, з удзелам у гэтай гульні многія ахвотныя вырашылі пачакаць: яна платная (2 тысячы расійскіх рублёў) і ёсць шмат правілаў, парушэнне якіх можа стаць прычынай выключэння з праекта. Напрыклад, калі за адзін дзень удзельнік не адпісаўся па нейкіх прычынах пра тое, што ім было зроблена (альбо не) для дасягнення пастаўленых задач, ён, хутчэй за ўсё, застанецца па-за гульнёй.

Тым не менш, ідэя пра 10 мар-мэт і тры месяцы для іх дасягнення — даволі цікавая. Таму многія хлопцы і дзяўчаты вырашылі зрабіць гэта па-за гульнёй, проста для сябе.

Раскажыце пра свае жаданні

Студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Багдан Грыцавец лічыць, што хаваць свае мары ў сабе (а то не збудуцца) — гэта нерацыянальна. Расказаўшы пра іх, ты ўжо маеш матыў, а часам — і аднадумцаў для дасягнення пэўнай мэты. "Дзесьці паўтара года таму я распавёў у кампаніі пра сваю ідэю інтэлектуальнай гульні для сацыяльных сетак, — прыгадвае Багдан. — Яна заключаецца ў тым, што гулец адказвае на пытанні са школьнай праграмы, і такім чынам кожны правільны адказ дае яму магчымасць абыграць іншых удзельнікаў. Дык вось, праз дзень адзін хлопец з гэтай кампаніі сказаў мне, што ідэя не давала яму спаць ноччу. У выніку знайшлося яшчэ некалькі аднадумцаў і праект гульні быў рэалізаваны".

Ідэя гульні "10 мэт на 90 дзён" вельмі спадабалася хлопцу. "Калі ты кожны дзень адпісваешся пра зробленае, немагчыма забыць пра пастаўленыя мэты", — адзначае Багдан.

Мэты (яны ж мары)
хлопца даволі-такі розныя. Вось яны:

1. Зарабіць 1000 долараў, не ўладкоўваючыся дзеля гэтага на працу.

2. Скокнуць з парашутам.

3. Рабіць фізічныя практыкаванні кожны дзень.

4. Запісаць уласную песню.

5. Стварыць мінімум дзесяць пяціхвілінных відэа па тэме ўзаемаадносін і самаразвіцця.

6. Сплавіцца па рацэ на байдарцы (з начоўкай).

7. Прыдумаць больш за 50 анекдотаў і сабраць пад трыма з іх больш за пяцьдзясят адзнак "мне падабаецца".

8. Прыдумаць псіхалагічную гульню і правесці яе.

9. Рэальна дапамагчы як мінімум дзесяці людзям.

10. Пабываць упершыню ў жыцці на моры.

У Багдана ўжо ёсць план дасягнення пастаўленых задач. Напрыклад, першая, пятая і восьмая мэты цесна звязаны з яго праектам "Lіfе іn Kаіff" ("Жыццё ў асалоду"), задача якога — праз розныя сустрэчы і семінары дапамагаць людзям пазбаўляцца ад комплексаў і атрымліваць ад жыцця асалоду. Менавіта на гэтым праекце хлопец з сябрам ужо змаглі зарабіць сто долараў, што пацвярджае ідэю яго матэрыяльнай вартасці. Што да скачка з парашутам, то ён плануецца ў самым хуткім часе з кампаніяй сяброў. Дарэчы, каму цікава, такая асалода зараз каштуе 700 тысяч рублёў.

Мары павінны збывацца!

Насця Фёдарава, студэнтка БНТУ, таксама загарэлася ідэяй "10 жаданняў на 90 дзён". Праўда, калі яна ўзялася за спіс мэт, аказалася, што іх нашмат больш. Наступныя тры месяцы дзяўчына будзе метадычна працаваць над дасягненнем ажно 21 задачы, скіраваных на ўдасканаленне самой сябе ў самых розных сферах. У інтэлектуальным плане і плане пашырэння кругагляду. Яна паставіла мэту прачытаць кнігі некаторых рускіх класікаў, прачытаць цікавыя кнігі па журналістыцы, эканоміцы, гісторыі моды, "падцягнуць" англійскую мову і інш. У плане знешняга выгляду — скінуць некалькі кілаграмаў, набыць дызайнерскую сукенку. Што да працы, то Насця паставіла перад сабой мэту прайсці стажыроўку ў рэкламным агенцтве. І, як яна напісала ў сваім анлайн-дзённіку, стажыроўка ўжо пачалася. Таксама дзяўчына паставіла перад сабой задачу наведаць усе мінскія тэатры і з'ездзіць хаця б у чатыры беларускія гарады, у якіх раней не была.

"Усе мае мэты — гэта тое, пра што я ўжо даўно марыла, — расказвае Насця, — але яны ўяўляліся мне дзесьці ў "светлай будучыні", быццам і не са мной. Але зараз я паставіла перад сабой канкрэтныя задачы па рэалізацыі гэтых мар. Зараз лета, і не хочацца, каб яно праляцела "проста так".

У сваіх "справаздачах" пра зробленае за дзень дзяўчына робіць невялікія высновы адносна таго, што можна было б зрабіць яшчэ або, наадварот, што займае шмат часу, а карысці не прыносіць.

Вось так працуюць над дасягненнем сваіх мар Багдан і Насця. А як вы збіраецеся ўвасобіць іх у жыццё? Чаму б не зрабіць мары мэтамі на заўтра або на некалькі бліжэйшых дзён? Нездарма ж кажуць, што большасць нашых мараў — калі прыкласці некаторыя намаганні — можа збыцца да канца гэтага тыдня.

Надзея Юшкевіч.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.