Вы тут

Жывая вада Блакітнай крыніцы


Вада ў Блакітнай крыніцы на Слаўгарадчыне сапраўды мае непаўторнае бірузовае адценне і пастаянную тэмпературу ў любы сезон. Яе нездарма называюць адным з цудаў Беларусі.

Крыніца вечнасці

У гэтае месца можна закахацца з першага погляду. Проста прыехаць на Блакітную крыніцу ў спякотны летні дзень. Гэта недалёка: сем кіламетраў ад Слаўгарада, па Сожы па пантонным мосце і па пыльнай гравійнай дарозе — і ты ў царстве прахалоды. Тут можна адпачыць ад мітусні ды чыстай вадзіцы напіцца.

А ўзімку ў гэтай вадзіцы можна пагрэць рукі. Сама я ўлюбілася ў Блакітную крыніцу марозным лютым, калі вада была зусім не блакітная, а, хутчэй, шэрага адцення, і ад яе падымаўся пар. Мы ехалі цераз рэчку па моцным лёдзе, вельмі змерзлі, а Блакітная крыніца прадэманстравала гасцям сваё пастаянства: плюс 8 градусаў круглы год.

Гэтую ўнікальную крыніцу людзі называлі калісьці Сінім калодзежам. Цяпер Блакітная крыніца з'яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Вада б'е з глыбіні ў сотню ці дзве метраў: яна мінералізаваная, чыстая і вельмі смачная.

Сапраўдны цуд

Блакітная крыніца — гэта невялікае возера няроўнай формы. У самым глыбокім месцы людзі набіраюць ваду, у іншым — акунаюцца. Прычым народ верыць, што да чалавека, які тройчы па вадзе перайшоў Блакітную крыніцу, надоўга ніякая хвароба не прыстане, здароўе будзе добрым, а жыццё — доўгім.

 

Ёсць легенда пра Кацярыну і двух хлопцаў Сцяпана і Макара,

якія кідалі камень дзеля атрымання рукі і сэрца прыгажуні. Яна кахала аднаго, а перамог іншы. Тады дзяўчына вырашыла стаць крыніцай-жывіцай, каб прыносіць карысць людзям. Цяпер каля крыніцы ўсталявалі вялізны валун у гонар легенды. Людзі часта прыхінаюцца да заўсёды цёплага каменя, каб наталіцца яго энергіяй.

Кажуць, што крынічнае возера мае з вышыні птушынага палёту выгляд галавы дзяўчыны з касой. Сама я гэтага не бачыла, ды і з верай у цуд у наш інтэрактыўны век ёсць пэўныя праблемы. Аднак дастаткова аднойчы ўбачыць Блакітную крыніцу, каб зразумець, што гэта — сапраўдны цуд прыроды. І як бы ні тлумачылі вучоныя, чаму вада мае непаўторны колер, я сама так і не магу ўцяміць, чаму яна тут розных адценняў — блакітная, бірузовая і нават месцамі смарагдавая. Проста не верыцца.

Хрышчэнне радзімічаў

Штогод 14 жніўня, у дзень памяці святых пакутнікаў Макавеяў і Мядовы спас, Блакітную крыніцу наведваюць тысячы людзей. Гэтае свята вядома на ўсё памежжа: сюды прыязджаюць не толькі з Усходняй Беларусі, але з Расіі і Украіны.

У гэты дзень Слаўгарад ведае, што такое аўтамабільныя пробкі. Толькі ў адрозненне ад вялікага горада, удзельнікі транспартнага руху не злуюцца і не імкнуцца праціснуцца першымі, а цярпліва чакаюць сваёй чаргі і ціхенька едуць, каб не закрануць фурманкі, веласіпеды і пешаходаў з кайстрамі бутэлек для вады.

У цэнтры свята — царкоўная служба каля крынічнай капліцы і хрэсны ход. Настаяцель Свята-Пятра-Паўлаўскага храма ў аграгарадку Лясная айцец Георгій лічыць, што на Блакітнай крыніцы ў старажытнасці было капішча радзімічаў, якія пакланяліся вадзе і сонцу.
З надыходам хрысціянства тут сталі праводзіць абрады хрышчэння. Праваслаўная царква лічыць Блакітную крыніцу сваёй святыняй. Служба 14 жніўня пачынаецца рана, і вернікі чакаюць абраду асвячэння вады.

Прайсці па вадзе

Цяжка апісаць тое, што адбываецца на свята на самой крыніцы. Людзі натоўпам ідуць у ледзяную ваду, каб выканаць старадаўні абрад. Можна верыць альбо не верыць у цуд, але, можа, і праўда, гэта дапамагае?

З гэтых меркаванняў я аднойчы літаральна прымусіла сябе пайсці ў ваду. У першы раз ногі так скаваў холад, што ледзь сэрца не выскачыла. Робіцца нават балюча. Але калі хвілінку патрываць, то пасля экстрэмальнай воднай працэдуры ногі пячэ, а потым ім становіцца лёгка-лёгка. Нібыта і не стамілася хадзіць на абцасах па асфальце цэлы дзень.

— Ідзе цяпло і бадзёрасць, — апісвае свае ўражанні жанчына сталага веку, — і становіцца на душы спакойна і мірна.

— Страшна было зайсці, але цяпер стала надзвычай лёгка, — пагаджаецца іншая паломніца. — Я вельмі хачу здароўя, каб доўга жыць.

— Людзі вераць у цуд, — разважае мужчына. — А я тут дакладна атрымліваю станоўчыя эмоцыі, добрыя ўражанні і жаданне жыць.

Айцец Георгій кажа, што ваду з крыніцы добра ўжываць нашча, а таксама акрапляць жытло. А пераходзіць праз ручай можна не толькі 3 разы, але 7 і нават 40, бо ў гэтых лічбах ёсць старажытная сімволіка паўнаты.

 

Чалавек і крыніца

Гадоў пяць таму крыніцу даследавалі навукоўцы і нават знайшлі нейкія незвычайныя бура-фіялетавыя водарасці. Аднак былі і не такія прыемныя знаходкі: напрыклад, горка анучак і пластыкавых бутэлек. Цяпер на крыніцы змагаюцца з дзіўнай, ужо сучаснай, традыцыяй кідаць у крыніцу грошы. Расіяне і ўкраінцы, якія прыязджаюць з памежных раёнаў, дораць блакітнай вадзе капейкі, а нашы суайчыннікі робяць гэта з дробнымі папяровымі купюрамі. У імкненні ахвяраваць людзі проста засмечваюць цудоўнае месца.

Акрамя смецця, турысты сталі энергічна скрэбці белую гліну з дна крыніцы. Гэтая гліняная ліхаманка давяла да таго, што спецыяльна ўсталявалі таблічку: "Здабыча гліны забаронена!" Тым не менш, людзі працягваюць калі не здабываць, то пэцкацца ёй, блытаючы гэтую гліну з гаючымі гразямі з крымскага курорта Сакі. Эколагі заклікаюць зберагчы Блакітную крыніцу для нашчадкаў.

Пікнікі каля помніка

Што ж, яшчэ не так даўно Блакітная крыніца была таямніцай. Тутэйшыя бабулі могуць распавесці, як ім не дазвалялі ў дзяцінстве хадзіць сюды, а на свята 14 жніўня ў савецкі час і міліцыю выстаўлялі. Каб выкараніць традыцыю, нават свінарнік паблізу пабудавалі. Але людзі хадзілі да крыніцы ўначы і маліліся, нягледзячы ні на што.

Жыццё ідзе, і апошнім часам Блакітная крыніца стала вельмі папулярным месцам. І ў працоўныя дні — а тым больш у выхадныя — тут шматлюдна. Аўтамабілі чарадой, гандляры, альтанкі і мангалы, людзі ў купальніках. У нечым падобна на пляж, хаця побач капліца і крыжы.

Вакол крыніцы ўлады зрабілі месцы для цывілізаванага адпачынку, аднак народ стаў там не проста адпачываць, але ладзіць пікнікі з шашлыкамі і нават карпаратыўныя вечарыны.

Як зрабіць так, каб крыніца служыла людзям, але заставалася месцам не масавага адпачынку, а паломніцтва да аднаго з цудаў Беларусі? Давядзецца шукаць баланс. Шмат што залежыць ад саміх людзей і іх стаўлення, але пакуль альтанкі ды мангалы мяркуюць вынесці далей ад Блакітнай крыніцы, зрабіць навокал помніка прыроды строгую ахоўную зону.

Шчыра запрашаем

— Ведаеце, калі людзі едуць на крыніцу, то гэта вялікі плюс, — заўважае кіраўнік справамі Слаўгарадскага райвыканкама Таццяна Бабічава. — Яна прыгожая, і паломнікаў прываблівае аздараўленнем. Мясцовыя ўлады робяць усё магчымае, каб зрабіць Блакітную крыніцу добраўпарадкаванай і прыцягальнай для людзей. Няхай людзі прыязджаюць!

Як расказаў старшыня Слаўгарадскага райвыканкама Павел Найдзен, у 2015 годзе да Блакітнай крыніцы мяркуецца зрабіць лепшую, асфальтаваную дарогу.

— Там, дзе каля крыніцы раней была вёска Кліны, мы пабудуем некалькі гасцявых домікаў для паломнікаў і турыстаў, — расказвае пра планы кіраўнік раёна. — Пры помніку прыроды будуць працаваць экскурсаводы, прапаноўвацца сувенірная прадукцыя і розныя слаўгарадскія вырабы.

На Блакітнай крыніцы цяпер прадаюць мёд.
У асноўным гэта мясцовы мёд цёмнага колеру, ад розных зёлак. Актуальны кошт — 90 тысяч за літр. Шмат пчаляроў са сваёй прадукцыяй прыязджае на свята Блакітнай крыніцы.

— Лічыцца, калі на Мядовы спас запіць мёд нашай крынічнай вадой, то будзе людзям здароўе, — падказвае Таццяна Бабічава. — Як і заўсёды, на Макавея на Блакітнай крыніцы будзе царкоўная служба і хрэсны ход, наладзім гандаль і арганізуем канцэрт. Мы ўсё робім для таго, каб паломнікам было ў нас добра.

Ілона Іванова

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».