Вы тут

Даўно правяралі малочную залозу?


З 13 па 15 жніўня ў сталічных паліклінічных установах праводзіцца акцыя "Скажы раку малочнай залозы — не!". 28-я гарадская паліклініка запрашае жанчын раёна абслугоўвання ўстановы ўзяць удзел у акцыі і прайсці абследаванне малочных залоз.

Рак малочнай залозы — самы распаўсюджаны від ракавых захворванняў сярод жаночага насельніцтва ў Беларусі. Больш за 15 працэнтаў смяротнасці ад раку сярод жанчын — ад раку малочнай залозы. Захваральнасць на рак малочнай залозы расце. У структуры смяротнасці ад злаякасных новаўтварэнняў у жанчын першае месца займае рак малочнай залозы і складае каля 18 працэнтаў. Чаму менавіта малочная залоза ў жаночым арганізме найбольш уразлівая для пухлінных працэсаў? Усё ж такі дрэнная экалогія і стрэсы ўздзейнічаюць на ўсё наша цела.

— Малочная залоза — самы гармоназалежны орган у арганізме жанчыны, — тлумачыць загадчыца жаночай кансультацыі 28-й гарадской паліклінікі г. Мінска, кандыдат медыцынскіх навук Надзея РУДЗЕНЯ.

— А на гарманальны статус уплывае абсалютна ўсё — экалогія, стрэсы, лад жыцця...

Найбольш значныя фактары рызыкі развіцця раку малочнай залозы:

1. Спадчыннасць. Рак малочнай залозы ў маці або бабулі сведчыць аб павышэнні рызыкі развіцця захворвання, паколькі яно можа перадавацца па мацярынскай лініі. У такім выпадку неабходна штомесяц праводзіць самаагляд, праходзіць прафілактычны агляд у гінеколага, выконваць ультрагукавое даследаванне малочных залоз або мамаграфію.

2. Рэпрадуктыўныя паводзіны. Значэнне маюць ранні пачатак палавога жыцця, аборты, адсутнасць груднога кармлення, нерэгулярнае палавое жыццё. Той жа аборт правакуе магутны збой у гарманальнай сістэме. Аборт ва ўзросце да 18 гадоў істотна павялічвае рызыку раку.

3. Стрэсы. Хранічны стрэс, душэўныя перажыванні парушаюць усе адаптацыйныя сістэмы. А гэта значыць, што арганізм можа і не справіцца з ракавымі клеткамі, якія пастаянна ўтвараюцца.

4. Траўмы. У быце, за рулём, пры занятках спортам трэба берагчы малочную залозу нават ад мікратраўмаў. Яны могуць заявіць аб сабе праз дзясяткі гадоў.

5. Ультрафіялетавае апраменьванне. Ультрафіялет добра пранікае ў жалезістую тканку малочнай залозы. А паколькі тая ці іншая паталогія грудзей сустракаецца ў кожнай пятай жанчыны ва ўзросце пасля 35 гадоў, цалкам верагодна, што сонца справакуе рост яшчэ пакуль невялічкага новаўтварэння.

6. Узрост. Верагоднасць захворвання на рак вышэй у жанчын, у якіх менструацыя пачалася раней за 9 гадоў, менапаўза надышла пасля 55 гадоў. Акрамя таго, пасля 35 гадоў амаль кожныя пяць гадоў рызыка ўзрастае амаль удвая.

— Самы верны спосаб прафілактыкі захворванняў малочнай залозы — самаабследаванне, — кажа Надзея Рудзеня. — Яго неабходна праводзіць штомесяц. Трэба выбраць час на працягу тыдня пасля завяршэння менструацыі. Прыёмам самаагляду можа навучыць ваш урач акушэр-гінеколаг. Калі вы выявілі ўшчыльненне, вузельчык, хваравітасць, выдзяленні, звярніцеся да ўрача. Не варта пры гэтым заўчасна палохацца. Рак малочнай залозы сустракаецца ў 40 разоў радзей, чым непухлінныя і дабраякасныя захворванні малочнай залозы. Хоць трэба ведаць, што ў жанчын, якія пакутавалі ад некаторых формаў фіброзна-кістознай мастапатыі, рак здараецца ў некалькі разоў часцей. Дабраякасная фібраадэнома ў 5 працэнтах выпадкаў можа перарадзіцца ў злаякасную пухліну. Паталогія малочнай залозы мае рознае паходжанне, і кожная патрабуе індывідуальнага падыходу. Таму варта неадкладна паказвацца спецыялісту.

Не трэба палохацца, калі ўрач прызначае вам дадатковыя метады абследавання. Да 45 гадоў жанчына павінна штогод праходзіць ультрагукавое абследаванне малочных залоз, пасля 45 гадоў рэкамендуецца мамаграфія. У якасці ранняй дыягностыкі мамаграфія рэкамендуецца ўсім жанчынам раз у 2 гады.

Ультрагукавое даследаванне можа праходзіць жанчына любога ўзросту. Яно дазваляе адрозніць дабраякасныя ўтварэнні малочных залоз, выявіць злаякасную пухліну і ўзяць біяпсію. Працэнт выяўлення раку з дапамогай ультрагуку роўны 87. Спалучэнне мамаграфіі і ўльтрагуку дае практычна 100-працэнтнае выяўленне.

Сусветная статыстыка, звязаная з ракам малочнай залозы, сведчыць аб няўхільным росце колькасці новых выпадкаў захворвання. Пры гэтым смяротнасць скарачаецца. Гэты факт спецыялісты лічаць адным з важнейшых дасягненняў у галіне анкалогіі апошніх гадоў. І асноўная заслуга скарачэння колькасці смерцяў ад раку малочнай залозы належыць ранняму выяўленню захворвання пры выкарыстанні сучасных метадаў ранняй дыягностыкі.

Святлана БАРЫСЕНКА.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.