Вы тут

Ганна Болбас, першая ў Беларусі жанчына — дырэктар футбольнага клуба


Здаецца, ХХІ стагоддзе, мы жывём у эпоху гендарнай роўнасці. Тым не менш любое гучнае прызначэнне жанчыны ў палітыцы, аўтабізнесе, фінансавым свеце і, нарэшце, у спорце суправаджаецца сапраўдным інфармацыйным выбухам. Не стала выключэннем навіна пра 22-гадовую выпускніцу БДУ Ганну Болбас, якая некалькі тыдняў таму ўзначаліла футбольны клуб "Партызан". Карэспандэнт "Звязды" сустрэўся з дзяўчынай, каб даведацца, наколькі моцнай можа быць фанацкая любоў, якія кірункі трэба развіваць у спартыўным маркетынгу і адкуль у беларускага клуба з другой лігі з'явіліся прыхільнікі ў Германіі.

На валанцёрскіх пачатках

— Ганна, раскажыце, калі ласка, як у 22 гады вы сталі ні многа ні мала дырэктарам футбольнага клуба.

— Такое рашэнне было прынята заўзятарамі клуба пасля таго, як былы кіраўнік "Партызана" Леанід Пяткевіч абвясціў пра свой сыход. Некалькі гадоў таму ў мяне з'явіліся сябры сярод фанатаў каманды, я вельмі хутка ўлілася ў калектыў, потым стала дапамагаць хлопцам з дакументамі, арганізацыяй матчаў і іншымі справамі. Мабыць, нядрэнна зарэкамендавала сябе, паколькі заслужыла такі неверагодны давер.

— Што непасрэдна ўваходзіць у вашы абавязкі?

— Перш за ўсё, я адказваю за арганізацыю матчаў. Мая задача — каб сустрэча паміж камандамі адбылася. Гэта ўладжванне ўсемагчымых пытанняў з выездам у іншы горад, адпраўка факсаў у "хуткую дапамогу", заключэнне з ёй дагавораў і шмат іншага. Прасцей кажучы, уся дакументацыя каманды — на мне. Акрамя гэтага, безумоўна, пошук спонсараў. Без сур'ёзнай падтрымкі ні адзін футбольны клуб доўга не працягне.

— Напэўна, цяжка быць дырэктарам футбольнага клуба і не мець пэўнай практыкі, добрых сувязяў?

— Што датычыцца вопыту, то я і да назначэння, па сутнасці, выконвала тую ж самую работу, што і зараз. Акрамя гэтага, падчас навучання ва ўніверсітэце ў мяне была досыць плённая практыка ў банку, дзе я і пачала займацца адміністрацыйнай работай, весці дакументацыю, падлік фінансаў і г.д. Футбольны клуб — гэта такое ж таварыства з абмежаванай адказнасцю, як і мільёны іншых, толькі са сваёй спецыфікай. А наконт адсутнасці сувязяў, ведаеце, мне гэта зусім не перашкаджае весці перамовы з высокапастаўленымі людзьмі.

— Акрамя вас, штат клуба "Партызан" зараз — гэта...?

— Яшчэ чатыры чалавекі — два трэнера, намеснік дырэктара і бухгалтар. Але ёсць людзі, якія працуюць на валанцёрскіх пачатках. Напрыклад, наш прэс-аташэ. Ён таксама выйшаў з прыхільнікаў клуба, а зараз займаецца нашым сайтам, піша агляды турнірных гульняў, робіць фотарэпартажы з матчаў. Мне вельмі радасна ад таго, што ў нашай футбольнай сям'і ёсць людзі, якія абсалютна бескарысліва дапамагаюць клубу развівацца.

— Ваш муж таксама працуе ў клубе...

— Так. І гэтак жа на добраахвотных пачатках. Ён — масажыст. Скончыў каледж, адпрацаваў па размеркаванні, зараз мае асобную працу, але па-ранейшаму застаўся ў клубе, бо ведае, што тут ён вельмі патрэбны.

Упяцярых — на пяці "квадратах"

— Відавочна, у такіх умовах адчуваецца кадравы голад. Якіх спецыялістаў вам не хапае ў першую чаргу?

— Шчыра кажучы, шмат каго не хапае. Добра б было мець яшчэ аднаго офіс-менеджара, які б дапамагаў з дакументацыяй. А яшчэ лепш — уласнага піяр-спецыяліста, які б змог зрабіць паўнавартасны бізнес-план, прапрацаваць стратэгію па прасоўванні клуба. Я разумею, наколькі гэта важная для футбола галіна, у якой трэба быць профі, каб быў нейкі эфект. Але калі не знойдзем такога спецыяліста, значыць, буду сама навучацца гэтаму рамяству. Што ж рабіць (усміхаецца). А ўвогуле і гэта другараднае! Нам бы добры офіс знайсці. Зараз мы здымаем маленечкае памяшкане ў гандлёвым цэнтры "Сілуэт".

Упяцярых месцімся як можам на пяці квадратных метрах. Але з-за нязручнасці часцей за ўсё мы на нагах, лётаем па горадзе і падтрымліваем з уісмі сувязь па тэлефоне.

— Праблема з арэндай офіса фінансавага плана?

— Збольшага, безумоўна. Ведаеце, за гэтыя пяць "квадратаў" мы плацім 350 долараў у месяц. Ды яшчэ 50 долараў за камунальныя паслугі! А камунальныя паслугі — гэта толькі электрычнасць і прыбіранне памяшкання. Прыбіральня, напрыклад, усё роўна платная. Грошы грашыма, але знайсці слушнае месца на дзесяці квадратных метрах у цэнтры горада зусім не проста. Пакуль сама з гэтым не сутыкнулася, не магла і ўявіць, што можа існаваць такая праблема.

— Ведаю, былі складанасці з арэндай футбольнага поля для трэніровак. Сітуацыя не змянілася?

— У апошнія дні якраз займаюся гэтым пытаннем. Нам выдзяляюць адзін футбольны стадыён у Фрунзенскім раёне. Аб'ект знаходзіцца, мякка кажучы, не ў лепшым стане, але прапанаваныя ўмовы — шэфства над стадыёнам узамен базы для трэніровак — нас задвальняюць. Нашы фанаты гатовы самі нешта там фарбаваць, рэмантаваць, толькі б іх любімая каманда мела месца для трэніровак. Было б нядрэнна паслаць там штучнае пакрыццё, але ж гэта каштуе вялікіх грошай. Тым не менш, калі гэта зрабіць, карысць будзе не толькі нам, але і ўсяму раёну. Поле можа будзе выкарыстоўваць у інтарэсах спартыўных школ, а таксама здаваць у арэнду звычайным грамадзянам. Зноў-такі — які-ніякі прыбытак.

Унікальная еднасць

— Вас не крыўдзіць, калі чуеце, што ваша каманда аматарская ці паўпрафесійная?

— Я і сама часта кажу, что мы — паўпрафесіяналы. Але гэта датычыцца толькі працоўнага статусу футбалістаў. Яны ж у нас не атрымліваюць зарплату. У астатнім — гэта прафесійныя гульцы, якія амаль усё сваё свядомае жыццё прысвяцілі футболу. Хлопцы маюць пашпарты футбалістаў, іх у любы момант можа купіць другі футбольны клуб.

— Для тых, хто ніколі не чуў і не чытаў пра клуб "Партызан", раскажыце, калі ласка, хто тыя хлопцы, якія выступаюць за каманду.

— Наша дружына — вельмі маладая. Гэта ў асноўным футбалісты 1994-1995 гадоў нараджэння. Хтосьці ўжо працуе, хтосьці яшчэ вучыцца. Ведаю, што многія хлопцы зараз працуюць на будоўлі, каб зарабіць сабе на летні адпачынак і не сядзець у бацькоў на шыі. Разумееце, ва ўсіх сваё жыццё: праца, вучоба, сям'я, нейкія іншыя захапленні. Але, акрамя усяго гэтага, ёсць яшчэ адна мара — займацца любімай справай, гуляць у футбол. І хлопцы робяць усё для таго, каб каманда не толькі існавала, а актыўна дзейнічала і перамагала.

— Разумею, што лепш адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць, але ўсё ж ткі апішыце на словах унікальнасць фанатаў "Партызана". Адкуль такая сур'ёзная заўзятарская падтрымка ў клуба з другой лігі?

— Істотная частка арміі фанатаў засталася з часоў МТЗ-РЫПО (прым аўт. — з 2002 па 2009 гг. ФК "Партызан" меў назву МТЗ-РЫПО). Трэба разумець, што хоць "Партызан", па сутнасці, новы клуб, з іншымі футбалістамі і кіраўнікамі, але ад гэтага ён не пазбавіўся сваёй багатай гісторыі і традыцый. У большасці футбольных клубаў заўзятарская падтрымка прама прапарцыянальна спартыўным дасягненням і поспехам на полі. Каманда перамагае — ёсць аддача ад фанатаў, перастае перамагаць — аддача ад фанатаў знікае. Нашы ж заўзятары любяць не за штосьці, а насуперак. Інакш бы яны не змаглі адрадзіць клуб тады, калі яго ўжо спісалі з рахункаў, і дапамагаць яму заставацца на плаву зараз, усялякі раз арганізоўваючы збор сродкаў на тыя ці іншыя патрэбы. Акрамя гэтага, фанатаў "Партызана" аб'ядноўвае і аднолькавае стаўленне да жыцця, агульныя прынцыпы і ідэі. Нашы заўзятары адкрыта выказваюцца супраць расавай, рэлігійнай і іншай дыскрымінацыі. Не памылюся, калі скажу, што такая ідэалагічная еднасць фанацкай супольнасці — унікальная не толькі для Беларусі, але і для астатніх краін СНД.

— Можаце намаляваць вобраз сярэднестатыстычнага фаната "Партызана"?

— Не. Сярод нашых самых адданых заўзятараў ёсць і сталыя людзі, і дзесяці-дванаццацігадовыя хлопчыкі, якія не прапускаюць ніводнай гульні каманды. Гэта і рэспектабельныя бізнесмены, якія пачыналі "хварэць" за клуб, калі самі яшчэ былі галоднымі студэнтамі, а зараз яны маюць магчымасць дапамагаць нам фінансава. Гэта і людзі са звычайным дастаткам, навучэнцы тэхнікумаў, каледжаў, вучылішчаў. Ёсць у нас і замежныя прыхільнікі — у многіх краінах Еўропы і нават у Лацінскай Амерыцы! Прычым гэта не выхадцы з Беларусі, а мясцовыя жыхары, якія сочаць за лёсам клуба па інтэрнэце. Напрыклад, у каманды сур'ёзная група падтрымкі ў Германіі. Гэта перш за ўсё на фоне антынацысцкага руху. Так, нядаўна нашы нямецкія сябры арганізавалі для каманды тур па Германіі, падчас якога футбалісты правялі некалькі матчаў з рознымі мясцовымі клубамі. Для хлопцаў гэта быў абсалютна новы, незабыўны вопыт.

Жанчына ў футболе: нонсэнс ці звычайная практыка?

— Цікавіліся іншымі прэцэдэнтамі, калі жанчына ўзначальвала футбольны клуб?

— Толькі пасля свайго прызначэння. І зразумела, што зараз гэта ўжо не такая ўжо рэдкасць. Ведаю, што ў Італіі гэта абсалютна нармальная практыка. А ў Іспаніі ўвогуле быў унікальны выпадак, калі дырэктарам клуба стала 59-гадовая жанчына, маці трынаццаці дзяцей! І пад яе кіраўніцтвам клуб выступаў вельмі і вельмі ўдала.

— А яшчэ ёсць Каралін Стыл, якая спачатку зрабіла кар'еру ў фэшн-індустрыі, а потым ўзначаліла футбольны клуб у другой англійскай лізе. А пасля ўвогуле выйшла замуж за ўладальніка гэтага клуба.

— Гэта ўжо, вядома, крайнасці (усміхаецца).

— І напэўна складана пазбегнуць параўнанняў з прэзідэнтам маскоўскага "Лакаматыва" Вольгай Смародскай...

— Так. Але зноў-такі, у яе канфлікт інтарэсаў з фанатамі. Мяне ж заўзятары самі абралі на гэту пасаду.

— Увогуле, як ставіцеся да яе дзейнасці ў "Лока"?

— Мне здаецца, на камандзе яна проста робіць бізнес. Зарабляць на футболе грошы — можна, але рабіць гэта, адгароджваючыся ад заўзятараў, — вялікая памылка. Я была, мякка кажучы, вельмі здзіўлена, калі даведалася, што з-за сутычак з фанатамі Смародская часова забараніла продаж білетаў на гульні каманды. Нейкая абсалютна алагічная дысцыплінарная мера. Здаецца, чалавек увогуле не разумее, наколькі важнай, калі не сказаць неад'емнай, часткай футбольных рэалій з'яўляецца фанацкая супольнасць. Быў такі паказальны момант, калі на адной з сустрэч з заўзятарамі Смародская праліла ваду на стол і не знайшла лепшага варыянта, чым выцерці лужынку клубным шалікам. Адно неасцярожнае дзеянне — і адразу здымаюцца ўсе пытанні.

— Яшчэ яе крытыкуюць за актыўнае ўмяшальніцтва ў трэніравальны працэс. Вы для сябе неяк падзяляеце адміністрацыйную работу і тое, што адбываецца на полі?

— Не сказаць, што падзяляю, але розніцу паміж гэтымі пластамі работы разумею. Час ад часу я прысутнічаю на трэніроўках у хлопцаў, назіраю за падрыхтоўкай збоку, але не памятаю, каб была неабходнасць карэктаваць дзеянні трэнераў, нешта падказваць. Безумоўна, калі, напрыклад, узнікнуць праблемы па дысцыпліне, якія будуць замінаць працоўнаму працэсу, я буду абавязана ўмяшацца. Бо мая задача — давесці футбаліста да трэнера: зрабіць так, каб ён прыходзіў на трэніроўкі, рыхтаваўся да матчаў, своечасова з'яўляўся на выезды і г.д. Але ж гэта форс-мажорныя сітуацыі. У астатнім, як я ўжо казала, у мяне зусім іншая работа.

— Згодны, што жанчыне, мабыць, і лягчэй знайсці спонсараў у бізнесе?

— Мне здаецца поспех справы не залежыць ад таго, жанчына ты ці мужчына. Калі ты ўвесь такі ганарлівы і не ў тваіх прынцыпах хадзіць па кабінетах прасіць падтрымкі, тут ужо не мае значэння твая палавая прыналежнасць, пагадзіцеся. Важна быць прафесіяналам у сваёй галіне, умець гэта прадэманстраваць, зацікавіць патэнцыяльнага спонсара. Іншая справа, што падчас дзелавых стасункаў да дзяўчыны могуць ставіцца мякчэй, далікатней.

— Працуючы на такой прэстыжнай пасадзе, ды яшчэ і сярод мужчын, стараецеся неяк асабліва сачыць за сваім знешнім выглядам?

— Ведаеце, тут я ў поўнай збянтэжанасці. З аднаго боку, я, як кіраўнік, я павінна выглядаць адпаведна — дзелавы стыль адзення, пінжачкі, туфлікі. Але калі я буду ўвесь час бегаць на абцасах, не змагу быць такой мабільнай. З іншага боку, як чалавек, што працуе ў спартыўнай сферы, я магу аддаць перавагу футболкам і кедам, і гэта будзе цалкам натуральна. Напэўна, буду чаргаваць. У гэтым ёсць свой плюс.

Кавярня для фанатаў, арт-хаус і бела-чырвоная расфарбоўка

— Вы неяк адзначалі, што да таго, як сталі дырэктарам "Партызана", мала чаго ведалі пра беларускі футбольны чэмпіянат. Мабыць, ужо атрымалася нешта асэнсаваць, прыйсці да пэўных вынікаў?

— Так і ёсць, пра беларускі футбол не ведала амаль нічога. Ведала, што ў маім родным горадзе Бабруйску ёсць свая каманда "Белшына", чула нейкія навіны з вышэйшай лігі, якія мільгалі на тэлебачанні. Але не думала, што ў Беларусі такая вялікая колькасць прафесійных футбольных клубаў. І тым больш не магла ўявіць, што ў нас магчымы сур'ёзны фанацкі рух, аж да ўзроўню прымання-непрымання каманды-саперніка. Вядома, да гэтага глядзела нейкія сюжэты пра беларускіх футбольных заўзятараў, але глядзець і апынуцца самой у гэтым асяроддзі — зусім розныя рэчы. А яшчэ зразумела, што ў беларускім футболе недастаткова развіта праца з фанатамі. Акрамя, так бы мовіць, ідэалагічнай функцыі — на гэтым жа можна зарабляць грошы! Але зразумейце: грошы не сабе ў кішэню, а на развіццё клуба. Продажу фанацкай атрыбутыкі ўжо недастаткова. Трэба шукаць іншыя кірункі дзейнасці. Напрыклад, у Германіі многія футбольныя клубы маюць уласныя піўныя бары, дзе збіраюцца прыхільнікі той ці іншай каманды, глядзяць матчы з яе ўдзелам ці проста дзеляцца навінамі і разам бавяць час. Вось я і падумваю: чаму б нам, дапусцім, не адкрыць сваю кавярню? Нашы заўзятары ўсё роўна бываюць у падобных месцах, а так можна і прыемна бавіць час у сяброўскай атмасферы, і фінансава падтрымаць сваю каманду. У нас жа такога пакуль няма ці толькі з'яўляюцца першыя спробы. Так, у хакейнага клуба "Дынама-Шыннік" у Бабруйску ёсць уласная чайная крама. Але ж гэта кропля ў моры.

— Якое ваша самае вялікае захапленне пасля працы і футбола?

— Я — кінаманка. Часцей люблю глядзець арт-хауснае кіно, ці, як зараз прынята казаць, "кіно не для ўсіх". Для мяне гэта не даніна модзе — проста люблю фільмы, пасля прагляду якіх можна паразважаць. Многія не разумеюць такіх стужак. Напрыклад, калі я раю сваім сябрам нешта з гэтай оперы, яны мне часам кажуць: "Што ты нам падсунула?". А мне падабаецца небанальнае і стыльнае кіно. Але часцей за ўсё такія фільмы вельмі цяжкія для ўспрымання, таму, зразумела, не заўсёды ёсць настрой глядзець іх. Тады ўключаю блокбастары — я гэтую з'яву называю "папкорнавае" кіно. Прыйшоў дадому, паглядзеў такую карціну і лёг спаць без лішніх думак у галаве.

— Апошні незвычайны, але цікавы фільм, які давялося паглядзець?

— Што б такое вылучыць... Напэўна, "Фантан" Дарэна Аранофскі. Вельмі моцны фільм. Яго, напэўна, трэба неаднойчы пераглядваць, каб нарэшце зразумець аўтарскую ідэю.

— Падзяліцеся сваімі першымі свядомымі ўспамінамі пра футбол, яшчэ з "дапартызанскага" перыяду?

— Памятаю, што маі дзядуля і тата усё жыццё "хварэлі" за "Спартак". Напэўна, таму я досыць халаднавата стаўлюся да "Дынама". Чырвона-белая расфарбоўка была мне заўсёды бліжэй, чым сіне-белая. Таму калі я апынулася ў "Партызане", зразумела, што гэта лёс (усміхаецца).

Бліц:

Я баюся... неразумення.

Я ведаю, што... усё будзе добра.

Я не люблю... самахвальства, склочніцтва і скандальнасць.

Я люблю... сваіх бацькоў, сяброў і блізкіх людзей.

Жыццё — гэта пазнанне сябе і навакольнага свету.

Каханне — гэта пазнанне таго, хто побач.

Калі кветкі, то... чым прасцей, тым лепш. Рамонкі!

Калі гарбата, то... зялёная, з мятай, лімонам і цукрам.

Калі танцаваць, то... так, быццам цябе ніхто не бачыць.

Калі плакаць, то... у сабе.

Я вырашыла, што... у мяне ўсё атрымаецца

ФК "Партызан" (Мінск) быў заснаваны ў 2002 г. і да 2009 г. меў назву "МТЗ-РІПО".
Двойчы ўладальнік Кубка Беларусі (2004/2005, 2007/2008) і двойчы бронзавы прызёр чэмпіянату краіны (2005 г., 2008 г.)

У 2004-2006 гг. каманду трэніраваў вядомы беларускі трэнер Юрый Пунтус.

У канцы 2011 г. клуб застаўся без галоўнага спонсара, а ў пачатку 2012 г. адмовіўся выступаць у вышэйшым дэвізіёне з-за адсутнасці фінансавання. У гэты ж час заўзятары мінчан пачалі акцыю па зборы сродкаў для захавання футбольнага клуба.

29 сакавіка 2012 г. "Партызан" атрымаў статус таварыства з абмежаванай адказнасцю. Зараз клуб фактычна знаходзіцца на добраахвотным фінансаванні сваіх заўзятараў.

17 ліпеня 2013 г., пасля сыходу дырэктара "Партызана" Леаніда Пяткевіча, новым кіраўніком клуба была прызначана Ганна Болбас.

Каманда выступае ў другой лізе Беларусі па футболе.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.

Загаловак у газеце: Ганна Болбас, першая ў Беларусі жанчына — дырэктар футбольнага клуба: "Жанчына-дырэктар у еўрапейскім футболе — ужо даўно норма"

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.