Вы тут

"Птушкай бы паляцела на радзіму, але..."


Карэспандэнтка "Звязды" наведала месца кампактнага пражывання беларусаў у Сібіры

Пасёлак Ташара практычна нічым не адрозніваецца ад беларускіх вёсак. Адзінае, што дроў каля хат пабольш. Бо, як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, надвор'е не балуе іх цеплынёй. Зіма ў Сібіры больш суровая, чым у Беларусі. Таму рыхтуюцца да яе тамтэйшыя беларусы загадзя і рупліва...

Сібірская Ігрушка

Каля адной з дзевяці мясцовых крам я сустрэла маленькую бабульку з торбай.

— Дзе тут знайсці беларусаў? — пытаюся.

— Ды тут добрая палова вёскі беларусаў! — пачула ў адказ. — Вунь якраз дзве з іх ідуць, Трус ды Нікіфаронак.

— Вы праўда родам з Беларусі? — перапытваю ў жанчын.

— Анягож, — адразу ж ідзе на кантакт тая, што ў хусцінцы. — У Ташары шмат беларусаў. У свой час сюды пераехала амаль уся Ігрушка.

— А што за Ігрушка? У нас у Беларусі ёсць вёска з такой назвай. У Крупскім раёне. Існуе паданне, што яе заснавалі тры браты побач з грушай.

— Праўда? — цікавіцца другая кабета. — Дык вы ажно з Беларусі да нас?.. А нашай Ігрушкі даўно ўжо няма (уздыхае)...

Да нашай размовы пакрысе далучыліся іншыя ташарынцы, якія якраз у гэты час праходзілі міма. І наперабой пачалі распавядаць пра тое, як на сібірскай зямлі ўзнікла Ігрушка.

1376324715396_1

"310 гадоў таму тут непадалёк казацкі атрад пад правадырствам ліцвіна Круглікава ўзвёў Умрэвінскі астрог. У адзін цудоўны дзень побач з умацаваннем з'явіліся беларусы..."

"Хадакі так званыя, бо пешшу дабіраліся да Сібіры. Вабілі нашых прадзедаў сюды сібірскія прасторы. Бо ў Беларусі было мала зямель для вялікага ўраджаю, практычна адны балоты..."

"Казакі вырашылі праверыць новых суседзяў на трываласць: паставілі ім неймаверныя ўмовы. Маўляў, вы тут паселіцеся, калі пабудуеце за ноч дом і раніцай сустрэнеце гаспадароў гэтай зямлі гарачым хлебам. Якім жа было іх здзіўленне, калі на світанку яны адчулі пах хлеба... Выйшлі і не паверылі сваім вачам..."

— Той першы дом Аўхімовіч пабудаваў, Кацін прадзед, — паказвае хударлявы мужчына ў акулярах на Кацярыну Іванаўну Аўхімовіч. — Днём беларусы нарыхтоўвалі і апрацоўвалі драўніну, ноччу складвалі дом за домам... Неўзабаве на тым месцы вырасла ладная вёсачка. І назвалі яе Ігрушкай.

"Цэлы год адкладваю грошы, каб увесну паехаць у Беларусь"

Шмат беларусаў паўцякала ў Сібір падчас Сталыпінскай аграрнай рэформы. Не сталі выключэннем і продкі 73-гадовага Івана Міхайлавіча Сямёнава.

— Цэлымі вёскамі людзі здымаліся і разам з маленькімі дзецьмі перасяляліся ў тайгу: туды, дзе зямлі столькі, што бяры — не хачу. А цяпер нікому тая зямля не патрэбна, — уздыхае спадар Сямёнаў. — Калгасы паразганялі. Палі ў запусценні стаяць...

— Раней кароў набіралася з дзвюх вуліц каля сарака штук, — працягвае распавядаць пра набалелае Іван Міхайлавіч. — А цяпер у нас на Юбілейнай толькі чатыры гаспадары трымаюць рагуль. Людзі співаюцца. Дзіву даюся: дзе яны толькі грошы бяруць? Смехам кажу, што прыйшоў час антыалкагольнай рэвалюцыі.

Праўда, не ўсіх этнічных беларусаў Сібір прывабіла зямлёй. Прынамсі, Ніну Яфрэмаўну Нікіфаронак 43 гады таму прывяло сюды каханне.

— Пяць гадоў прайшло, як мужа пахавала... — уздыхае Ніна Яфрэмаўна. — Безумоўна, сумую па радзіме. Таму цэлы год адкладваю з пенсіі грошы, каб увесну паехаць у Чэрвень, Беразіно. Там у мяне радні шмат. Браты, сёстры стрыечныя. Яны ж усе па-беларуску гавораць. А ў мяне ніяк не супадае з імі. Адвыкла за паўвека. "Ну, кажуць, наша сястрыца абрусела там у Сібіры". Па першасці ж, калі скажу "бульба" ці "цыбуля", дык на мяне карэнныя сібіракі дзіўна глядзелі, не разумелі. ...Вярнулася сюды і зноўку пачынаю сумаваць па радзіме. Плачу... Птушкай бы паляцела туды, але... Унукі тут, праўнукі. Як разарвацца?.. Таму чакаю наступнага года. Ужо пачала збіраць грошы на білеты...

— А я ў Беларусі ні разу і не была, — уздыхае Валянціна Мікалаеўна Трус. — Усё збіралася з'ездзіць, калі яшчэ цёця Надзя была жывая, маміна стрыечная сястра. Але так і не з'ездзіла. А цяпер ужо куды я паеду... Гады такія!...

"Для мяне беларуская мова не чужая"

— А давайце мы вам пакажам тыя прасторы, што шмат гадоў таму вабілі нашых продкаў у Сібір? — прапаноўвае спадар Сямёнаў і ветліва адчыняе мне дзверы сваёй "Лады".

1376324717648_2

Праз хвілін пяць мы ўжо былі на ўскрайку Ташары, дзе раскінулася бяскрайняя Об.

— Раней рака разлівалася і залівала агароды, — кажа спадарыня Трус. — Людзі, якія жылі тут непадалёку ад берага, расказвалі, што, каб выратавацца ад вады, даводзілася залазіць на печку. Дзякуй Богу, што пабудавалі ГЭС...

— Хлопцы, як клёў? — цікавіцца ў маленькіх рыбакоў Ніна Нікіфаронак, якая, як высветлілася, у мінулым заўзятая рыбачка.

— Сібір багатая не толькі на рыбу, але і на кедравыя арэшкі, — распавядае жанчына. — Мы з дзедам, калі ён яшчэ быў жывы, ездзілі шышкарыць. У тайзе кедравых месцаў шмат.

— І для паляўнічага сібірская тайга рай, — падхоплівае Іван Сямёнаў. — Я, калі быў маладзейшым, аматар быў папаляваць. Тайгу ўсю ведаў як свае пяць пальцаў. Па сонцы арыентаваўся. Ды компас у мяне на гадзінніку быў, маленькі, як пазногаць.

— Складана, пэўна, тут у Сібіры жыць? Трэба моцная загартоўка?..

— Дровы ёсць — пражывеш, — усміхаецца Валянціна Мікалаеўна. — Ды і што ўтойваць: тут у нас у апошнія гады стала нашмат цяплей. Раней жа якія маразы былі жудасныя! Больш за 50 градусаў. Плюнеш — дык сліна замярзае.

— Раней беларусы ў Сібіры жылі талакой. Калі нехта захварэў ці застаўся без кармільца — дапамагала ўся абшчына. Дзякуючы гэтаму і выжылі. А цяпер ці дружна жывуць у Ташары этнічныя беларусы?

— Дружна. А чаму ж не? — адказваюць у адзін голас.

— Памаленьку жывём, — працягвае спадарыня Трус. — З песнямі!

— З беларускімі, спадзяюся?

— А як жа ж? — усміхаецца Алена Рыбакова. — У тым ліку і з беларускімі. У нас жа ў Ташары ёсць вакальная група "Радава". Я яе ўзначальваю. Паколькі мой бацька этнічны беларус, мама, колькі сябе памятаю, выпісвала "Работніцу і сялянку". Таму для мяне беларуская мова не чужая. Беларускія песні — у прыватнасці, песняроўскі рэпертуар — заўсёды гучалі падчас застолля, калі мы збіраліся раднёй.

"Беларус" беларусу ў падмогу

Іван Міхайлавіч, як сапраўдны джэнтльмен, развёз аднавясковак па дамах. На развітанне адна з жанчын задала пытанні, якімі, прызнаюся, вельмі расчуліла. "Дачушка, а бульбачка ў Беларусі ці ўрадзіла? Жукі каларадскія ці ёсць?"

1376324719448_3

— Мы ж хоць і ў Сібіры жывём, але бульбу любім, — падхоплівае Ніна Нікіфаронак. — І дранікі пячом. Прынамсі для мяне гэта самая добрая ежа. Разаб'ю пару яек на патэльні, палью яечню смятанай і мачу туды блінцы.

— А якія ж смачныя камы з бульбы, ды ў малацэ! — працягвае спадарыня Трус. — Мо затрымайцеся ў нас на колькі дзён. Пачастуем. Спыніцца ж ёсць дзе: я ж адна жыву, і Ніна — адна.

Калі мы пад'ехалі да хаты Івана Сямёнава, то мне адразу ж у вочы кінуўся сіні трактар з надпісам "Беларус".

— Яму ўжо 37 гадоў, — усміхаецца гаспадар. — За гэты час ні разу мяне не падвёў. Я ж усё жыццё трактарыстам прапрацаваў у калгасе. Падчас уборкі добра зарабляў. Таму і пенсія цяпер ледзь не ў два разы большая, чым у ташарынскіх пенсіянераў, — 11 тысяч рублёў. Праўда, вы не падумайце, я не шыкую. На лекі трэба грошы. Жонка нядаўна інсульт перажыла. Вось "Ладу" гэтую ў крэдыт узяў, дык выплачваю.

...Дзякуй, дачушка, што нас, старых, праведала. Менавіта ў нашу вёску завітала. Бо ў Сібіры ёсць і іншыя вёскі — Зверабойка, Каўбаса, дзе шмат беларусаў жыве. Вязі прывітанне Гомельшчыне, — вочы сціплага дзядулі ледзь прыкметна павільгатнелі. — Кажамякам, Цімашэнкам, Ялагам, Радчанкам — маёй радні там вельмі шмат...

Надзея ДРЫЛА,
фота аўтара.

Мінск—Новасібірская вобласць.

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?