Вы тут

Накладныя пазногці вынайшаў... дантыст


Кожная жанчына марыць аб тым, каб быць цалкам дасканалай, да апошняга пазногця. Каб быць прыгожай, дагледжанай, патрэбны не толькі грошы і час, але і адпаведныя веды.

Вядома, што менавіта рукі здольныя расказаць аб сваёй гаспадыні шмат — узрост, сацыяльны стан і г.д. Вядома, мала хто можа пахваліцца дасканалым, бездакорным штодзённым манікюрам. Каб вас успрымалі так, як хочацца менавіта вам, ёсць некалькі сакрэтаў. Адзін з іх — дэкаратыўнае аздабленне пазногцяў.

З гісторыі вядома, што нават у часы фараонаў у Егіпце пазногці фарбавалі хной. Па колеры можна было вызначыць становішча чалавека: калі пазногці былі ярка-чырвоныя — гэта быў фараон; жрацы фарбавалі іх у чорны колер, а ў людзей сярэдняга класа пазногці былі пастэльных адценняў.

1376062225545_1

Сучаснае жыццё вымагала новых адкрыццяў: радзімай штучных пазногцяў сталі ЗША.

Бо там Галівуд стварыў сапраўдную індустрыю прыгажосці. Ад тысяч акцёраў і актрыс патрабавалася дасканаласць ва ўсім.

Але першыя "аксесуары прыгажосці" былі вельмі дарагімі: купляліся чужыя адрэзаныя пазногці, якія потым наклейвалі. Яны трымаліся вельмі кароткі час. Таксама выкарыстоўвалі ў якасці аздаблення розныя сінтэтычныя матэрыялы. Рэвалюцыя ў справе нарошчаных пазногцяў адбылася ў 1970-я гады.

Гісторыя не захавала імя стаматолага, які першы вырашыў рэанімаваць свой зламаны пазногаць, узмацніўшы яго акрылам, які выкарыстоўваў для зубных пломбаў. Вельмі хутка гэтае ноу-хау атрымала распаўсюджванне. Але стаматалагічны акрыл быў не самым лепшым матэрыялам для пазногцяў: дарагі, небяспечны для "жывых" пазногцяў, бо "схопліваўся" з імі намёртва, і потым ледзьве аддзіраўся. Вось з тых часоў ідзе пагалоска аб тым, што акрыл і гель нарошчаных пазногцяў небяспечны. Тагачасны — так. Але хімікі працавалі, тэхналогіі развіваліся. Сучасныя матэрыялы не алергічныя, гнуткія, але трывалыя, дазваляюць рабіць самыя адмысловыя формы пазногцяў.

1376062227253_2

Ёсць яшчэ некалькі міфаў аб шкоднасці штучных нарошчаных пазногцяў. Напрыклад, такі: накладныя пазногці замінаюць рабіць хатнія справы. Але можна падабраць аптымальную даўжыню, увогуле можна зрабіць іх такімі, што ніхто нават нічога і не западозрыць. Калі "штучнасць" (не бяром у разлік экзатычную даўжыню ці адметны дэкор) кідаецца ў вочы, то гэта няякасная работа майстра, альбо яго першыя крокі, ці ўвогуле дрэнны матэрыял.

На ўсе пытанні аб шкоднасці нарошчаных пазногцяў мой адказ просты. Гэта як з фарбай для валасоў: калі яна няякасная, набытая ў сумнеўным месцы, то і вынік можа быць самы нечаканы і для колеру валасоў, і для іх агульнага стану. Так і штучныя пазногці.

Жанчыны выбіраюць нарошчванне па розных прычынах. Камусьці проста даспадобы быць дасканалай да мезенца. Калі жанчыне кожны дзень трэба выглядаць бездакорна, ёй прасцей знайсці некалькі гадзін "на прыгажосць" раз на 3-4 тыдні, чым 30 хвілін штодзённа. Бо свае пазногці патрабуюць частага манікюру, карэкцыі колеру і г.д. Штучныя выглядаюць дагледжанымі месяц. Акрамя таго, тэхналогіі дазваляюць мадэляваць ідэальны пазногаць, нягледзячы на заганы натуральнага.

Ёсць яшчэ адна катэгорыя людзей, каму штучныя пазногці вельмі неабходныя, — жанчынам, якія маюць дрэнную звычку іх грызці. Штучны пазногаць бароніць асабісты ад агрэсіўнага ўздзеяння вонкавага асяроддзя — бытавой хіміі, хлараванай вады і г.д. Мая маці, якой такое прыгожае вынаходніцтва прыйшлося даспадобы, займаецца кветкамі, мае справу з зямлёй. Якія б ні былі брудныя рукі, штучныя пазногці пасля мыцця са шчоткай выглядаюць бездакорна. Паспрабуйце адшураваць натуральныя пазногці ад чарніц ці бульбы да бляску!

Нарошчаныя ногці спрыяюць таму, што куцікула пачынае расці марудна — так адпадае неабходнасць у частых манікюрных працэдурах. Можна забыцца і на завусеніцы.

У мяне нярэдка пытаюцца: як адрозніць якасную работу майстра па пазногцях? Незалежна ад класа салона трэба на свае вочы пабачыць прыклады работы. У прафесіянала заўжды ёсць партфоліа. Зразумела, "шавец без ботаў", але абавязкова хтосьці з персаналу салона можа пахваліцца манікюрам ад майстра. На што трэба звяртаць увагу ў першую чаргу: пазногаць павінен быць эстэтычным, даволі тонкім, выглядаць натуральна. Увогуле, жанчыны, што робяць гэтую працэдуру не першы раз, здольныя ўжо самі вызначыць кваліфікацыю майстра з першага позірку.

Наташа КАРАЛЁВА.

На фотаздымках: узоры аздаблення накладных пазногцяў. Трэнд лета 2013 года.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?