Вы тут

Жывуць Малыя Камарнікі


Такой вёскі на карце Камянецкага раёна няма ўжо больш за 30 гадоў. Яна ўвайшла ў склад суседняй вёскі Коладна і стала яе вуліцай. Цяпер М. Камарнікі значацца толькі ў дакументах тутэйшых жыхароў як месца нараджэння. Тых, хто пастаянна жыве на вуліцы, засталося зусім нямнога. Большасць дамоў стаіць з забітымі вокнамі. Праўда, летам вёска ажывае: у бацькоўскія дамы прыязджаюць дзеці, унукі. Некаторыя сядзібы набываюць дачнікі.

На самым рагу вёскі, каля хаты Лідзіі і Віктара Асіпукоў ўзвёў гняздо бусел. Аднойчы гэты птах цвёрда вырашыў пасяліцца менавіта тут. Ён спрабаваў спачатку ўладкаваць сваё жытло на коміне суседняга дома, але быў выгнаны гаспадарамі. Аднойчы яго гняздо зваліла бура. І давялося людзям вывозіць поўны трактарны прычэп галін і рознага ламачча. Але няўрымслівы белы птах зноў і зноў адраджаў сваю птушыную сядзібу. І цяпер на апоры электраліній узвышаецца сапраўдная бусліная хата, у якой гэтым летам выгадавалася трое птушанят. Цяпер маладых не адразу адрозніш ад сталых: яны роўныя ростам. Толькі калі прыгледзішся, становіцца ясна: дарослыя птушкі па-ранейшаму прыносяць дзецям ежу.

1376062206168_1

— Усё як у людзей, — смяецца Лідзія Іванаўна. — Дзеці вялікія, лятаць умеюць, а бацькі кормяць. Калі ўсе ў зборы і месца ў гняздзе малавата, старыя буслы пералятаюць на суседні хлеў пасядзець, а перавага на жылплошчу — у моладзі. Цікава за імі назіраць.

На ніжніх "паверхах" буслянкі прысуседзіліся вераб'і. Іх тут жыве многа. У іх наогул не жыццё, а казка. Перахапіць ежы заўсёды можна з курыных альбо гусіных кармушак Асіпукоў.

Жытло высока, ніякі кот не дабярэцца. За ўсім гэтым птушыным кагалам любіць назіраць унук гаспадароў Лёша, які летнія канікулы часцей праводзіць у бабулі з дзедам.

Віктар Асіпук памяняў Брэст на родную вёску даўно. Калі ў 1990-я гады стала развальвацца буйная вытворчасць абласнога цэнтра (у прыватнасці, завод "Цветатрон", дзе ён працаваў), вырашыў вярнуцца ў бацькоўскі дом. Тым больш што маці засталася адна, пачала хварэць. Працаваць пайшоў у мясцовы калгас, займаўся і сваёй гаспадаркай. Жонка, адна з перадавых работніц панчошнага камбіната, ездзіла ў вёску на выхадныя, а пасля выхаду на пенсію перабралася канчаткова. Цяпер у Лідзіі Іванаўны і Віктара Мікалаевіча вялікі агарод, свой трактар, на падворку многа рознай жыўнасці. Куры, гусі, качкі жывуць ў добрым суседстве з паляўнічымі сабакамі, якіх у вальерах пяць, ды падрастае шосты шчанючок.

Паляванне — хобі гаспадара. Віктар Мікалаевіч можа гадзінамі расказваць розныя паляўнічыя гісторыі, а таксама пра асаблівасці паводзін ліса, кабана, зайца ў розную пару года. І становіцца зразумела, што паляванне — не толькі задавальненне аматара і міг удачы пры здабыванні трафея, а штодзённая карпатлівая праца. Сабак даглядаць, па-першае, каштуе грошай. А па-другое, іх неабходна пастаянна дрэсіраваць. Кожны дзень трэба ўставаць у пяць гадзін і арганізоўваць прабежку для сваіх гадаванцаў. Дрэсіроўка ж паляўнічага сабакі — таксама цэлая навука, якую ён спасцігае цягам жыцця. Лідзія Іванаўна захапленне мужа тактоўна падтрымлівае, рэгулярна купляе свіныя ногі ды іншыя субпрадукты для сабак, гатуе корм. Тым больш што бацькава хобі перадалося сынам. Старэйшы жыве ў Брэсце, малодшы — у суседнім горадзе Высокае. А зімовыя выезды на паляванне становяцца своеасаблівым святам для ўсёй сям'і. Летам маці марынуе шчаўе, соліць агуркі, робіць прыпасы ўсяго, што асабліва любяць хлопцы пасля палявання. Цяпер бабулі ў яе кухонных клопатах дапамагае 10-гадовы ўнук Аляксей. Асаблівай радасцю для яго бывае, калі дзед дазваляе пасядзець на трактары.

Праз дзве хаты ад Асіпукоў жыве Настасся Бас, якая тры дзесяцігоддзі таму пераехала сюды са Столінскага раёна. І да пераезду, і пасля працавала даяркай — больш за сорак гадоў. "На ферме спраўлялася, яшчэ і дзялкі буракоў заўсёды брала", — згадвае жанчына. Як прывыкла працаваць з цямна да цямна, так і цяпер жыве, хоць гады не тыя і здароўе не тое. Расказвае, што старэйшы сын з нявесткай заўсёды ўшчуваюць маці: "Навошта табе столькі агародаў, такая гаспадарка? Трэба і пра сябе паклапаціцца". А ў яе ўсё справы: то шклопакеты замест старых вокнаў трэба было паставіць, то печы перарабіць, зараз вось і камін у доме з'явіўся. То фарбаваць-клеіць трэба наноў, як яна кажа, усё ж грошы робяць.

1376062208637_2

Старэйшым сынам Аляксандрам Настасся Уладзіміраўна асабліва ганарыцца. Сваёй працай, настойлівасцю, здольнасцямі выбіўся ў людзі. У школе ён старанна вучыўся. З дзяцінства захапляўся вайсковай рамантыкай, але бацькі на гэта асабліва не зважалі. І калі 17-гадовы хлопец раптам заявіў, што едзе ў Чалябінск паступаць у ваеннае вучылішча, для палескіх вяскоўцаў навіна стала шокам: "Дзе той Чалябінск?" А як маці заехала да сына на прысягу, то са слязьмі стала прасіць: "Паедзем дадому!", бо знайшла яго худога, зморанага трэніроўкамі, са сцёртымі да крыві ступакамі. Толькі сын нават слухаць не хацеў: ён жа быў на шляху да сваёй мары! Ён і цяпер, палкоўнік, камандзір дывізіі, сваім дзецям нярэдка кажа: "Калі чалавек нечага вельмі захоча — усё будзе пад сілу". І ужо сын Аляксандра Іванавіча, унук Настассі Бас, не спужаўся вайсковых цяжкасцяў, зрабіў выбар будучай прафесіі.

А Настасся Уладзіміраўна жыве з малодшым сынам, трактарыстам мясцовай гаспадаркі, і яго сям'ёй. Нярэдка яна забягае да суседкі Надзеі Максімаўны Кірылюк, якая мінулы год зімавала ў дзяцей у горадзе, а вясной зноў вярнулася ў родны дом. Некалі Надзея Максімаўна была перадавой даяркай і працай сваёй праславілася на ўсю ваколіцу. Цяпер здароўе падводзіць. Але свежае паветра і родныя сцены лечаць. У яе ці не самы прыгожы, дагледжаны дом і падворак на ўсёй вуліцы: дзеці стараюцца. Гаспадыні, вядома, прыемна тут жыць і чакаць, калі ў хату завітаюць родныя.

— У выхадныя дні пакупнікоў бывае больш, — кажа прадавец мясцовай крамы Іна Яфімава. Крама — гэта адзіны грамадскі і сацыяльны аб'ект на ўсё Коладна. Спрадвеку яна была на гэтай вуліцы, у былых Малых Камарніках. Працуе гандлёвае прадпрыемства праз дзень. Але людзі задаволены, усё неабходнае прывозяць, і вяскоўцам ёсць куды зайсці, перамовіцца словам. Асабліва зімой, асабліва адзінокім. Такім, як, напрыклад, 78-гадовы хутаранін, які заехаў па хлеб. Памацаў кішэні: грошы забыўся. "То я запішу бохан хлеба, іншым разам аддасце", — гаворыць прадавец. "Не, я паеду, прывязу", — крочыць да веласіпеда дзядуля. Яму, відавочна, лепш два разы зайсці ў магазін, чым адзін.

Іна Яфімава працуе даўно, усіх ведае. Пастаянна ў яе абслугоўваюцца чалавек 60, летам — больш. Вядома, у такой краме заробак невялікі, але прывыкла ўжо да гэтых людзей. Трэба ж некаму і тут працаваць.

Святлана ЯСКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».