Вы тут

Падвойныя дываны — таксама айчынны брэнд


Раней вясельны воз мела права спыніць любая жанчына. Навошта? Каб адамкнуць куфар з пасагам і агучыць вердыкт: "Ого! Якое працавітае дзяўчо! Будзе з яе выдатная гаспадыня!" або "Хай цябе няхай! Не дзяўчына, а сапраўдны гультай!" Спыняліся вазы, адмыкаліся куфары... А надзвычайна ганарыліся толькі той нявестай, якая мела ў пасагу падвойны дыван.

Сёння пра вясельны воз гаварыць проста смешна. Людзі, вы што? Які ж воз, калі існуюць бялюткія лімузіны? Страчвае былое значэнне і пасаг: дзве гадзіны ў гандлёвым цэнтры — і ўсё цудоўна. "Зараз набудзеш што заўгодна. Абы грошы былі", — згаджаецца Вера Ігнатаўна Белакоз.

Знакамітая ткачыха падвойных дываноў жыве на Гродзеншчыне. Настаўніца, яна кіруе ткацкім гуртком пры Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі. Падвойнаму ткацтву Вера Ігнатаўна навучылася ў пачатку 1990-х: "На Гродзеншчыне была адна жанчына. Ядзвіга Аўгустаўна Райская. У Адэльску

жыла. Мы пра яе даведаліся і арганізавалі супрацоўнікаў музея ехаць павучыцца". А павучыцца ёсць чаму, бо тэхніка падвойнага ткацтва адначасова цікавая і цяжкая. Кожны дыван нібы складзены з дзвюх асобных ваўняных тканін, з'яднаных між сабой у месцах узору.

Такія дываны былі распаўсюджаны і на Блізкім Усходзе, і ў Паўднёвай Амерыцы (Перу), і ў Паўночнай Амерыцы (Мексіцы), і ў Еўропе (Італіі, Іспаніі, Даніі, Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Польшчы). Сёння ў Мексіцы і Перу ткуць выключна вузкія тканіны, каб шыць з іх сумкі, у Іспаніі двухасноўнае ткацтва выкарыстоўваюць прафесійныя мастакі, а вось у Італіі падвойныя дываны актыўна прадаюць на кірмашах. У Беларусі двухасноўнай тэхнікай ткацтва валодаюць лічаныя ткачыхі, і толькі на Гродзеншчыне. Таму і з'явілася альтарнатыўная назва — "гродзенскія дываны". Сёння ж мы смела можам гаварыць і пра "гудзевіцкую традыцыю" падвойнага ткацтва.

Вера Ігнатаўна Белакоз мае чатырох вучаніц, сярод якіх яе дачка. Марына Аляксандраўна Камінская кіруе ўзорнай студыяй "Суквецце талентаў" пры гродзенскім Палацы творчасці. Між наведвальнікаў вылучае Яўгена Маркевіча, студэнта медыцынскага ўніверсітэта. Будучы ўрач не проста руйнуе стэрэатыпы, але "хапае іх за вушка ды на сонейка". "У яго ўсё ідзе, як кажуць, польскім пярунам. Раз, два... Забяжыць на пару хвілін. І адразу ж: "Марына Аляксандраўна, што вы тут? Давайце я!" Ён не глядзіць, як мы разлічваем, каб было сіметрычна. Толькі вокам абвядзе — і адразу ж скажа, колькі нітак трэба. І што ж вы думаеце? Вельмі хутка атрымліваецца", — пераказвае супрацоўніца Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея.

Ва ўнікальнасці падвойных дываноў сумневаў няма: двухасноўнаму ткацтву афіцыйна нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці РБ. Тым не менш паўстае праблема: перспектыву ткацтва заўважаюць далёка не ў кожнай сям'і. Вось карысць усходніх танцаў для дзяцей бацькі выдатна разумеюць: дачка стане пластычнай і гнуткай маленькай грацыяй. Гэта дапаможа дзяўчынцы пасля, у дарослым жыцці. Існуе сэнс плаціць за спартыўныя секцыі: хлопчык умацуе здароўе, удасканаліць цела, характар загартуе. А ткацтва? Кіраўнікі гурткоў штогод ледзь-ледзь могуць сабраць дваццаць школьнікаў. Яшчэ ў шасцідзясятыя гэтае рамяство пачало сыходзіць на рашучае "не". Вера Ігнатаўна ўспамінае словы таты: "Навошта табе воўну сушыць? За дзесяць рублёў колькі дываноў у краме купіш!". Такога кшталту гутаркі з'яўляліся ўжо тады. Што ж разважаць пра сёння?

Сучаснасць гуляе з мастацкай каштоўнасцю ў злыя жарты. Так, каштоўнасць прызналі каштоўнасцю. Але статус застаўся проста статусам.

Падвойнае ткацтва, рэдкае і складанае, па-ранейшаму абмежавана. Час ідзе, пакідаюць свет народныя майстры, і адметнае ў іх тэхніках таксама пакідае нас. Некаторым сакрэтам майстэрства Ядзвігі Аўгустаўны Райскай, безумоўна найпершай ткачыхі, наканавана назаўжды застацца нераскрытымі. І справа зусім не ў тым, што студэнты айчынных ВНУ не прыязджаюць пераймаць народны вопыт. Не, чаму ж? Яны прыязджаюць, нават відэа здымаюць. Але галоўнае не ў гэтым.

Падвойнае ткацтва не ператвараецца ў своеасаблівы брэнд. Яно не актуалізуецца, не дэманструецца на належным узроўні, да яго не прыцягваецца неабходная колькасць увагі. А яно мае велізарную патрэбу ў вышэйпералічаным. Вось слуцкія паясы — гэта, безумоўна, наш твар, наша візітная картка, наш гонар. Гэта скарб, за які гатовы заплаціць казачныя сумы зацікаўленыя асобы з самага далёкага замежжа. Слуцкія паясы — гэта моцна. А падвойныя дываны? На выставах у Берліне і Маскве безліч вачэй здзіўлена пазірае на багатыя беларускія калекцыі.

Неабходна нагадаць, што падвойныя дываны па таўшчыні падобныя да добрай драпавай тканіны, што на іншым кантыненце яны ператвараюцца ў сумкі, што з іх робяць стыльныя зімовыя спаднічкі... Дакранаешся да сатканага і разумееш: беларускасць, вытанчанасць, дасканалая акуратнасць і нават акіянічная цеплыня.

Сэнс паглядзець на падвойнае ткацтва існуе.

Маргарыта Сідар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што рабіць з мікрапластыкам?

Што рабіць з мікрапластыкам?

Сярод яго небяспек — складанасці ў перапрацоўцы і назапашванне ў глебе і вадзе.

Грамадства

«У пяцьдзясят усё толькі пачынаецца»

«У пяцьдзясят усё толькі пачынаецца»

Паводле слоў гаспадара сядзібы у Глыбокім Дзмітрыя Якімовіча.

Грамадства

Стаўка на карысныя выкапні

Стаўка на карысныя выкапні

У нашай краіне выяўлена 12 тысяч радовішчаў карысных выкапняў.