Вы тут

У кожнага свая "Маладосць"


Пра што не сказалі самі літаратары, тое вядома з успамінаў пра іх

У маладосці кожны вызначаецца, якім шляхам пайсці ў жыцці далей, вывучае рэчаіснасць, асэнсоўвае сутнасць яе з'яў, шукае сэнс для сябе. Сэнс можна сфармуляваць самому, а можна і скарыстацца меркаваннямі іншых людзей, якія ўжо нешта зразумелі і нават падзяліліся сваімі думкамі — праз літаратурныя творы, напрыклад. Варта было ў свой час пагартаць часопіс "Маладосць" — вось дзе была пляцоўка для сустрэч з беларускімі аўтарамі, якія па-свойму бачылі свет, шукалі і адкрывалі ў ім тое, на што цікавы быў менавіта малады погляд, гэта значыць той, якога не было дагэтуль. Вось пра іх час, пра іх творчую маладосць цяпер можна таксама прачытаць — у кнізе "Скрозь "Маладосць".

— Пра што можна прачытаць у кніжцы? Пра тое, "што Янка Сіпакоў хаваў у сейфе?" А што пісаў у лісце да Валянціны Кадзетавай Генрых Далідовіч? Як "даймаў" Сцяпан Даймак? Куды знікла з рэдакцыі "Маладосці" крэсла Машэрава?

Каго можна назваць секс-сімвалам "Маладосці"? Як Уладзімір Караткевіч змагаўся за кожнае слова? Вельмі часта ўзгадваюцца нестандартныя сітуацыі з жыцця Уладзіміра Караткевіча, — тлумачыць аўтар кнігі і рэдактар часопіса "Маладосць" Святлана Дзянісава. — Усе матэрыялы для гэтай кнігі пісаліся спецыяльна. Сюды не ўвайшло ні адно інтэрв'ю, ні адзін артыкул, якія былі напісаны раней з нагоды юбілеяў часопіса. Крыніцамі ілюстрацый сталі сямейныя архівы знакамітых "маладосцеўскіх" фатографаў Аляксандра Дзятлава і Валянціна Ждановіча. Яшчэ адна крыніца — прыватны архіў Генрыха Далідовіча. Нейкія матэрыялы з Нацыянальнага гістарычнага музея. Кніга створана ў папулярнай манеры, таму і называецца "сямейная кніжка".

"Сямейная кніжка" сапраўды можа аб'яднаць сям'ю. Справа ў тым, што яна прысвечана часопісу "Маладосць", які нарадзіўся 60 гадоў таму, але дагэтуль жыве і імкнецца быць маладым: прадстаўляе аўтараў новага пакалення, а таксама новыя творы тых, хто малады не толькі па ўзросце, але і малады духам. Гэта яшчэ і кніжка-ўспамін пра розныя перыяды жыцця і сталення часопіса. У нас гэты жанр не вельмі распаўсюджаны. Але такія кнігі дадаюць фарбаў да партрэтаў вядомых пісьменнікаў, наогул могуць быць удакладненнем да гісторыі літаратуры, як заўважыў пісьменнік Алесь Бадак:

— Мне здаецца, што кніжка "Скрозь "Маладосць" вельмі шмат дадае і да гісторыі самога часопіса. Мне б хацелася, каб яна была ў першую чаргу для маладых — аўтараў, чытачоў. Каб яны ведалі, якой была маладосць у ХХ стагоддзі, на пачатку ХХІ. Як правіла, маладыя, калі прыходзяць у літаратуру, часта ўпэўнены, што ўсё пачынаецца з іх. Гэтая кніжка для маладых карысная тым, што дазволіць зірнуць на часопіс па-новаму. І, можа быць, зацікавіцца гэтым часопісам, тады, напэўна, з'явіцца больш павагі да яго, жадання друкавацца. (Таму што сёння не праблема выдаць кніжку, не праблема выйсці са сваімі творамі да іншых, пасля таго, як з'явіўся інтэрнэт.) Але тут — гісторыя. Тут — асобы. Вядома, любыя ўспаміны трохі суб'ектыўныя. Таму што кожны чалавек, кожны пісьменнік, калі піша дакументальныя творы, заўсёды прадстаўляе свой пункт погляду. Мне асабіста не хапіла прадстаўніцтва 1950-1960 гадоў, трохі не хапіла эпохі Быкава, эпохі Караткевіча ў часопісе "Маладосць", якія друкавалі на яго старонках свае першыя творы. Гэта якраз тое, што застанецца ў нашай літаратуры яшчэ на доўгія часы. Мне трохі не хапіла Міколы Аўрамчыка. Мала ўжо людзей, якія ўспомняць 50-я гады мінулага стагоддзя, як пачыналася "Маладосць". Перавага ў кнізе аддадзена канцу ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя.

Успамінамі пра эпоху Караткевіча і Быкава ў "Маладосці" гатова была падзяліцца паэтка Раіса Баравікова, якая ў свой час была рэдактарам часопіса. На прэзентацыі кнігі яна адзначыла:

— Часопіс заўжды быў у авангардзе літаратурнага працэсу, лічыўся самым папулярным, дзёрзкім, смелым. Толькі ў "Маладосці" Быкаў друкаваў свае раннія апавяданні і аповесці. Гэта быў яго любімы часопіс, у які ён усё аддаваў. Тое ж самае — Караткевіч. Практычна ўсё, напісанае Караткевічам, друкавалася ў "Маладосці".
З Маладосці пачынала ўсё маё пакаленне: Яўгенія Янішчыц, Валянціна Коўтун, Галіна Каржанеўская, Алесь Разанаў. Калі я прыехала ў Мінск у 1970-я гады, гэта быў час застою. Хоць у літаратуры ніякага застою не было. Наадварот, было шмат яркіх твораў, імёнаў, беларуская літаратура вельмі цанілася ў былым СССР. Усё, што звязана з "Маладосцю", вельмі дарагое і незабыўнае.

Каб успаміны не губляліся, не сыходзілі разам з іх уладальнікамі, патрэбны кнігі мемуараў пра літаратараў і літаратурнае жыццё: гэта дае адчуванне працэсу, які існуе і не прыпыняецца незалежна ад таго, якія часы перажывае краіна. Таму ў выдавецкім доме "Звязда" з'явілася асобная серыя кніг мемуараў, якая прадстаўляе слынных літаратараў: напрыклад: "Іван Шамякін: вядомы і невядомы". А таксама — Быкаў, Караткевіч і іншыя класікі. У 2013 годзе адноўлена таксама серыя "Бібліятэка "Маладосці" (раней у 1980-я, 1990-я гады выходзілі тоненькія маленькія кніжачкі асобных аўтараў). Ужо рыхтуюцца некалькі кніг у гэтай серыі, прычым розных жанраў: аповесці, гістарычныя дэтэктывы, зборнікі маладой паэзіі.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Балерына Юлiя Дзятко: Дзецi кар'еры не перашкода, калi i работа любiмая, i дзецi жаданыя

Балерына Юлiя Дзятко: Дзецi кар'еры не перашкода, калi i работа любiмая, i дзецi жаданыя

Яны пазнаёмiлiся ў 10-гадовым узросце ў харэаграфiчным вучылiшчы i з таго часу не расстаюцца.

Грамадства

Не атрымалася паехаць на мора? Займiцеся складаннем радаводу!

Не атрымалася паехаць на мора? Займiцеся складаннем радаводу!

Колькасць людзей, якiя спрабуюць адшукаць свае каранi, з кожным годам павялiчваецца. 

Грамадства

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

​Дастаткова часта дзецi трапляюць у крытычныя сiтуацыi праз сваю цiкаўнасць i павышаную актыўнасць.