Вы тут

"...Не падзеляць бабы мужа А тым больш — веласіпед!"


Што было — было. Праўда, досыць даўно, бо зараз дзяўчат не сватаюць. А вось тады...

Значыць, сабраліся тыя сваты, прыехалі, зайшлі да дзеўкі ў хату, як і належыць, адразу ж заявілі, што ў вас, маўляў, тавар, а ў нас купец... Ды яшчэ і які — не курыць, не п'е, да дзевак не бегае... "Сваточкі, — злазячы з печы, насцярожылася бабуля нявесты, — а ён у вас часам не дурань?"

Аднак гэта — не адзіная выснова, якую можна было зрабіць. "Ойча, мне здаецца, я правільна жыву? — спытаў адзін вернік на споведзі. — Не п'ю, не куру, не гуляю, ды што там — на жанок нават не гляджу. У дзесяць вечара кладуся спаць, кожную нядзелю хаджу на месу..." Перапыніў яго бацюшка. Цяжка ўздыхнуўшы, сказаў: "Баюся, сын мой, што гэта — у цябе ненадоўга, што як толькі ты выйдзеш з турмы, усё зменіцца".

1375700541772_1

Здымак (верхні), кажаце, не пра такога мужчыну? Ды як паглядзець... Тым больш што "гледачоў" у нас — не злічыць... І кожны бачыць сваё. А потым, здараецца, піша. Вось такія радкі — спадар Анатоль Гарачоў з вёскі Даўнары Іўеўскага раёна:

Не расказваў Янка маме
І ад таты утаіў:
Станіславу нейк на раме
За ваколіцу вазіў.
І, наехаўшы на ямку,
Маху даў не слаба ён:
Стаў мужчынскі
ровар "дамкай",
Ну а дзеўка — бабаю.

Трэба разумець, жонкай?..
І зараз, праз гады, седзячы на раме, яна (на думку спадара Сцяпана Нефідовіча з вёскі Любань Лунінецкага раёна) на ўвесь свет выхваляецца:

Расшукала сабе мужа я,
Што няма дабрэй на свеце!
На руках насіць не здужае —
Дык вязе на "лісапедзе"!

Што ж — яно і сапраўды здараецца — шанцуе асобным:

Не едзе жанчына —
Ў нябёсах лунае:
Багаты мужчына
Старым не бывае!

Сцвярджае гэта спадарыня Ала Тарасік з Мінска. Яна ж неяк нясмела дадае: "Каханы, кажуць, таксама?"

Шкада вось — знайсці іх складана! Але ж, як высвятляецца, можна. Спадар Юрый Вінаградаў з Бабруйска ад імя мужчыны са здымка (кіньце вочкам) піша:

Я каханую сваю,
Хоць на ровары катаю.
Бо на "хондзе" — не магу:
Не так многа зарабляю.

Іншая кабета, магчыма, мела б да мужа прэтэнзіі , "пілавала" яго, гэта — ні ў якім разе, бо разумная. Адкуль вядома? Ды той жа спадар Вінаградаў дыялог запісаў, а значыць, даў магчымасць паслухаць, што, прабачце, нейкі дурань кажа кабеце і што яна адказвае яму:

— Гэй, на раме, до свяціцца,
До сабою ганарыцца:
Просты ж "велік" —
не машына...
— Ты глядзі, які мужчына!

Менавіта на яго, што цалкам лагічна, скіраваны позірк і спадарыні Любові Чыгрынавай з вёскі Забалацце Вілейскага раёна:

О, Валодзька? Зух дык зух:
Ён ля баб "не ловіць мух".
Як пачне шаптаць
"пра гэта",
Млее кожная кабета.
А калі ж ад слоў
да справы —
То... заняты, то... кульгавы...
І, што крыўдна, не лечыцца.

Чаму? Ды, кажуць, спачатку хацеў: неяк прычыкіляў да доктара, паказаў нагу, папрасіў: "Можа, вы мне вывіх управіце?" Той адразу ж: "Я вам скажу, колькі гэта будзе каштаваць... А вы ўжо потым глядзіце, упраўляць тую нагу ці так пакінуць".

Вось ён і выбраў — вырашыў, што сцерпіцца, потым. Але ж спачатку і сапраўды — не да любошчаў. Да таго ж і пра наступствы грэх не думаць, як лічыць спадарыня Чыгрынава:

Не шапчы, мужык,
"пра гэта" —
Разахвоціцца кабета...
А прачуюць жонка, мамка,
Будзе дома прачуханка.

Ды каб толькі яна, дома, а то ж і "на баку" без гэтага ну ніяк (на думку спадара Гарачова з Іўеўшчыны):

Мець каханку — то задужа,
Бо не выйдзе ўсё як след:
Не падзеляць бабы мужа
А тым больш — веласіпед!..

(Што ўжо казаць пра бізнес, кватэру, машыну, дачу...). І сапраўды — якая-ніякая, але ж тэхніка, яна адны рукі любіць. І таму:

Як той певень ля жанок
Янка выступае,
У нядзельку па чарзе
Кожную катае.

Піша так спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў. Ён жа, паўглядаўшыся ў здымак, задаўся пытаннем: а чаму той Янка адзін, дзе ж іншыя? А потым сам і адказаў:

Па статыстыцы, мужчыны
Менш на дзесяць год
жывуць.
Кажаце, што ёсць прычыны?
Ёсць.
Галоўная — жанчыны
Мужыкоў не берагуць.

А потым (крый Божа, страціўшы...) заліваюцца слязамі, плачуць... Адна вось такая — дык нават з прыгаворам: калі ён памёр, дык і я, маўляў, жыць не хачу — пайду за ім! Людзі спынілі, сказалі: "Бабачка, пабойся Бога! Дай ты яму спакою — ну хоць бы ў труне!"...

А ўсё чаму? Сужэнцы Астроўскія з Мінска лічаць так:

Як нідзе і як ніколі
Нашы жонкі маюць волі:
Пагалоўна мужыкі
Нібы тыя прымакі.

З усімі адсюль наступствамі... Пра якія піша спадар Сцяпан Нефідовіч з Лунінеччыны:

У народзе кажуць часам:
Раз прымак,
то пад абцасам —
Ён у будні і ў святы
Усё заняты і заняты...
Вось і тут: вязі Адарку,
Што за шчасце —
не на карку.

А сесці на яго (як лічыць спадар Гарачоў) яна магла б:

Колы круцяцца паволі
Рамы гнуцца, мабыць:
Не давайце бабам волі,
Бо й на шыю сядуць!

...Але ж гэта далёка не ўсё, што ўбачылі нашы чытачы: хто за што вокам зачапіўся. Вось спадар Вінаградаў:

Вязе дзядзька маладзіцу
У прыгожае спадніцы.
Папрасіў яе рукі:
Не, не дурні мужыкі!

Вось Марыя Грышчанка з Дзяржынска:

У інтэлігенцыі
Новыя тэндэнцыі:
Сваю мілую красу.
Сам да ЗАГСа давязу.

Вось спадар Кісель з Мінска:

Зімою калядку
Цягнуць на дуба,
А тут на прысвятку —
Суседку — да шлюбу.
Не жарт: пераспела
Кабета ў замужжа,
Аднак жа "на вела"
Трымаецца мужна!

(Як, дарэчы, і жаніх... Бо — на думку таго ж спадара — ну што яму яшчэ застаецца, калі...

Падабраў сабе сяброўку —
На багатых мода.
І цягнуць цяпер нялоўка,
Але й скінуць шкода).

Спадарыня ж Ларыса Салей са Скідзеля лічыць, што жанчына на веласіпедзе не адна:

Запаволіў Янка рух:
Яму цяжка везці дзвюх
У ягоныя гады...
От, каб быў ён малады!..

Не толькі ў тым, на жаль, падставы для шкадавання: "Абязлюдзела шмат нашых вёсак, асабліва малых. Для мяне гэта вельмі балючае пытанне, бо якраз у такой я вырас, — піша спадар Гаўрыш з Чавусаў. — Сярэдняй школы ў нас не было — толькі пачатковая, чатыры класы... Па дзесяць дзяцей, і тое ўжо сорак! А былі ж яшчэ і старэйшыя! І тыя, што пехам пад стол хадзілі..."

Адтуль, відаць, настальгічнае:

Усё было! Калісь было:
Дзетак — рой пчаліны...
Ды з гадамі ўсё сплыло —
Толькі ўспаміны.

Але ж гэта, скажам так, лірычнае адступленне. Хоць, магчыма, і ў тэму, працяг якой у радках спадара Мікалая Старых з Гомеля:

Мала ў вёсачцы людзей,
Да іх транспарт не ідзе...
Выручае дзядзька Грыша:
Ён працуе веларыкшам.

Вас цікавіць, ці выгадны гэта бізнес? Спадар Нефідовіч мяркуе, што так:

Аніколі не гультуе
У вёсцы дзядзька Федзя:
Ён рамізнікам працуе —
На веласіпедзе,
Па чарзе жанок катае —
Хоць за горы... Толькі сядзь.
А што з гэтага ён мае —
Самі здагадайцеся.

Бо хто ж гэта скажа па цяперашнім часе: камерцыйная тайна. Ды, можа, і нічога не мае — апроч задавальнення. А то і... акладу:

Ну не йдзе люд у клуб —
Ні ў будні, ні ў свята!
А трэба ж музыку
Апраўдваць зарплату?
Таму і збірае
Жанчынак па хатах:
Танцорачкі ёсць,
Ды пяюх — малавата.

Таму ім, пяюхам, як лічыць спадарыня Чыгрынава, і гонару больш: іх на веласіпедзе вязуць. А танцорачкі пехам чэшуць...

Куды?

Белы свет ускалыхнулі
Бабкі, што з Буранава.
Вось і гэтым заманулась:
Прагрымець бы нанава!

І могуць жа! Прынамсі — на думку спадарыні Раісы Васільевай з Гомеля:

Людцы добрыя, глядзіце
На святочны карагод,
Што праводзіць маладзіцу...
Ў Байканур і у палёт!
Там, у космасе — прастора,
Шмат ракетаў прагуло.
Але ў гэтакім уборы
Шчэ паненак не было.

Усё наперадзе, значыць, у нашых паненак! Галоўнае — верыць і "ласты не склейваць". А то знайшоўся адзін (спадар Н)... На здымак паглядзеў і выдаў:

Калі ногі не нясуць,
Дык сядзіце ў хаце:
Маладзейшых падвязуць,
А старых — наўрад ці.

І дзе ён іх толькі ўбачыў?.. Калі жанчыны самі вырашаюць, колькі ім гадоў, калі ў іх толькі тры ўзросты: дзяўчынка, дзяўчына, маладая жанчына, маладая жанчына, маладая жанчына... Такой і памрэ... Што крыўдна.

А што на радасць (і якую ж вялікую!), дык гэта, калі ў такой вось маладой (як на раме сядзіць), бацькі жывыя-здаровыя, калі з імі — заўсёды і пра ўсё — можна пагаварыць, параіцца... Каб потым (услед за спадаром Гарачовым) прызнацца:

Татулька не даў сваёй згоды,
Ды радасць
было маёй маме:
Для Мінскага велазавода
Я зноўку знялася ў рэкламе!

І не адна, між іншым, з чалавекам... Які ўсім сваім відам (паводле спадарыні Чыгрынавай) зараз гаворыць:

На халеру мне "ландровер",
Калі маю мінскі ровар?
І зусім не мулка даме
На жалезнай тонкай раме.

Чаму не мулка? Адказаў можа быць шмат. Тут толькі адзін — ад спадара Кісяля:

Ножка на педалі,
Рукі — на рулі —
Гулі на Купалле...
Дзеўкі й "загулі".

А маглі яшчэ, як лічыць спадарыня Кусянкова з вёскі Лучын, што на Рагачоўшчыне, загуляць, загудзець на дажынках:

Сёння свята ў нашых хатах:
Ураджай знялі багаты
І ўся вёска так гуляла,
Што пітва забракавала.
Села крамшчыца на раму:
— Старшыня, вязі ў краму!

І вязе, як бачыце! Бо трэба ж слухаць людзей, калі хочаш, каб яны цябе слухалі. Ды і радасць жа, калі добры ўраджай, калі нарэшце свята...

То хай яно будзе і на вашых вуліцах!

Анекдот — у тэму, як той казаў. Адна кабетка дужа ж свята чакала. І такі дачакалася. Называецца яно Дзень пажылых людзей.

Не смейцеся, гэта — добрае свята, бо для тых, што ўжо пажылі... Магчыма нават — "на кані і з песнямі". "Сустрэча з кожным новым здымкам (гэта мы вяртаемся да старога. — Аўт.) для мяне — вялікая радасць, — піша спадарыня Васільева з Гомеля. — Яшчэ большая — ад прачытання подпісаў, якія прыдумалі іншыя чытачы, а ўжо нарэшце сапраўдная асалода ад творчасці, ад працы над сваімі радкамі.

У мінулы раз (на здымку, нагадаем, чалавек з гітарай ляжаў на спіне ў каня. — Аўт.) вельмі спадабаліся подпісы спадароў Валерыя Гаўрыша пра тое, як жа можна — "косю мець і застацца босым", Міколы Кісяля і Сцяпана Нефідовіча пра небарак, якія даіграліся і дапіліся, спадарынь Святланы Іванец, Таццяны Баркоўскай...".

Іншыя нашы чытачы, удзельнікі конкурсу, назвалі іншых пераможцаў. Ад чаго маленькае рэдакцыйнае журы трохі разгубілася (у лепшых ці не ўсе!), потым паспрачалася (кшталту: так, у Гарачова класныя радкі, але ў пераможцах ён быў і сужэнцы Астроўскія — нядаўна былі, і Валерый Гаўрыш, і Сцяпан Нефідовіч... Хто пакуль не быў (пры амаль роўнай колькасці балаў), дык гэта спадарыня Таццяна Баркоўская з вёскі Жажэлка Смалявіцкага раёна.

А таму менавіта ёй прысуджана першае месца і прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам газету. Хочаце, каб "Звязда" цэлы квартал бясплатна прыходзіла да вас? Тады ўважліва паглядзіце на чарговы конкурсны здымак і прыдумайце подпіс — дасціпны, кароткі (не больш за восем радкоў), на беларускай мове... А раптам — пашанцуе: возьмеце ды і пераможаце? Або проста атрымаеце задавальненне ад самога "працэсу", ад удзелу ў конкурсе, бо для здароўя, як пішуць чытачы, гэта вельмі карысна!

1375700542434_2

Валянціна Доўнар

Р.S. Вызначыла свайго пераможцу і рэдакцыя часопіса "Вожык". Прыз у выглядзе падпіскі на вераснёўскі нумар застаецца ў Мінску — у спадара Міколы Кісяля.

Р.Р.S. Шчырыя прабачэнні ўсім, чые радкі на гэты раз не прайшлі строгага конкурснага адбору. Пішыце новыя!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.