Вы тут

Агенцтвам нерухомасці забароняць прадаваць "катоў у мяшку"


Сёлета юрыстамі быў падрыхтаваны праект пастановы Савета Міністраў Беларусі аб адмене інфармацыйных паслуг, што аказваюцца рыэлтарскімі арганізацыямі, паведаміла начальнік упраўлення адвакатуры і ліцэнзавання юрыдычнай дзейнасці Міністэрства юстыцыі Галіна Грышкавец. Гэты дакумент можа быць прыняты ўжо да канца 2013 года.

Нагадаю, што ў Мінюсце ўжо другі год дзейнічае працоўная група па ўдасканаленні той часткі заканадаўства, якая рэгулюе рыэлтарскую дзейнасць. Цяпер на стадыі ўзгаднення знаходзіцца праект пастановы Савета Міністраў, які прадугледжвае выключэнне інфармацыйных паслуг агенцтваў у "чыстым выглядзе". У ім будзе замацаваны абавязак рыэлтарскай арганізацыі аказваць паслугі па арэндзе жылля толькі пры ўмове аплаты па факце засялення. Праект, верагодна, будзе падпісаны да канца бягучага года, удакладняе Галіна Грышкавец.

Акрамя скасавання інфармацыйнай паслугі аб нерухомасці, мяркуюцца тарыфныя змены па рыэлтарскіх паслугах, але толькі для юрыдычных асоб.

Паводле інфармацыі Галіны Грышкавец, унясенне змяненняў у заканадаўства абумоўлена частымі скаргамі на нездавальняючую якасць інфармацыйных паслуг у агенцтвах нерухомасці, якія тычацца падбору варыянтаў да заключэння дагавораў арэнды жылля.

Прадстаўнік Мінюста падкрэсліла, што выключэнне інфармпаслуг — гэта не толькі рэкамендацыя міністэрства, але і рады рыэлтараў пры Мінюсце. Кіраўнікі вядучых рыэлтарскіх арганізацый лічаць неабходным унясенне змяненняў у заканадаўства з мэтай замацавання абавязку рыэлтарскай арганізацыі аказваць паслугі па арэндзе жылля толькі пры ўмове аплаты па факце засялення.

Галіна Грышкавец лічыць унясенне аплаты па факце засялення справядлівай формай узаемаадносін кліента і агенцтва нерухомасці. Зараз на рынку арэнды прыватнага жылля існуе два віды паслуг, што аказваюцца агентамі па арэндзе нерухомасці. Першая з іх вядомая як інфармацыйная, калі кліенту прапануюцца нейкія звесткі (звычайна гэта тэлефон гаспадара і вуліца мікрараёна) аб здымных кватэрах. Другая паслуга ўяўляе сабой падбор варыянтаў здзелкі, дзе спецыяліст агенцтва "апякуе" кліента да таго часу, пакуль ён не атрымае ключы ад кватэры. Больш распаўсюджаная назва гэтай паслугі — "па факце засялення".

Праблема прадастаўлення не зусім якасных паслуг па арэндзе жылля асобнымі агенцтвамі нерухомасці зараз і сапраўды існуе, адзначыў рэдакцыі старшыня рады Беларускай асацыяцыі "Нерухомасць", дырэктар агенцтва нерухомасці "БелЦТН" Мікалай Прасталупаў.

Паводле яго звестак, у Мінску такіх агенцтваў, што прапануюць кліентам толькі інфармацыю аб здымным жыллі, не больш за 10. Галоўным чынам падобныя структуры і займаюцца толькі арэндай кватэр. Тыя сур'ёзныя агенцтвы, якія займаюцца купляй і продажам, даволі трапятліва ставяцца да свайго іміджу, таму прапануюць кліентам паслугу па арэндзе жылля толькі ў варыянце "па факце засялення". "Адразу заўважу, што ў Беларускай асацыяцыі "Нерухомасць" такіх, накіраваных выключна на арэнду кватэр, агенцтваў нерухомасці няма. Таму наша грамадская арганізацыя амаль не можа паўплываць на дзейнасць падобных прадпрымальніцкіх структур. Кантраляваць дзейнасць усіх агенцтваў нерухомасці Беларусі было б магчыма ў тым выпадку, калі б наша арганізацыя атрымала статус самарэгулюючай", — патлумачыў сітуацыю Мікалай Прасталупаў.

Нагадаю, што летась у жніўні Мінюст ужо пазбаўляў ліцэнзій за падобныя парушэнні адразу тры "арэндныя" сталічныя агенцтвы.

Мікалай Прасталупаў упэўнены, што навядзенне парадку ў сферы арэнды не зменіць памеры цэннікаў здымных кватэр у сталіцы, якія зараз і так застаюцца на даволі высокім узроўні.

Сяргей Куркач.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.