Вы тут

Калі платнае — значыць, лепшае


З 1 жніўня для беларускіх аўтамабільных дарог пачалося новае жыццё. 815 кіламетраў з іх сталі платнымі для праезду. Чаму ўведзена такая не зусім звычайная для Беларусі мера? І як яна паўплывае на развіццё краіны?

Першы момант, які варта адзначыць у сувязі з новаўвядзеннем, — гэта тое, што неабходнасць і своечасовасць вышэйзгаданай меры не стаў аспрэчваць ні адзін з вядомых аўтару шматлікіх экспертаў і крыніц інфармацыі. І праўда, платныя дарогі — гэта з'ява добра вядомая жыхарам ці ледзь не ўсіх высокаразвітых краін свету. ЗША, Аўстралія, дзяржавы Еўрапейскага саюза — усе знаёмыя з працэдурай аплаты за праезд. Прычым той парадак, які ўведзены ў Беларусі, па традыцыі, з'яўляецца ў вышэйшай ступені сацыяльна арыентаваным, бо за праезд не прыйдзецца плаціць кіроўцам легкавых аўтамабіляў, зарэгістраваных у Беларусі, а таксама ў Казахстане і Расіі

. У той жа час платныя дарогі на Захадзе — гэта, як правіла, для ўсіх.

Другі момант, які хацелася б падкрэсліць: выдатна, што мы ідзём па шляху спагнання платы за праезд, ні ў якім разе не ўвязваючы гэта з прыватызацыяй саміх дарожных шляхоў. Пра тое, да чаго вядзе прыватызацыя інфраструктуры агульнага карыстання, мне нядаўна распавяла добрая знаёмая, пастаянны аўтар аднаго з амерыканскіх часопісаў палітычнай і эканамічнай тэматыкі.

Ёй часта даводзіцца карыстацца дарогай з Лісбурга (Заходняя Вірджынія) у аэрапорт Даласа. Гэта першая прыватная дарога ў ЗША і праезд па ёй каштуе 5 долараў. Працягласць паездкі — 13 міль (20,8 кіламетра). А гэта 24 цэнты за кіламетр для легкавога аўтамабіля, што ў 5-6 разоў даражэй, чым у Беларусі нават для іншаземцаў.

І гэта далёка не самы высокі кошт. У Аўстраліі прыватная інфраструктурная кампанія Mасquаrіе (раней — Hіll Sаmuеl Аustrаlіа, Ltd.) валодае некалькімі буйнымі дарогамі ўнутры і вакол самага вялікага горада краіны — Сіднэя. У выніку кошт праезду па дарогах гэтай кампаніі нават у межах горада можа складаць 8-10 долараў ЗША ў эквіваленце.

Скажам шчыра: такое "прыватна-дзяржаўнае партнёрства" нам не трэба!

Важным аспектам стварэння ў Беларусі платных дарог з'яўляецца выкарыстанне перадавых тэхналогій для ажыццяўлення працэдуры непасрэднага спагнання платы. Для гэтага выкарыстоўваюцца спецыяльныя прылады на транспартных сродках і рамкі, абсталяваныя адмысловымі датчыкамі, на дарогах. Пасля таго, як прылада атрымана і ваш рахунак папоўнены, спісанне сродкаў ажыццяўляецца аўтаматычна падчас праезду праз рамкі. Для гэтага не трэба нават тармазіць. Пункты выдачы прылад размешчаны так, каб кіроўца, якому трэба будзе праезд праз платны ўчастак дарогі, не меў цяжкасцяў з правядзеннем неабходных працэдур.

Паведамленні сродкаў масавай інфармацыі ад 1 жніўня паказваюць, што накладак пры ўвядзенні сістэмы пазбегнуць ўсё ж такі не ўдалося. Аднак хто вінаваты ў гэтых накладках — асобнае вялікае пытанне. Паведамляецца пра чэргі на беларуска-польскай і беларуска-літоўскай мяжы. Але прычына традыцыйная і нават банальная: кіроўцы грузавікоў не сталі заключаць дамовы і набываць прылады на свае аўтамабілі загадзя, на працягу папярэдніх 2 месяцаў.
У выніку ўсе кінуліся рабіць гэта ў першы дзень працы новай сістэмы. Думаецца, з'ява гэта часовая і ўжо зусім хутка праца транспартнай сістэмы краіны ўвойдзе ў звычайнае рэчышча.

Які эканамічны эфект ад новаўвядзення?

Штогод праз Беларусь правозіцца каля 186 мільярдаў тон грузаў аўтамабільным транспартам. У сярэднім гэта каля 9,3 мільёна фур. Нават калі палова з іх праедзе 300 кіламетраў па платных дарогах, заплаціўшы па 0,1 еўра за кіламетр, атрымаецца амаль 140 мільёнаў еўра даходу ў год. І гэта — па самых сціплых падліках, без уліку замежных грамадзян на легкавых аўтамабілях. Нядрэнная капіталізацыя транзітнага патэнцыялу! Асабліва калі ўлічваць, што беларусы пры гэтым працягваюць карыстацца дарогамі бясплатна, атрымліваючы дадатковыя — міжнародныя — гарантыі якасці і бяспекі сваіх дарог.

Юрый Царык,

палітычны аналітык,
кіраўнік Беларускай
групы развіцця.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».